25 Апреля, 2024 Четверг

Танцавальныя перамогі пінчукоў

  • 20 апреля 2017 Культура Беларуская 0

    Нядаўна ў Мінску прайшоў ІІ Міжнародны конкурс-фестываль мастацтваў «Музыкі святло». Пінск не застаўся ўбаку ад такога мерапрыемства. Таленавітыя навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў №3 у складзе трох калектываў прынялі ўдзел у конкурсе, каб выпрабаваць свае здольнасці. Артыстызм, пластычнасць, арыгінальнасць і відовішчнасць танцораў гэтай школы не пакінулі нікога абыякавым. Журы ацаніла сцэнічную культуру, касцюмы, тэхнічнае майстэрства і выканальніцкія здольнасці кожнага з удзельнікаў.

    Сапраўдны талент і прага да творчасці, жаданне выпрабаваць сябе, сказаць сваё слова ў мастацтве танцу кіруюць навучэнцамі гэтай школы. Менавіта таму яны шторазу пакараюць новыя вяршыні.

      Талент і праца пінчукоў былі ацэнены шасцю ўзнагародамі. Ганна Ткачук стала лаўрэатам ІІІ ступені ў намінацыі «Харэаграфія (сола, дуэты)» (педагог Н.Д.Мядзведзева). 

     Лаўрэатам ІІ ступені стаў эстрадны ансамбль танца «Асарці» ў намінацыі «Харэаграфія (эстрадны танец)» ва ўзроставай катэгорыі 11-13 гадоў (педагог С.С.Лук’яновіч). 

      У намінацыі «Харэаграфія (класічны танец)» ва ўзроставай катэгорыі 14-17 гадоў лаўрэатам І ступені стаўансамбль класічнага танца «Натхненне» (педагог Т.Я.Літвіновіч). 

     Такой жа ўзнагародны ўдастоены і ўзорны ансамбль танца «Палясяначка» ў намінацыі «Харэаграфія (народны танец)» ва ўзроставай катэгорыі 11-13 гадоў (педагогі І.М.Кідун і В.К.Паляўчук). 

     Аляксандра Вакульчык стала лаўрэатам І ступені ў намінацыі «Харэаграфія (сола, дуэты)» (педагог Т.Я.Літвіновіч).

     Ад школы ўпершыню паехалі на спаборніцтва салісты. І ўжо даказалі, што нездарма займаюцца гэтай справай.

     Найвышэйшую адзнаку сваіх талентаў атрымаў ансамбль «Палясяначка» - у яго Гран-пры конкурсу. 

     Гордасць і радасць за сваіх выхаванцаў адчуваюць іх педагогі, родныя і сябры. Гэта першая высокая ўзнагарода за доўгі час. І цяпер юнымі танцорамі кіруе прага да пакарэння новых высот.  А яшчэ «Палясаначцы» былі ўручаны сертыфікаты на ўдзел у Міжнародным харэаграфічным лагеры «Грані танца» у г.Геленджык і ў ХІІІ Міжнародным фестывалі-конкурсе «Караван культур» у Польшчы.

      Фестывалем «Музыкі святло» не скончыліся перамогі выхаванцаў ДШМ №3. Адразу пасле гэтага конкурсу педагог І.М.Саўчанка павезла сваіх танцораў на фестываль «Скрыжаванні». Вярнуліся ўдзельнікі калектыву «Асарці» лаўрэатамі І ступені. А крыху пазней малодшая і сярэдняя групы гэтага ж калектыву (педагогі А.В.Толшына і С.С.Лук’яновіч адпаведна) здабылі на конкурсе «Новыя вяршыні» дыпломы лаўрэатаў ІІІ ступені.

      І вось на мінулым тыдні ў намінацыях «народны танец» і «канцэртны нумар» навучэнцы школы заваявалі дыпломы І ступені на абласным конкурсе харэаграфічнага мастацтва «Скарбніца талентаў».

      Кожны, хто знаёмы з творчасцю гэтых калектываў і салістаў, неверагодна ганарыцца імі і жадае новых перамог. Спадзяемся, што яны хутка зноўку з’явяцца.

    Автор: Ірына ДзенісовічПінскі веснік

Комментарии (0)