30 Апреля, 2024 Вторник

Областной конкурс инструментальной музыки "Музыкальный калейдоскоп" в четвертый раз прошел в Пружанах

  • 18 апреля 2017 Культура Беларуская 0

    Пранізлівыя гукі скрыпкі і бархатнае сола віяланчэлі, палкія акорды гітары і крышталёвы звон цымбалаў, істэрыя ўдарных і чароўная гармонія акардэонаў… Цудоўнае свята, поўнае музыкі і весялосці, ветлівай пружанскай гасціннасці, чакала гасцей конкурсу інструментальнай музыкі  ў Пружанах “Музычны калейдаскоп”.

    Вось ужо чацвёрты раз гэтае свята збірае сяброў, аднадумцаў і проста  тых, хто любіць прыгожую жывую музыку. Для ўдзелу ў “Музычным калейдаскопе” сабралася больш за 30 дзіцячых і дарослых, прафесійных і аматарскіх аркестравых калектываў, інструментальных ансамбляў, а таксама сотні салістаў не толькі з Пружанскага, але і з Івацэвіцкага, Бярозаўскага, Ганцавіцкага, Камянецкага і іншых раёнаў Брэстчыны.

    Як адзначыў на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця конкурсу начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пружанскага райвыканкама К.І.Панімаш, заявак на ўдзел сёлета атрымалі ў паўтара раза больш, чым у мінулым годзе.

    Пляцоўкамі для відовішчнай праграмы сталі адначасова вялікая і малая залы Палаца культуры. Пакуль галоўная сцэна дрыжала ад аркестравых гукаў, на малую  падымаліся для дэманстрацыі свайго майстэрства сольныя выканаўцы. Кожны калектыў і выканаўца  прадставілі на суд журы па два рознахарактарныя творы.

    Ганаровая місія адкрываць конкурсную праграму выпала ансамблю віяланчэлістаў малодшых класаў Пружанскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Вольгі Барысюк. Трэба сказаць, вучні з ёй справіліся: адыгралі зладжана і арганічна. Нядзіўна, гэты ансамбль у мінулым годзе стаў дыпламантам II ступені на “Калейдаскопе”, а таксама лаўрэатам рэгіянальнага адкрытага конкурсу дзіцячых ансамбляў «TUTTI» ў г.Бяроза.

    Шчырымі і гучнымі апладысментамі сустракалі гледачы і іншага дыпламанта мінулагодняга конкурсу – ансамбль гітарыстаў ДШМ г. Пружаны (кіраўнік – Людміла Гайдалёнак). Гарачыя рытмы “Кубінскай румбы” ў момант разагрэлі  залу. Забягаючы наперад, адзначу, што гэтыя музыкі, якія літаральна асляпілі гледачоў  у першых радах сваімі бліскучымі залацістымі камізэлькамі, занялі  трэцяе месца.

    Абавязкова некалькі слоў варта сказаць пра ансамбль духавых інструментаў з ДШМ аграгарадка Чэрні (Брэсцкі р-н) пад кіраўніцтвам Віктара Федчука. Маладыя саксафаністы зрабілі фурор, уразіўшы не толькі гледачоў, але і дарослых музыкаў, і прафесійнае журы неверагодна якасным гучаннем і сучасным падыходам да прачытання класічных і эстрадных кампазіцый.

    Дарэчы, пра журы. У гэтым годзе яно таксама ўразіла сваім пашыраным і прадстаўнічым саставам. Пад старшынствам вядучага метадыста па музычным мастацтве Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра І.О.Зуева лепшыя выкладчыкі Брэсцкага і Баранавіцкага музычных каледжаў, а таксама вядучых музычных школ вобласці вызначалі пераможцаў у шаснаццаці намінацыях (у кожнай па дзве ўзроставыя катэгорыі: дзіцячая і дарослая). Ацэньваліся, перш за ўсё, ступень валодання інструментам, чысціня інтанацыі і  дынамічная палітра гуку, а таксама сцэнічная культура выканаўцаў, касцюмы і многія іншыя крытэрыі.

