04 Мая, 2024 Суббота

Чытайце, каб жыццё дарэмна не пражыць!

  • 06 марта 2017 Культура Беларуская 0

    У чацвёрты раз у маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча вызначылі лепшага чытача мінулага года і назвалі пераможцаў у 11 намінацыях.

    За кубкам гарбаты з добрымі песнямі ўшаноўвалі аматараў літаратуры ў бібліятэцы сямейнага чытання «Верасок». Падарункі ўручалі дырэктар ЦРБ Марыя Ляцяга, загадчыца сектара культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Тамара Дудзіч. Вядучым Марыі Кароль і Наталлі Кісель дапамагаў трэцякласнік СШ №8 Арцём Макавец. Аўтар сцэнарыя Раіса Давідовіч аздобіла праграму канцэртнымі нумарамі, запрасіла салістак тэатра песні «Мерыдыян» Палаца культуры Юлію Маеўскую і Алену Байко. Прадпрыемствы, індывідуальны прадпрымальнік Алег Лях дапамаглі набыць прысмакі для салодкага стала. І ўсё ж самым цікавым на ўрачыстасці было знаёмства з намінантамі – людзьмі неардынарнымі, усебакова падкаванымі – сапраўднай знаходкай не толькі для бібліятэкараў, але і для журналістаў.

    Пасля сотні не змагла спыніцца

    Сённяшнюю моладзь больш прыцягваюць камп’ютары, смартфоны, планшэты. Але толькі не навучэнку політэхнічнага каледжа Аляксандру Абрамовіч, якая стала пераможцай сярод маладых чытачоў у намінацыі «З кнігай па жыцці».  

    — У школе я не вельмі любіла чытаць, — прызнаецца Аляксандра. – Але некалькі гадоў таму паглядзела фільм «Великий уравнитель», і мне запалі ў душу словы галоўнага героя аб тым, што кожны чалавек павінен прачытаць сто кніг, інакш жыццё яго будзе дарэмным. Гэта стала штуршком: я пачала чытаць, весці падлік. А пасля першай сотні не змагла спыніцца – вельмі палюбіла гэты занятак.

    Восем сутак гаўптвахты

    Павел Каралёў запісаўся ў бібліятэку ў далёкім 1960 годзе. Яго ўшаноўвалі ў намінацыі «За любоў да кнігі, адданасць бібліятэцы, шматгадовы чытацкі стаж».  

    — Бібліятэка для мяне – гэта веды, самаадукацыя, — гаворыць Павел Усцінавіч, які летам адзначыць сваё 80-годдзе і знаходзіцца ў выдатнай фізічнай форме (вось ужо 39 гадоў ён штодня прабягае па 6 кіламетраў). – Вельмі люблю гістарычную літаратуру. Работа мая была звязана з частымі камандзіроўкамі, у якія заўсёды браў кнігі. А ў арміі мяне за чытанне пасадзілі на восем сутак на гаўптвахту. Я служыў у ракетных войсках, нёс баявое дзяжурства і не ўтрымаўся, дастаў кнігу і пачаў чытаць. Сядзеў плячамі да дзвярэй і не заўважыў, як зайшоў генерал. Ён, дарэчы, быў сынам легендарнага Васілія Чапаева. Аднак пакаранне ад кніг мяне не адвярнула. Колькі буду жыць, столькі буду чытаць! У мяне дома 30 тамоў «Савецкай энцыклапедыі», і яны заўсёды разгорнутыя.

    Не адмаўляйцеся ад дэсерту!

    У нашай бібліятэцы налічваецца 179 экзэмпляраў перыёдыкі, за мінулы год выдалі 6200 газет і часопісаў. А самым актыўным чытачом стала Вольга Кірэева – пераможца ў намінацыі «Міс прэса на ўсе інтарэсы».

    — Арцёмка, што ты больш любіш: суп ці пірожнае? — з нечаканым пытаннем звярнулася Вольга Міхайлаўна да юнага вядучага свята.

    — Канешне пірожнае! – адказаў хлопчык.

    — Вось і для мяне часопісы – своеасаблівае пірожнае, дэсерт, хаця асноўную «страву» — кнігі – я таксама вельмі люблю. У перыёдыцы  знаходжу для сябе шмат карыснай інфармацыі. Чытаю, напрыклад, пра любімага артыста, а ён называе кнігі, якія яго зацікавілі, і я з імі знаёмлюся. Мая парада ўсім: не адмаўляйцеся ад дэсерту, тым больш ён нікому не сапсуе фігуру…

    Аматар беларускай літаратуры

    Увесь мінулы год у бібліятэцы праходзіў конкурс «Адкрый для сябе беларускую кнігу». Трэцяе месца ў ім заняла Таццяна Семашкевіч, другое – Марына Скрыпко, а перамагла ў намінацыі «Аматар беларускай літаратуры» Тарэса Шукіна, якая летась прачытала 90 кніг. Тарэса Станіславаўна расказала, што далучылася да беларускай мовы яшчэ ў часы работы, хаця прафесія яе далёкая ад лінгвістыкі – яна аграном. У яе асяроддзі ніхто не размаўляў па-беларуску, калегі не разумелі яе захаплення. «Было вельмі прыкра, што мае дзеці не чуюць роднай мовы. Трэба было тэрмінова выпраўляць становішча. Хто, як не я, будзе для іх прыкладам?». З таго часу жанчына не расстаецца з беларускімі кнігамі. Яна расказвала пра творы, якія ёй спадабаліся, называла не толькі класікаў, але і сучасных аўтараў. Прыемна было пачуць сярод іх і прозвішчы нашых землякоў Міхася Казлоўскага, Людкі Сільновай,  Ірыны Шатыронак, Настассі Нарэйка і іншых.

    Сава – у Дзмітрыя Ермаковіча

    «Самы тоўсты фармуляр» быў у мінулым годзе ў Тамары Бардэнка, якая прачытала 160 кніг, звыш 100 падарыла бібліятэцы. Найбольш прачытаў дэтэктываў Валерый Абановіч, фантастыкі – Уладзімір Маркаў. «Лэдзі жаночага рамана» названа Алена Васілеўская, Алена Бахмуцкая найбольш падарыла бібліятэцы кніг. Самай чытаючай сям’ёй сталі муж і жонка Галіна і Леанід Рак, а самым чытаючым прадпрыемствам – Мінскі мэблевы цэнтр.

    Галоўная інтрыга свята – узнагароджанне «Чытача-2016». Усе мінулыя гады гэтага тытула ўдастойваліся жанчыны. Нарэшце ён перайшоў да прадстаўніка моцнай паловы чалавецтва. Ім стаў слесар-рамонтнік ААТ «Фартуна Фэшын» Дзмітрый Ермаковіч, які за мінулы год прачытаў 160 кніг. Дзмітрый расказваў, што ў яго сям’і ўсе захапляюцца літаратурай. Яго найбольш цікавяць гістарычныя творы, ваенныя мемуары, літаратура на спартыўную тэматыку. Прыахвоціўся да кніг яшчэ са школы, вельмі рад, што жонка Святлана раздзяляе яго захапленне, а ў дачкі Вікі ёсць залатое правіла: паўгадзіны перад сном праводзіць з кнігай. Прыемна, што менавіта ў сям’і Ермаковіч пасялілася вялікая гліняная сава – сімвал мудрасці і ведаў, галоўны прыз штогадовага конкурсу на лепшага чытача, які па заказе ЦРБ ужо ў чацвёрты раз стварылі на ТАА «Вежа ММФ».

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Анжаліка КРУПЯНЬКОВАМаладзечанская газета
    Теги: 

Комментарии (0)