03 Мая, 2024 Пятница

Як на традыцыях народнай культуры выхаваць асобу

  • 23 марта 2017 Культура Беларуская 0

    Уявіце сабе: вы любіце плаваць, займаецеся гэтым відам спорту, але аднойчы прыходзіце ў басейн, а ён… пусты. І вам кажуць, што вадой басейн больш напаўняцца не будзе. Падобная сітуацыя склалася ў 2008 годзе, калі раптам са школьнага курса знік прадмет «Сусветная мастацкая культура». У верасні 2015 года гэту памылку выправілі, але ўсё роўна прадмет «Мастацтва. Айчынная і сусветная мастацкая культура» пакуль выкладаецца толькі ў пятых і шостых класах. У наступным годзе да іх далучацца сёмыя. А праз год — восьмыя класы...

    Эйнштэйн і Фёдар Дастаеўскі

    — Падрастаючаму пакаленню пастаянна ўнушаюць думку, што трэба займацца дакладнымі навукамі, эканомікай, вывучэннем замежных моў, бо менавіта за імі будучыня. І не дзіўна, што на шляху да стварэння «сіліконавай даліны» знайшліся аргументы на карысць таго, што ад вывучэння сусветнай мастацкай культуры можна адмовіцца без асаблівых страт. Так сталася, што менавіта гэта дысцыпліна аказалася самым уразлівым звяном у школе, — падзяліўся сваімі думкамі з удзельнікамі рэспубліканскага форуму педагог дадатковай адукацыі народнай арт-студыі «Востраў» Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Юрый ІВАНОЎ. — Між іншым, культура з'яўляецца наймагутнейшым фактарам эканамічнага развіцця. Сёння нас акружае прадметнае асяроддзе, створанае заходняй цывілізацыяй, і мы можам і далей стаяць у чарзе па чужыя дасягненні, плаціць за чужы дызайн, таму што ў нас у гэтым плане цяпер назіраецца страшэнны крызіс.

    Нам проста катастрафічна не хапае ведаў і па сучаснай, і па традыцыйнай культуры. Нашы дзеці рызыкуюць аказацца неканкурэнтаздольнымі таму, што менавіта мастацкая культура закладвае асновы развіцця асобы. Калі ў Эйнштэйна запыталіся, што дапамагло яму адкрыць тэорыю адноснасці, той прызнаўся, што вельмі захапляўся на той момант творчасцю Фёдара Дастаеўскага. Здавалася б, дзе класік літаратуры, а дзе — фізіка? Між іншым, напэўна, існуюць нейкія тайныя хады, невядомыя нам сувязі, якія дапамагаюць нават прадстаўнікам прыродазнаўчых і дакладных навук здзяйсняць свае адкрыцці, знаходзячыся ўнутры душэўных перажыванняў літаратурных герояў, унутры сусветнага культурнага вопыту. Я лічу, што ў 2008 годзе ў нашай школе адбылася гуманітарная катастрофа, прычым бацькі не забілі трывогу, хоць пацярпела ў першую чаргу сям'я...

    «Калі дзіця вывучае нейкі прадмет у школе, бацькі набываюць яму альбомы, энцыклапедыі, дадатковыя кнігі. За сусветнай мастацкай культурай стаяла пэўная мова, яна таксама знікала са стасункаў у сям'і, — падкрэслівае Юрый Іваноў. — І калі мы сёння цытуем у размове Ільфа і Пятрова, Гашэка ці Чэхава, то бачым, што нас не разумеюць, таму што адсутнічае агульны культурны падмурак. Паміж пакаленнямі адбыўся культурны разрыў. Па сутнасці, педагогі дадатковай адукацыі сталі апошнім прытулкам для дзяцей, таму што толькі ў аб'яднаннях па інтарэсах можна паразважаць пра душу чалавека, звярнуцца да нашых каранёў і традыцый. Тут любое дзіця можа праявіць сябе, нават калі ў школе ў яго не складваюцца «адносіны» з матэматыкай ці фізікай. Прычым дарослым мы ўдзяляем нават больш увагі, чым дзецям, таму што выхаванне трэба распачынаць з іх...»

    Галоўнай тэмай рэспубліканскага педагагічнага форуму, які прайшоў у сценах Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, стала выхаванне навучэнцаў сродкамі традыцыйнай беларускай культуры.

