26 Апреля, 2024 Пятница

Гурт Navіband: Мы — талісманы адно для аднаго

  • 13 марта 2017 Культура Беларуская 0

    Да старту «Еўрабачання-2017» у Кіеве засталося менш як два месяцы, а гурт «Navіband», які сёлета прадстаўляе Беларусь, здаецца, зусім не напружваецца на гэты конт. 8 сакавіка артысты выступілі ў Гродне, хутка адбудуцца канцэрты ў Баранавічах, Гомелі і Наваполацку, далей запланаваны паездка ў Маскву на спектакль Яўгена Грышкаўца, з якім гурт плённа супрацоўнічае, і выступленне ў Мінску… Таму ледзь не з парога я прычапілася да салістаў гурта Ксеніі Жук і Арцёма Лук'яненкі з пытаннем: няўжо так упэўнены ў сваіх сілах, каб сумяшчаць падрыхтоўку да міжнароднага конкурсу з канцэртным турам?

    — Ну, а як інакш? — здаецца, крыху здзіўляецца Арцём. — Канешне, мы ўсведамляем, што «Еўрабачанне» — вельмі важны крок у жыцці, і адказна да яго рыхтуемся. Але ж мы музыканты, мы гурт, каманда, таму павінны трымаць сябе ў форме!

    — Мы запісалі новы альбом, і натуральна, мусім прадставіць яго слухачам у розных гарадах, — дадае Ксенія. — Тым больш, гэта не дадатковая нагрузка, хутчэй наадварот — мы адпачываем на гэтых канцэртах, пераключаемся з напружанай працы на стасункі з любімымі слухачамі. Так што адно аднаму не замінае, і чатыры канцэрты на месяц — далёка не насычаны гастрольны тур.

    — Тады раскажыце, на якім этапе падрыхтоўка да «Еўрабачання» і хто ўваходзіць у вашу каманду?

    Арцём: Цяпер мы шліфуем песню, займаемся з педагогам па вакале, выступаем у суседніх краінах — былі ва Украіне, на чарзе яшчэ Латвія, магчыма, Літва, а таксама выступленне ў Ізраілі і ў Амстэрдаме (там традыцыйна праходзіць афіцыйная вечарынка ўсіх удзельнікаў). Ужо сфарміравалася каманда, у якой кожны чалавек адказвае за пэўны аспект конкурснай падрыхтоўкі і, што немалаважна, з якімі побач нам камфортна працаваць. Гэта наш піяр-менеджар Сяргей Андрыянаў, які прапанаваў заспяваць па-беларуску песню Джамалы («1944» — кампазіцыя, з якой украінская спявачка выйграла леташняе «Еўрабачанне». — Аўт.). Канешне, Вольга Шлягер і Вольга Саламаха, якія адказваюць за беларускую дэлегацыю на конкурсе і кантралююць усе арганізацыйныя моманты. Стыліст-дызайнер Сяргей Вярынскі, які працуе над нашымі вобразамі і над прома-прадукцыяй, — і менавіта ён прыдумляе канцэртныя ўборы для сцэны «Еўрабачання». Над графікай працуе мастак Марына Назарава. Вельмі дапамагае выкладчык па вакале Вольга Драздова, у якой вялікі вопыт працы менавіта для «Еўрабачання» — ды ўсю каманду пайменна, напэўна, мы проста зараз не прыгадаем. На конкурснай сцэне нас будзе падтрымліваць бэк-вакал, а ў зале — бацькі і сябры, якія спецыяльна прыедуць у Кіеў.

    — У апошнія дні зімы ў гурта прайшла афіцыйная фотасесія да конкурсу. Акрамя нацыянальных строяў, асаблівы сэнс фотасесіі надала старажытная кніга — рарытэтная Біблія Францыска Скарыны з архіваў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі...

