04 Мая, 2024 Суббота

Лісты Агінскага для беларусаў і літоўцаў

  • 28 марта 2017 Культура Беларуская 0

    У мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» адбылася прэзентацыя выдання «Міхал Клеафас Агінскі. Бацькоўскія парады. Чатыры лісты аб выхаванні».

    Арганізавалі мерапрыемства Пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь і мясцовы дабрачынны фонд «Спадчына М.К. Агінскага» з нагоды пяцігоддзя дзейнасці арганізацыі.

    Кніга «Міхал Клеафас Агінскі. Бацькоўскія парады. Чатыры лісты аб выхаванні». Кніга «Міхал Клеафас Агінскі. Бацькоўскія парады. Чатыры лісты аб выхаванні». «Маладзечанская газета»

    Атмасфера ў час прэзентацыі была цёплай і сяброўскай. І гэта не дзіўна, бо сустрэліся аднадумцы і паплечнікі, людзі, якія доўгі час займаюцца захаваннем і папулярызацыяй спадчыны аўтара паланэза «Развітанне з Радзімай». Да сваіх беларускіх калег прыехалі партнёры з Польшчы і Літвы. Сярод іх складальнікі кнігі — дырэктар Рэтаваскага музея гісторыі культуры Агінскіх Вітас Руткаўскас і загадчык аддзела гісторыі Вялікага Княства Літоўскага Інстытута гісторыі Літвы Рамуне Шмігельскітэ-Стукене.

    Ганаровым госцем быў Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Літвы ў Беларусі Андрус Пулокас. Ён павіншаваў фонд з пяцігоддзем і нагадаў, што Агінскі і ў наш час аб’ядноўвае народы розных краін. Яго спадчына мае сусветнае значэнне. Вось чаму міжнародныя праекты, прысвечаныя кампазітару, паўстанцу і дыпламату, вельмі папулярныя і выклікаюць шырокі водгук у грамадскасці.

    «Лісты аб выхаванні» — адзін з такіх праектаў. Кніга выдадзена на літоўскай і беларускай мовах пры падтрымцы пасольства Літоўскай Рэспублікі ў нашай краіне. Палову тыражу плануецца перадаць у беларускія бібліятэкі.

    Старшыня праўлення фонду дырэктар Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа Рыгор Сарока нагадаў прысутным пра ролю грамадскай арганізацыі і навучальнай установы ў папулярызацыі дзейнасці нашага славутага земляка.

    — Пастаноўка оперы «Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт», арганізацыя міжнароднай праграмы «Музыка роду Агінскіх», правядзенне міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Культурная спадчына роду Агінскіх і яе значэнне для сучаснага развіцця грамадства», добраўпарадкаванне месца, дзе раней знаходзіўся касцёл Святога Роха, а таксама склепа роду Ходзькаў-Дадэркаў (Леанард Ходзька быў асабістым сакратаром Агінскага) у вёсцы Аборак – вось толькі некалькі спраў маладзечанцаў і іх партнёраў на працягу апошніх гадоў, — падкрэсліў Рыгор Сямёнавіч.

    У час мерапрыемства была агучана ідэя заснавання міжнароднага фонду, прысвечанага Агінскаму. Цэнтрамі новай арганізацыі павінны стаць Маладзечна, Залессе, Гузаў (горад у Польшчы, дзе нарадзіўся кампазітар) і літоўскі Рэтавас. Адпаведныя прапановы падрыхтаваныя ўжо.

    Як стваралася кніга і чым яна адметная, расказалі Вітас Руткаўскас і Рамуне Шмігельскітэ-Стукене. Так, свае лісты Міхал Клеафас пісаў у Залессі і Рэтавасе. Адрасаваныя яны сыну Ірэневушу і дачцэ Амеліі. Тэксты перакладзены з французскай мовы. Арыгіналы захоўваюцца ў Літве і Расіі.

    У лістах даюцца парады, якімі павінны быць дзеці. Ідэі, выкладзеныя ў пасланнях, актуальныя і цяпер. Асноўная ўвага надаецца духоўнаму выхаванню. Пра здабыткі ў матэрыяльнай сферы Агінскі нават не прыгадвае. Выданне раскрывае асобу кампазітара як таленавітага педагога і патрыёта Радзімы.

    У час прэзентацыі актывістам, якія ўнеслі найбольшы ўклад у папулярызацыю спадчыны роду Агінскіх і развіццё міжнароднага культурнага супрацоўніцтва, былі ўручаны Ганаровыя граматы і падзякі. Грамату галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама атрымаў і аўтар гэтых радкоў.

    Фота: Алег БЯГАНСКІ.

    Автор: Алег БЯГАНСКІ.Маладзечанская газета
    Теги: 

Комментарии (0)