03 Мая, 2024 Пятница

У Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі захоўваюцца выданні, якім больш за 500 гадоў

  • 13 апреля 2017 Культура Беларуская 0

    Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей ганарыцца трэцім па памерах і значнасці гістарычным кнігазборам у Беларусі. У фондзе больш як 20 тысяч рэдкіх кніг і старадрукаў і больш як 12 тысяч рэдкіх перыядычных выданняў. Самыя вялікія зборы ў Нацыянальнай бібліятэкі і бібліятэкі НАН Беларусі.

    Якія цікавосткі можна знайсці ў сховішчы, калі і як трапілі гэтыя рарытэты ў музей, пра інкунабулы і “prohibitum”, выданні, якім больш за 500 гадоў, распавядае загадчык аддзела рэдкай кнігі і старадрукаў Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Алена Развановіч.

     

    Лепшы падарунак – кніга

    Кнігазбор пачаў фарміравацца яшчэ ў 1920-я гады заснавальнікам нашага музея, яго першым дырэктарам, знакамітым археолагам, гісторыкам Юзэфам Ядкоўскім. Пачатак паклалі кнігі з яго ўласнай бібліятэкі, многія людзі даравалі кнігі, – пачынае з экскурса ў гісторыю Алена Станіславаўна. – Таксама яму ўдалося сабраць 905 тамоў з былой дамініканскай бібліятэкі, якая была разграблена.

    Аднак звернемся і да больш ранняй гісторыі. Калі ў 1882 годзе Марта Пуслоўская выходзіла замуж за Казіміра Красінскага, яе бацька Вандалін у якасці пасагу аддаў частку сваёй бібліятэкі з Косаўскага палаца. Увогуле Марта, фрэйліна расійскага імператарскага двара, была жанчына вельмі адукаваная, сябравала з многімі пісьменнікамі, артыстамі, палітыкамі, навукоўцамі, яны бывалі ў яе варшаўскім салоне. І калі яна пазнаёмілася з Юзэфам Ядкоўскім, які ствараў музей і быў паважаным у горадзе чалавекам, вырашыла падараваць сваю свіслацкую бібліятэку – 10-тысячны кнігазбор, што і адбылося ў 1927 годзе. У якасці падзякі гісторык даў музейнай бібліятэцы імя Вандаліна Пуслоўскага і Марты Красінскай.

    Пасля ўсталявання савецкай улады ў музей перадавалі бібліятэкі з навакольных шляхецкіх маёнткаў. Фонд папоўнілі кнігі, якія паходзілі з бібліятэк Патоцкіх, Сапегаў, Бруляў, Біспінгаў, Чартарыйскіх, Любамірскіх, Залускіх, Мнішак і многіх іншых.

    На шчасце, унікальны кнігазбор амаль не пацярпеў у гады вайны. І сёння мы можам бачыць выданні, якім больш за паўтысячы гадоў, а таксама кнігі з самых вядомых еўрапейскіх друкарань. Так атрымалася, што са скарынаўскіх друкарань у фондзе кніг няма. Аднак ёсць іншыя цікавыя выданні. Нават старэйшыя за скарынаўскія.

    IMG_0028.jpg

    “Рrohibitum” адмяняецца

    Самая каштоўная частка кнігазбору – тры інкунабулы і 29 палеатыпаў. Патлумачым. Інкунабулы (з лацінскага – “калыска”) – гэта кнігі-першадрукі, выдадзеныя ад пачатку кнігадрукавання да 1500 года. У фондзе музея ёсць уладальніцкі пераплёт, дзе пад адной вокладкай аб’яднаны адразу тры выданні. Адно з іх – “Трактат па логіцы” Яна Глагоўскага, знакамітага філосафа, тэолага, матэматыка, урача, прафесара Кракаўскага ўніверсітэта. Гэта кніга была выдадзена ў 1500 годзе для кардынала Фрыдрыха Ягелончыка – малодшага сына караля Польскага і вялікага князя Літоўскага Казіміра Ягелончыка. Кніга шмат разоў перавыдавалася і вельмі цанілася як падручнік. Гэты трактат карыстаўся вялікім попытам. Быў з ім знаёмы і Францыск Скарына, які слухаў лекцыі Глагоўскага.

    Паказвае Алена Станіславаўна і палеатыпы – кнігі, выдадзеныя з 1501 па 1550 гады. Сярод іх – “Падручнік для святароў-спавядальнікаў”, напісаны Іеранімам Саванаролам. Тым самым Саванаролам, які за свае выступленні супраць папства быў адлучаны ад касцёла і спалены. Аднак не прайшло і дзесяці гадоў, як венецыянскі выдавец надрукаваў яго кнігу.

