04 Мая, 2024 Суббота

У СШ №1 Маладзечна сабралі калекцыю шкатулак

  • 21 марта 2017 Культура Беларуская 0

    Яны ёсць у кожным доме – драўляныя, керамічныя, фарфоравыя,  сплеценыя з лазы ці саломы, вялікія і мініяцюрныя, дарагія і капеечныя… Больш за 160 розных шкатулак сабралі вучні і настаўнікі маладзечанскай СШ №1 імя Янкі Купалы. Дырэктар школьнага музея Вольга Смалонская аформіла іх у тэматычную выстаўку «Упрыгажэнні для ўпрыгажэнняў», падрыхтавала прэзентацыю. Пра найбольш цікавыя экспанаты Вольга Аляксандраўна расказала журналістам «Маладзечанскай газеты».

    Твор мастацтва ад мануфактуры «Палех»

    Адна з самых старадаўніх у часовай музейнай калекцыі – шкатулка, вырабленая ў пасёлку Палех, што ў Іванаўскай вобласці Расіі, які славіцца майстрамі лакавай мініяцюры. Вольга Смалонская мяркуе, што экспанат, які прынесла на выстаўку васьмікласніца Насця Сянько, зроблены ў 60-я гады мінулага стагоддзя. На чорным фоне вечка казачны сюжэт, выкананы ўручную на пап’е-машэ спецыяльнай фарбай – тэмперай. Унутры шкатулка чырвоная, пакрытая слоем лаку. Гэта сапраўдны твор мастацтва, які адрозніваецца тонкасцю і дакладнасцю ліній, пазнавальнай колеравай гамай.

    Самая каштоўная – малахітавая

    Невялікая вытанчаная шкатулка з зялёнага малахіту адразу прыцягвае позірк. А дзеці ў час экскурсіі, затаіўшы дыханне, слухаюць старажытную легенду пра тое, што можна стаць нябачным, калі выпіць вадкасць з малахітавай ёмістасці. У малодшых школьнікаў загараюцца вочы, яны так і цягнуцца, каб дакрануцца да ідэальна круглай шкатулкі з зялёнага каменю. Існуе павер’е, што гэты мінерал аберагае ад хвароб і сурокаў, прыцягвае ў дом сяброў. Гаспадыня незвычайнага экспаната – намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Наталля Вяршыцкая расказвае, што гэта даўнішні падарунак мамінай сяброўкі Зінаіды Мураўскай. У юнацтве Наталля не надавала асаблівага значэння гэтай рэчы і толькі з часам зразумела, што яна ўнікальная. Мая субяседніца ўспамінае, што ў дзяцінстве, як і большасць дзяўчынак, вельмі любіла зазірнуць у матуліну шкатулку, дзе яна захоўвала свае ўпрыгажэнні.

    Прывітанне з Марока

    У кожнага з нас свае ўспаміны, асацыяцыі, звязаныя з гэтым прадметам інтэр’ера. Ёсць у школьнай калекцыі шкатулка з Марока, вечка якой інкруставанае рознымі пародамі дрэва. Настаўніца біялогіі Вольга Русакевіч прынесла лакавую музычную шкатулку з Германіі. Калі яе адчыняеш, гучыць прыгожая мелодыя, шкада толькі, што пара фігурак не ажывае ў танцы — з гадамі зламаўся механізм. Трэцякласніца Ліза Валынец ганарыцца сваім экспанатам – невялікай керамічнай шкатулкай з выявай нашай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча. Яе захоўвае матуля дзяўчынкі на памяць аб 60-годдзі ўстановы. Засталіся ў сем’ях і вырабы былой фабрыкі музычных інструментаў, якая акрамя баянаў прапаноўвала пакупнікам умяшчальныя драўляныя раскладныя скрыначкі, вельмі зручныя для захоўвання рознай драбязы.

    Асобна Вольга Смалонская скампанавала сувенірныя шкатулкі, створаныя да юбілеяў гарадоў, знакавых месцаў Беларусі – Брэсцкай крэпасці, Хатыні, Кургана Славы. Як правіла, яны драўляныя, інкруставаныя саломкай. Такія і цяпер прадаюцца ў сувенірных кіёсках, гэта адзін з нашых нацыянальных брэндаў.

    Падарункі сваімі рукамі

    Карысна наведаць гэту выставу і для таго, каб убачыць, як можна сваімі рукамі зрабіць прыгожую шкатулку, якая стане выдатным падарункам. У СШ №1 дзейнічае гурток па саломапляценні «Вытокі», які вядзе таленавіты майстар і педагог Марыя Собаль. Работы яе выхаванцаў прадстаўлены на экспазіцыі. Ёсць таксама самаробныя шкатулкі з кардону, дрэва, лёну, саломкі, іншых матэрыялаў. Прыцягвае позірк шкатулка ў выглядзе кнігі — падарунак выпускнікоў школы настаўніцы беларускай мовы Раісе Раманоўскай. Зробленая ў папулярным сёння стылі скрапбукінг з вялікім майстэрствам, выдумкай і любоўю, яна, бясспрэчна, захоўвае станоўчую энергетыку вучняў, якія такім арыгінальным спосабам захацелі выказаць сваю ўдзячнасць любімай настаўніцы.

    Адным словам, шмат цікавага можна ўбачыць і пачуць на гэтай незвычайнай выстаўцы. Яна ў школе не першая: раней тут усе разам збіралі калекцыі старадаўніх ёлачных цацак, вінілавых пласцінак, календароў. Такія акцыі аб’ядноўваюць настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў. Яны сапраўды цікавыя і дзецям, і дарослым. З новай экспазіцыяй пазнаёмілася ўжо ўся школа, а на вясенніх канікулах яе могуць убачыць вучні іншых навучальных устаноў.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Анжаліка КРУПЯНЬКОВАМаладзечанская газета
    Теги: 

Комментарии (0)