    Арцём: Канешне, трэба было адштурхнуцца ад значнага гістарычнага факта, каб падкрэсліць гісторыю і веліч беларускай культуры. Таму, калі абмяркоўвалі ідэю фотасесіі, вырашылі не проста апрануцца ў беларускія кашулі, але і ўзяць у рукі скарынаўскую Біблію. Ідэя супала з 500-годдзем беларускага кнігадрукавання — лічу, гэта зоркі сышліся выдатным чынам. Некаторыя прыхільнікі цікавіліся, чаму ў нас з Ксюшай уборы не па памеры, занадта вялікія. Тут зноў жа ўсё не проста так. Мы не любім біць у лоб відавочным пасылам, а хочам абудзіць у людзей іх уласныя згадкі. Вялікія кашулі — сімвалы нацыянальнай культуры, а мы — толькі малыя яе часцінкі. Вельмі прыемна, што многія фанаты «Еўрабачання» называюць нас пасламі беларускай культуры на конкурсе — хоць гэта, безумоўна, не толькі вялікі гонар, але і вялікая адказнасць.

    Ксенія: Таму ў фотасесіі няма нічога штучнага і наўмысна прыдуманага, мы насамрэч вельмі любім і шануем свае карані і заўжды стараемся іх трымацца.

    — Вы чатырнаццатыя па ліку беларускія дэлегаты на «Еўрабачанні», але першыя, хто прадставіць на ім песню на роднай мове. Пасля перамогі ў нацыянальным адборы вы запэўнівалі, што не дабавіце ў тэкст ні слоўца на англійскай...

    Арцём: Так, у тэксце нічога не змянілася. Па-першае, у беларускіх удзельнікаў ужо былі папярэдне 13 спроб спяваць на англійскай — паспяховымі можна назваць хіба некалькі з іх. А па-другое, я лічу, беларускамоўная песня — гэта прарыў для нашай культуры і для сённяшняга пакалення, якому важна, каб беларуская мова прагучала на ўсю Еўропу. Тым больш, сёлетні слоган «Еўрабачання» — «Святкуй рознабаковасць» — як мага лепей дае ўдзельнікам магчымасць прадставіць нацыянальную разнастайнасць.

    — Нягледзячы на тое, што ваша перамога ў нацыянальным адборы выглядала самай «бяскроўнай» за апошнія некалькі гадоў, усё адно гучала пэўная крытыка — у прыватнасці, да празмернай эмацыянальнасці Ксюшы. Да заўваг вы прыслухоўваецеся?

    Арцём: У большай ступені прыслухоўваемся да крытыкі тых людзей, з якімі ідзём побач у творчасці. А меркаванне тых, каго мы не ведаем, можа быць прадузятым проста таму, што людзі нас не зразумелі… Усіх не наслухаешся, усім не дагодзіш. Наша пазіцыя — рабіць перадусім так, як адчуваем мы самі.

    Ксенія: Да кожнай песні, да кожнага выступлення мы падыходзім з душой, шчыра і адкрыта, каб людзі бачылі, што мы такія, як ёсць насамрэч, не ўпадабняемся да кагосьці, не надзяваем маскі. У падрыхтоўцы да «Еўрабачання» мы таксама прытрымліваемся гэтага прынцыпу.

    — Часы прома-пакетаў «па-багатаму», напэўна, ужо мінулі, крызіс усіх прымусіў эканоміць, але сувенірная прадукцыя ўсё ж важнасці не страціла. Ці вядома ўжо, што павязе ў Кіеў «Navіband»?

    Арцём: Гэта абавязкова будзе стужка з нашым лагатыпам, які ўтрымлівае элементы беларускага арнаменту — сімвалы Зямлі і Сонца. Падобныя стужкі мы дарылі, калі былі на нацыянальным адборы ва Украіне, і ўбачылі, што людзям яны даспадобы. Гэта якраз не пафасна, не пошла, але ад душы і падкрэслівае нашу лінію. Безумоўна, прома-папка будзе ўключаць інфармацыю пра нас, англамоўны тэкст песні, фота, аўдыя- і відэаматэрыялы. Астатняе пакуль вырашаецца.

    — Я, можна сказаць, прадстаўнік мэтавай аўдыторыі «Еўрабачання»: хатняя гаспадыня, якая ў маі абавязкова ўключыць тэлевізар, каб паглядзець відовішчнае шоу. Чым вы «зачэпіце» мяне за 3 хвіліны песні, каб вымусіць узяцца за тэлефон і галасаваць?

    Арцём: Ксюшынымі ямачкамі на шчоках… Не? Тады прастатой і непадробнасцю. Як мы адчуваем, цяпер вельмі важна паказаць тое, чаго не было да цябе, сказаць, хто ты ёсць. Мы — беларусы, і я лічу, што еўрапейцам будзе цікава пачуць, як гучаць наша музыка і мова.

