30 Апреля, 2024 Вторник

На первый паб-квиз "Игры Разума" в Пружанах пришло больше 80 человек!

  • 14 апреля 2017 Культура Беларуская 0

    Сябры, гэта атрымаўся сапраўды класны старт першага паб-квіза ў Пружанах! Нам асабіста вельмі спадабалася, спадзяемся, што і вам таксама. Сабралася 12 каманд (каля 80 чалавек), мы ўжо пачалі непакоіцца, што месцаў можа не хапіць, але ўсе зручна размясціліся. Асобны рэспект калектыву кафэ «Посиделки».  Смешныя, яны разлічвалі таксама пагуляць і нават стварылі каманду пад назвай «Балаболы». Але заказаў ад удзельнікаў паступіла столькі, што ў іх не хапала рук, і за барную стойку сталі ўсе, нават дырэктары.

    А цяпер непасрэдна да саміх вынікаў. Шчыльнасць выніковай табліцы (напрыклад, першае месца ад шостага аддзялялі ўсяго чатыры балы) сведчыць пра тое, што барацьба выдалася ўпартай. Як мінімум, палова каманд мела рэальныя шанцы  на перамогу. Але ўдача ўсміхнулася камандзе «На донцы». Яна вельмі роўна правяла ўсю гульню, граматна згуляла ў стаўцы і атрымала заслужанае першае месца!

    Тыя ж 47 балаў, як і пераможцы, набралі прадстаўнікі каманды «Міля». Лепш, чым чэмпіёны, яны згулялі асноўную частку гульні, але вось у стаўцы дапусцілі два прыкрыя промахі. І за кошт меншай колькасці балаў у апошнім туры занялі другі радок.

    Яшчэ адно месца на п’едэстале дасталося камандзе «Усе нашы».

    На даволі высокім узроўні яны прайшлі ўсю дыстанцыю, крышачку не дабралі балаў у пытаннях па геаграфіі. Але за кошт больш граматнай гульні ў стаўцы змаглі апярэдзіць  каманду «Лень цюленя».

    Дарэчы, «Лень цюленя» — гэта каманда, якая сабралася з незнаёмых да гульні людзей. Такая практыка ў паб-віктарынах  неаднаразова назіралася і, думаю, у гэтай каманды  вялікі патэнцыял. Як правіла, у такіх камандах збіраюцца вельмі розныя людзі, а пытанні ў нас таксама разнастайныя. Хто-небудзь што-небудзь ды ведае!

    «Маладыя карасі» выдалі лепшы вынік вечара ў фінальным туры. Цэлых 14 балаў з 16 магчымых. Не ўзялі толькі пытанне пра фінскі квартэт (але яно не паддалося ні адной  з каманд).

    «Дзеці Вассермана» на працягу ўсёй дыстанцыі даказвалі справядлівасць абранай назвы, горда трымаючы сцяг нашчадкаў «знаўцы ўсяго і ўсяе», але фінальны тур падвёў: 7 балаў відавочна было недастаткова, каб увайсці ў тройку лідараў.

    «Друзь-Я» — яшчэ адна моцная каманда.

    Лепш за ўсё ім даліся тэмы пра жанчын і кіно. Дарэчы, адны з нешматлікіх (на пару з пераможцамі і «Лясной братвой»)  пазналі руку майстра Эніа Марыконэ ў прапанаваным для праслухоўвання творы.

    «Вусатыя паласатыя» ішлі ўпэўненым магутным «серадняком», але  стаўка зблытала ўсе планы.  «Лясная братва» таксама трапіла ў пастку з фінальным турам. Набралі вялікі багаж за 6 тураў, але няўдалая гульня ў 7-м адкінула каманду на дзявяты радок.

    «Модуль» не адразу ўключыўся ў гонку па правільныя адказамі і ў першым туры ўзяў усяго адзін бал.

    Затым узяліся за справу, і, здавалася, пачалі выпраўляць сітуацыю, але пытанні пра  гарады і краіны згулялі з імі злы жарт. Як вынік — 10 месца.

    «ЯСНО і Ко» туры згулялі роўна, але з не вельмі высокімі вынікамі.  Каманда заняла 11 месца. І апошнімі аказаліся «Два капітаны» з лозунгам: «Нас  мала, але мы ў цяльняшках!»  Мы так вырашылі, што гэтая каманда ўдзельнічае па-за конкурсам. Нагадаем, што мінімальная колькасць байцоў у камандзе — чатыры чалавекі. Максімальная — 10.

    Яшчэ раз дзякуем усім, хто адгукнуўся на наш заклік! Упэўнены, што ніхто  не пашкадаваў.  Дзякуй адміністрацыі і калектыву кафэ «Посиделки» за дадзеную магчымасць і зладжаную працу! Дзякуй рэдакцыі газеты «Раённыя буднi» за дапамогу ў асвятленні і папулярызацыі нашай задумы. Ну, і яшчэ раз віншуем усіх жыхароў вашага прыгожага райцэнтра (дарэчы, Пружаны — самы маленькі горад Беларусі, дзе праводзіцца паб-квіз)! Ура!

    Наступная наша сустрэча адбудзецца зусім хутка, ужо ў наступную сераду 12 красавіка ў кафэ « Посиделки ». Пачатак у 19.00. Кошт удзелу 5р, школьнікі старэйшых класаў — 2р, дзеці да 14 гадоў — бясплатна. Рэгістрацыя на гульню адкрываецца ў панядзелак 10 красавіка ў 12.00 на старонцы нашай групы (https://vk.com/igry_razuma_prugany).

    Андрэй Ляўковіч.

    На здымках: каманда-пераможца «На донцы»; напал эмоцый быў нежартоўным.

    Фота Сяргея Свідзерскага.

    Автор: Андрэй ЛяўковічРаённыя будні

Комментарии (0)