    — Па-за засваеннем каштоўнасцяў культуры не можа весціся размова ні пра якую сучасную адукацыю і выхаванне, — упэўнены доктар філасофскіх навук, прафесар, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, віцэ-прэзідэнт Беларускай эстэтычнай асацыяцыі Вадзім САЛЕЕЎ. — Я выкладаю будучым дызайнерам у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Гэта вельмі крэатыўныя людзі. Але як жа мне было балюча, калі ў групе з 20 чалавек толькі адна студэнтка змагла адказаць на пытанне «Хто такі Адам Міцкевіч?» Тое, што педагог павінен быць носьбітам культуры, — гэта аксіёма. Мае настаўнікі былі яркімі асобамі, якія нават сваёй прысутнасцю абуджалі ў нас інтарэс і матывацыю да навучання. Яны наведвалі тэатры і выстаўкі, разбіраліся ў літаратуры, былі ў курсе ўсіх кінанавінак. Але ці могуць пахваліцца шырынёй агульнай культуры цяперашнія маладыя педагогі? Педагог — гэта чалавек, вакол якога завязваюцца, у шырокім сэнсе, культурныя стасункі. Асобу можа выхаваць толькі яркая індывідуальнасць.

    З голасу ў голас, з нагі ў нагу

    На такіх Педагогаў з вялікай літары пашанцавала выхаванцам Мётчанскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад — сярэдняя школа Барысаўскага раёна.

    А пачыналася ўсё дваццаць гадоў таму, калі ў Мётчанскую школу, якая ўжо мела свае педагагічныя набыткі, прыйшоў вядомы фалькларыст і этнахарэограф Мікола Козенка, каб праз народны танец і іншыя мастацкія традыцыі Барысаўшчыны з дапамогай дзяцей і пры непасрэдным іх удзеле вывучаць і зберагаць аўтэнтычныя культурныя каштоўнасці вёскі і наваколля.

    У 1996 годзе ён заснаваў фальклорны гурт «Берагіня». Яго дзейнасць — першы ў Беларусі вопыт сістэмнага выхавання сельскіх школьнікаў сродкамі традыцыйнай культуры. У 2001 годзе гурту было прысвоена званне «Узорны», а ў 2012-м — званне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь». Сёння яго досвед вывучаюць на самых розных узроўнях не толькі ў нашай краіне, але і ў суседніх.

    Дзеці рыхтуюцца стаць удзельнікамі гурта яшчэ ў садку, дзе педагогі распачынаюць развучваць з імі карагоды, танцы, песні, гульні. Малодшую групу называюць ласкава «Зярняткі». Ніякага адбору з улікам прыродных задаткаў не практыкуецца. І магчымасць да самавыяўлення можа знайсці літаральна кожнае дзіця. У падыходзе да выхаванцаў акцэнт робіцца на разняволенні і імправізацыі. Хоча дзіця тупнуць нагой або пляснуць у ладкі ці па-свойму выканаць «прысядку» падчас танца — няхай робіць гэта так, як яго душа просіць, як сэрца яму падказвае. Галоўнае, каб усё было шчыра.

    — Мастацкая асаблівасць калектыву ў тым, што выканальніцкія традыцыі засвойваюцца ў вуснай форме — з нагі ў нагу, з рукі ў руку, з голасу ў голас, спосабам капіравання і сумеснага выканання, — тлумачыць настаўнік беларускай мовы і літаратуры Мётчанскага вучэбна-педагагічнага комплексу, музычны кіраўнік фальклорнага гурта «Берагіня» Антаніна АБРАМОВІЧ. — Эфектыўнымі вучэбнымі дапаможнікамі сталі для нас таксама аўдыя- і відэазапісы, зробленыя ў этнаграфічных экспедыцыях падчас кантактаў з носьбітамі традыцый.

    Старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, этнамузыколаг, кандыдат мастацтвазнаўства Тамара ВАРФАЛАМЕЕВА ўпэўнена, што аўтэнтычныя формы традыцыйнай культуры толькі тады захоўваюць сваю непаўторнасць і арыгінальнасць, калі яны перадаюцца вусным шляхам. А калі параўноўваеш вынікі навучання ў пісьмовай і ў вуснай традыцыі, то заўважаеш істотную розніцу: там, дзе дзеці навучаліся вусна, абавязкова фарміруюцца стыхійныя лідары. Падчас выступленняў на сцэне, нават калі дзіця забывае словы ці нейкі рух у танцы, яно не губляецца. У такіх дзяцей вельмі добра развіта імправізацыя.

    Выстуленні «Берагіні» нагадваюць цікавую гульню, на працягу якой дзеці танцуюць, спяваюць, іграюць на музычных інструментах, расказваюць казкі і байкі. Увогуле педагогі пераканаліся, што выхаванне праз народную творчасць вельмі эфектыўнае. Дзеці, якія пастаянна вывучаюць традыцыйную культуру, больш здольныя да ўсяго. Яны ўмеюць і вышываць, і ткаць, і плесці з саломкі...