    Яшчэ адзін палеатып – кніга, напісаная гуманістам эпохі Адраджэння, сябрам і саветнікам Рафаэля – Андрэа Фульвіо “Выявы знакамітых людзей” і надрукаваная ў Рыме ў 1517 годзе. Фактычна гэта першы каталог па нумізматыцы. На 228 старонках змешчана 190 ксілагравюр з выявамі манет і змешчаных на іх партрэтамі вядомых людзей старажытнай Грэцыі, Рыма, Егіпта, перыяду Сярэднявечча. Гэта адзін з лепшых прыкладаў кнігадрукавання XVI стагоддзя.

    Сёння ўжо без пагрозы быць аддадзеным інквізіцыі можна адкрыць кнігу з пазнакай “prohibitum”, што азначае “забарона”. Звычайна такія кнігі і іх уладальнікі заканчвалі сваё існаванне на кастры. Сярод такіх выданняў – творы дзеячаў рэфармацыі.

    У нашым фондзе ёсць кнігі Марціна Лютэра, яго паплечніка Філіпа Меланхтона і многіх іншых. У гэты ж спіс трапілі творы сусветна вядомага гуманіста Франчэска Петраркі, – распавядае Алена Развановіч. – Выдадзена кніга была ў 1581 годзе. Гэта поўны збор твораў Петраркі. Тут ёсць яго навуковыя трактаты на лацінскай мове, якія маюць гістарычнае значэнне, і паэтычныя творы на італьянскай, якія прынеслі аўтару сусветную вядомасць і пакінулі ў гісторыі імя яго каханай Лауры. На тытульным лісце  ёсць надпіс, які азначае “асцярожна, ерась”. Гэта кніга была занесена ў лік забароненых.

    IMG_9978.jpg

     

    Даведнік у кішэні

    Адлік беларускага кнігадрукавання, 500-годдзе якога мы адзначаем сёлета, пачынаецца з 6 жніўня 1517 года, калі ў Празе Францыск Скарына кірылічным шрыфтом выдаў Псалтыр. Гісторыя захавала звесткі пра друкарні, якія былі ў Брэсце, Нясвіжы, Цяпіне, Заблудаве.

    У Гродне друкарня працавала з 1775 па 1796 гады. Гэта была каралеўская друкарня, заснаваная па ініцыятыве гродзенскага старасты, падскарбія літоўскага Антонія Тызенгаўза. Размяшчалася яна ў будынку, што ўваходзіў у комплекс езуіцкага кляштара.

    За гэты час тут было выдадзена каля ста кніг на польскай, лацінскай, французскай, нямецкай, італьянскай і царкоўна-славянскай мовах. Часцей за ўсё гэта былі матэрыялы гродзенскіх сеймаў Рэчы Паспалітай, трыбунала ВКЛ, навуковыя выданні, у тым ліку “Флора Літвы” Жана Эмануэля Жылібера, друкаваліся творы Вальтэра, Мальера. У 1776 годзе пачалі раз на год выходзіць гродзенскія календары. У іх, акрамя звыклай інфармацыі: святы, гараскопы, былі матэрыялы сеймаў, раздзелы з канстытуцыі, апісвалася палітычнае становішча, змяшчаліся матэрыялы накшталт скасавання ордэна езуітаў, пра візіт у Гродна караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Таксама друкаваліся спісы сенатараў і важных чыноўнікаў. Фактычна гэта быў даведнік для дзелавых людзей. У зборы ёсць два такія календары: 1777 і

    1778 гг. – маленькія, яны лёгка памяшчаюцца на далоні. Іх было зручна пакласці ў кішэню.

    У 1776–1783 гадах выходзіла гродзенская газета – першае перыядычнае выданне на тэрыторыі Беларусі. На жаль, пабачыць яе ў музеі нельга. Выходзіла яна раз на тыдзень на двух старонках. Калі былі важныя імпрэзы, колькасць іх магла павялічвацца да чатырох.

    Пабачыць на свае вочы многія з рарытэтаў, самыя цікавыя выданні, што захоўваюцца ў гродзенскім кнігазборы, і даведацца пра незвычайны лёс кніг можна будзе на выставе, якая адкрыецца ў пачатку верасня.

    IMG_0068.jpg

    IMG_0080.jpg

    IMG_0050.jpg

    Автор: Таццяна КУЗНЯЧЭНКАВАГродзенская праўда
    Теги: 

Комментарии (0)