    Ксенія: А яшчэ, канешне, рэфрэнам «Хэй-хэй»! Гэта тое, я спадзяюся, што запомніцца і будзе спявацца на кожнай мове.

    — Папярэднія беларускія ўдзельнікі падказвалі вам, да чаго рыхтавацца і чаго чакаць непасрэдна на конкурсе?

    Арцём: Так, некаторыя парады нам даў Юра Вашчук, Юзары падзяліўся сваім досведам. Цяпер мы разумеем, чаму яны казалі: «Еўрабачанне» — нялёгкая праца, і, мабыць, не кожнаму артысту варта ў яе ўвязвацца».

    Ксенія: Не, я жадаю кожнаму паспрабаваць свае сілы, але трэба быць моцным, асабліва псіхалагічна.

    Арцём: Цудоўна, што мы з Ксюшай удваіх ідзём па гэтым шляху, у нас ёсць падтрымка адно аднаго, што б ні здарылася.

    Ксенія: Мы нават больш, чым падтрымка, мы — талісманы адно для аднаго. Бо калі адзін у чымсьці сумняваецца, не ўпэўнены ва ўласных сілах, то другі зможа даць яму патрэбны штуршок, гэткі чароўны выспятак, якога часам вельмі не хапае, каб рухацца далей.

    — Летась чарговы раз змяніліся правілы галасавання на «Еўрабачанні», і цяпер інтрыга вакол пераможцы трымаецца да апошніх імгненняў. На ваш погляд, якая сістэма больш справядлівая? Перавагу мусяць мець гледачы або прафесійнае журы?

    Арцём: Мне здаецца, хоць шоу робіцца дзеля гледачоў, але ўсё ж меркаванне прафесійнага журы вельмі важнае, і яго нельга ігнараваць, бо музычныя эксперты заўважаюць рэчы, на якія простая публіка і ўвагі не звяртае. А непрадказальны вынік, які часам прыносіць сума ацэнак журы і гледачоў, — гэта выдатна, гэта інтрыга, а значыць, гэта цікава яшчэ большай колькасці людзей.

    Ксенія: 50/50 — мяркую, самая ўдалая формула галасавання. У творчасці ўсе ацэнкі наогул суб'ектыўныя, і толькі сума розных, нават палярных, меркаванняў дае аптымальны вынік.

    — Для шэрагу беларускіх артыстаў конкурс з розных прычын, на жаль, стаў не адпраўной кропкай, а хутчэй, парталам у творчы нябыт. Вы не баіцеся «праклёну Еўрабачання»?

    Арцём: Думаю, у нас ужо склалася свая публіка, якая нас «падпітвае» на кожным канцэрце, падтрымлівае і будзе падтрымліваць. Канешне, прадугледзець усе сцэнарыі развіцця падзей немагчыма, але ў нас настрой вельмі пераможны, мы скіраваныя найлепшым чынам прадставіць сваю краіну.

    Ксенія: Калі думаць аб тым, хто што скажа пасля «Еўрабачання» — нічога не атрымаецца. Таму я не люблю загадваць і смяшыць Бога будаваннем далёкіх планаў. Трэба адказваць за бягучы момант і рабіць усё, каб захаваць упэўненасць у сабе, не згубіць той драйв і шчырасць, якую ўпадабалі слухачы і журы ў нацыянальным адборы.

    Сёння букмекеры, якія часта ўгадваюць пераможцаў шоу, бачаць у ліку фаварытаў Італію, Швецыю і Расію (нягледзячы на тое, што апошняя дагэтуль не назвала свайго прадстаўніка і наогул абмяркоўвае магчымы байкот шоу). Прадказаць, ці трапіць у спіс лідараў сёлета Беларусь, пакуль што проста немагчыма. Але «Navіband» такія непадробна шчырыя і сапраўдныя, поўныя, нібы бярозавік, жыццёвай энергіі і правільна «зараджаныя» светлымі эмоцыямі, што вельмі хочацца пажадаць ім — і нам усім — удачы. Сачыце за ямачкамі на шчочках!

    Автор: Вікторыя ЦеляшукЗвязда
    Теги: 

Комментарии (0)