    Удзельнікі «Берагіні» не толькі практычна асвойваюць адноўленыя старадаўнія ўзоры абрадавай і неабрадавай музычнай і харэаграфічнай культуры, але і сваімі рукамі пры дапамозе настаўнікаў і бацькоў вырабляюць самабытныя народныя касцюмы.

    У навучальнай установе адбываецца вывучэнне сваіх каранёў: без дапамогі бацькоў навучэнцы не могуць аформіць свой радавод. Тым даводзіцца прыгадваць гісторыю сям'і ў імёнах і датах. Такім чынам адбываецца збліжэнне дзяцей, бацькоў і настаўнікаў. Праз установу адукацыі адбываецца трансляцыя і ўзнаўленне культурных нормаў, у тым ліку культуры побыту, каштоўнасцяў, якія ўключаюць у сабе маральнае здароўе і сацыяльны аптымізм, упэўненасць кожнага чалавека ў заўтрашнім дні, высокую культуру паводзін.

    Выцінанка — блізкая і родная

    — У 1970-я — пачатку 1980-х гадоў народныя майстры кідалі сваё рамяство, бо традыцыйная культура лічылася набыткам учарашняй цёмнай вёскі. Але, на шчасце, сітуацыя кардынальна змянілася. Стаўшы самастойнымі, мы задумаліся, а што ж нас, уласна кажучы, вылучае сярод іншых еўрапейскіх народаў, — разважае старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Яўген САХУТА. — Вось толькі ставіцца да традыцый культуры трэба вельмі беражліва. Інтэрпрэтацыі дапускаюцца, але нельга апускацца да ўзроўню базарнага кітча, безгустоўшчыны і антымастацтва.

    Яўген Сахута з сумам зазначае, што найбольш агрэхаў сёння заўважаецца ў стварэнні імітацыйных сцэнічных касцюмаў. Ці калі сувенірную ляльку апранаюць быццам бы ў народны касцюм. «У традыцыйнай беларускай вышыўцы і ткацтве прысутнічае вельмі моцны сімвалізм. Але зялёны колер, у адрозненне ад чырвонага, ніколі не быў сімвалічным у нашай культуры, а менавіта яго сёння шчодра дабаўляюць. Да таго ж я катэгарычна засцерагаю педагогаў ад набыцця ў кіёсках часопісаў з «сучаснай народнай вышыўкай». Гэта проста жах! Растлумачце лепш дзеткам, што азначае той ці іншы сімвал у нацыянальным арнаменце, каб яны маглі яго чытаць, як тэкст. Увогуле пазбягайце капіравання ўзораў з любых часопісаў. Гэта механічная работа, якая не мае нічога агульнага з творчасцю і мастацтвам».

    З самых агульнадаступных відаў народнай творчасці Яўген Сахута прыгадаў выцінанку. Гэты твор прыкладнога мастацтва атрымліваецца ў выніку шматразовага складвання аркуша паперы і паўтарэння нанесенага матыву столькі разоў, колькі яна была складзена. Сурвэткі, фіранкі, карункі для ўпрыгожвання абразоў, вокнаў, паліц і палічак, калядныя зоркі, цацкі на ёлку з кардону, абажуры для лямпы — аздоба такога кшталту раней сустракалася амаль у кожнай сялянскай хаце.

    — На ўроках выцінанкі вы можаце вучыць дзяцей усяму: там і кампазіцыя, і каларыстыка, і абагульненне… Усе мастацкія задачы можна выконваць, маючы пад рукамі толькі нажніцы, паперу і, вядома, фантазію, — падкрэслівае Яўген Сахута. — Або можна рабіць разам са сваімі выхаванцамі з рэчаў, што выйшлі з ужытку, звычайныя ходнічкі. Для гэтага не патрэбнае спецыяльнае абсталяванне. Між іншым, нярэдка ў юных майстроў атрымліваюцца такія прыгожыя прадметы побыту, што ніхто не скажа, што гэта не модна ці што гэта ўчарашні дзень.

    Майстар упэўнены, што займацца трэба найперш тым, што нам блізкае і роднае, а ікебану і арыгамі, якія таксама ўсё часцей прапануюць у аб'яднаннях па інтарэсах, лепш усё ж такі пакінуць японцам...

    Автор: Надзея НікалаеваЗвязда

Комментарии (0)