    Што тычыцца конкурсу сольных выканаўцаў, адразу варта сказаць, што і гледачы, і журы былі здзіўлены адсутнасцю пружанскіх канкурсантаў. Задаваліся пытаннем: дзе нашы таленавітыя музыканты, якія звычайна заяўляюць пра сябе на спаборніцтвах нават рэспубліканскага ўзроўню? Пружанскі раён быў прадстаўлены толькі парай выканаўцаў са школы мастацтваў в. Новыя Засімавічы. Для параўнання, Івацэвіцкая ДШМ выставіла сем нумароў з сямнаццаці, а гонар простай вясковай Чэрнінскай школы абаранялі тры віртуозы. Дарэчы, двое  з якіх і падзялілі паміж сабой першае і другое месцы, дыплом жа III ступені атрымала Ангеліна Сапко з Навазасімавіцкай ДШМ.

    Але, не паказаўшы сябе ў сольным выкананні, пружанцы сабралі вялікі “ўраджай” узнагарод у калектыўным. У намінацыі “Аркестры духавыя” вызначыліся ўзорны духавы аркестр з Пружанскай ДШМ і дзіцячы духавы аркестр з в. Лінова, якія былі ўзнагароджаны дыпломамі I ступені, у дарослай катэгорыі – народны духавы аркестр Пружанскага ГДК, які заняў другое месца.

    У намінацыі “Аркестры эстрадныя” дыпломам вышэйшай ступені заслужана быў адзначаны народны эстрадны аркестр «Біг-бэнд» пад кіраўніцтвам Сяргея Більшэвіча.

    Першае месца ў сваёй узроставай катэгорыі і ва ўзорнага аркестра народных інструментаў “Скамарошына” Пружанскай ДШМ, і ў народнага аркестра народных інструментаў Пружанскага ГДК. Узорны баянны аркестр “Імпрэс” Пружанскай школы мастацтваў заняў трэцяе месца.

    У намінацыі “Ансамблі народныя” пружанцы занялі ганаровыя другія месцы: крыху саступілі лідарам ансамблі “Чараўніцы” і “Гарэзныя струны” з в. Новыя За-сімавічы, а таксама калектыў “Пружанскі палацык” (кіраўнік – Святлана Бартноўская). Іх поспех, але ўжо ў сваёй намінацыі  “Ансамблі класічныя”, паўтарылі народны струнны ансамбль «ARCHI» і струнны ансамбль малодшых класаў Пружанскай ДШМ. Трэцяе месца падзялілі паміж сабой пружанскі ансамбль віяланчэлістаў малодшых класаў і ансамбль трубачоў з Ліноўскай ДШМ.

    Сярод раённых эстрадных калектываў вызначыліся трыа з Шарашоўскай ДШМ і пружанскі эстрадны ансамбль пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Леўчука, які заняў трэцяе месца.

    Адным словам, хтосьці з удзельнікаў пацвердзіў свой “зорны” статус, а хтосьці, магчыма, быў і незадаволены вынікам. Аднак арганізатары конкурсу лічаць, і яны маюць рацыю, што асноўная мэта была ўсё ж такі дасягнута: задавальненне атрымалі і гледачы, і самі ўдзельнікі свята. Сваё  меркаванне пра  мерапрыемства выказаў і кіраўнік народнага эстрадна-джазавага ансамбля “Кавяртон” Ганцавіцкага ДК, вядомы ў вобласці музыкант Сяргей Плотка:

    – Лічу, што намаганняў  у арганізацыю фестывалю ўкладзена шмат,  і за гэта Пружанам  варта  падзякаваць. Адзіным  недахопам лічу характэрную для падобнага роду конкурсаў мітусню за кулісамі і адсутнасць магчымасці своечасова наладзіць альбо пераналадзіць інструменты. Ну, і, канешне, крыўдна, што гледачоў сабралася няшмат.

    Але ж, нягледзячы на гэта,“Калейдаскоп” па-цвердзіў свой статус аднаго з самых яркіх  музычных фестываляў вобласці, а Пружаны адкрылі не адзін дзясятак талентаў і набылі новых сяброў.

    Алена Зялевіч. Фота аўтара і Сяргея Талашкевіча.

    Автор: Алена ЗялевічРаённыя будні

Комментарии (0)