19 Апреля, 2024 Пятница

Гучала вершаваная класіка

  • 20 апреля 2017 Культура Русский 0

    2017год  — год  1155-годдзя беларускай дзяржаўнасці, 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, а таксама юбілеяў класікаў літаратуры

    Таму гэты  час — добрая падстава для прапаганды чытання і роднага слова. 21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, дадзены старт рэспубліканскаму конкурсу юных чытальнікаў ”Жывая класіка“, удзел у якім прымаюць навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ўсёй Беларусі. Заснавальнікі конкурсу — Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, ГА ”Саюз пісьменнікаў Беларусі“, ЗАТ ”Сталічнае тэлебачанне“ лічаць,  што ў сучасным камп’ютарызаваным свеце такія мерапрыемствы могуць прыцягнуць увагу дзяцей і моладзі. Гэты праект — значны крок на шляху адраджэння цікавасці да беларускай літаратуры і культуры ў сучаснага пакалення школьнікаў. Гэты конкурс ідзе пад дэвізам: «Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе i краiну!».

    Асноўнымі мэтамі і задачамі з'яўляюцца: павышэнне цікавасці дзяцей і падлеткаў да чытання, развіццё і захаванне высокіх маральных каштоўнасцяў і ідэалаў беларускага грамадства, выхаванне падрастаючага пакалення на лепшых узорах нацыянальнай літаратуры, прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблематыкі чытання, пашырэнне чытацкага кругагляду, пошук і падтрымка таленавітай моладзі.

    Актыўнымі ўдзельнікамі яго сталі вучні сярэдніх школ Дубровенскага раёна. Па выніках школьнага этапа вызначылі 60 удзельнікаў раённага конкурсу чытальнікаў. Больш за тры часы ў актавай зале раённага Цэнтра дзяцей і моладзі гучала паэтычнае беларускае слова. Выканаўцы падрыхтавалі вершаваныя творы: знаёмыя і не вельмі вядомыя, розныя па аб’ёме і змесце. Чытальнікі вельмі адказна падыйшлі да выканання конкурсных твораў: былі і відэапрэзентацыі, і музычнае суправаджэнне. Некаторыя ўдзельнікі  перетварылі выкананне вершаванага твора ў мініспектакль. Створаныя сцэнічныя вобразы былі вельмі выразнымі, а тэматыка вершаў — разнапланавай. Але, што б ні чыталі выканаўцы — пейзажную, філасофскую ці патрыятычную лірыку — было зразумела, што дзеці вельмі тонка адчуваюць моўны матэрыял і імкнуцца перадаць эмацыянальныя адценні, якія выклікаў той ці іншы твор ў іх душы.

    Таму так цікава было назіраць за выканаўцамі і гледачамі, таму так цяжка было працаваць журы, асабліва, калі адзін і той жа верш чыталі некалькі ўдзельнікаў.

    У выніку пераможцамі раённага этапа конкурсу чытальнікаў “Жывая класіка» у сваіх узроставых катэгорыях сталі Вікторыя Маркоменка (Будская школа), Паліна Капылова, Ганна Мендзелева, Валерыя Моўчан, Крысціна Цімашэўская, Юлія Кляпіцкая (сярэдня школа №1), Лера Кліментовіч (Зарубская школа).

    Вікторыя Субоціна (Будская школа), Ганна Шарахаева (Асінторфская школа), Вера Арбузава (Сваташыцкая школа), Ніна Мамановіч (сярэдня школа №1) —  2 месца.

    Екацярына Кубракова (Асінторфская школа), Вольга Белавусава (Дабрынская школа), Данііл Паўлаў (Асінторфская школа), Ігар Маісеенка (Сваташыцкая школа) —ІІІ месца.

    Зараз вызначаюцца тыя, хто будзе прадстаўляць наш раён на абласным этапе конкурсу. А фінальныя мерапрыемствы пройдуць у Дзень беларускага пісьменства ў Полацку.

    Автор: Алена КАРСАКОВА.Дняпроўская праўда

Комментарии (0)