29 Марта, 2024 Пятница

Маёй краіне

  • 03 мая 2017 Культура Русский 0

    На мінулых выхадных у Гомельскай вобласці стартавала грамадска-патрыятычная акцыя "#МАЁЙКРАІНЕ". Прыемна і каштоўна тое, што пачатак праекта сёлета дадзены ў Хойніках.

    У ходзе рэспубліканскага суботніка актывісты раённай арганізацыі БРСМ правялі маладзёжную экалагічную працоўную акцыю пад дэвізам «Труд – крут!». Яны разам з піянерамі добраўпарадкоўвалі сядзібу Ястржэмбскіх ХІХ ст. у Барысаўшчыне. Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама С.М. Кушнер і дырэктар ТЦСАН Г.М. Скачко наведалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны разам з артыстамі ансамбля «Спадчына».

    Асноўным месцам добрых спраў стала адкрытая пляцоўка каля цэнтра культуры г. Хойнікі.Першымі, хто завалодаў увагай гледачоў, сталі ўдзельнікі спартыўнай сямейнай эстафеты «Я, ты, он, она – мы здоровая страна!», арганізаванай аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Чатыры актыўныя і спартыўныя хойніцкія сям’і – Звягіны (СШ № 3), Аксёнавы (гімназія), Каток (СШ № 1) і Зіновенка (СШ № 2) – у чэснай барацьбе выяўлялі, хто ж з іх самы спрытны, хуткі і моцны. Таты, матулі і іх дзеці з лёгкасцю справіліся са скакалкай, тэніснай ракеткай і мячыкам, нават круціць хулахуп без папярэдняй трэніроўкі атрымалася паспяхова. Побач размясціліся цікавыя і ўнікальныя ў сваім родзе выстаўкі нашых умельцаў.

    Здзіўлялі працы работнікаў Дома рамёстваў – разныя драўляныя вырабы, дэкаратыўныя бутэлькі і мяккія лялькі, працы майстроў са Стралічаўскай школы – плеценыя паясы, вырабы з халоднага фарфору. Са Стралічаўскага цэнтра культуры і вольнага часу прывезлі яркія самаробныя магніцікі, статуэткі анёлаў. Прывабна выглядалі работы Слабажанскага цэнтра культуры – гаспадынькі маглі выбраць на свой густ фартух ці прыхватку для кухонных патрэб.

    Выстаўкі прадметаў прафесійнага выкарыстання зрабілі супрацоўнікі мясцовай пажарнай службы і калектыў таварыства ратавання на водах. Своеасаблівыя фотазоны былі арганізаваны раённымі арганізацыямі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, «БРСМ», «ФПБ», «Белай Русі», любы жадаючы мог атрымаць поўную інфармацыю пра карысныя праекты. За добры настрой адказвалі артысты мастацкай самадзейнасці раёна. Цудоўныя нумары гледачам дарылі юныя танцоры і танцоркі з дзіцячай школы мастацтваў і ўзорнага калектыву эстраднага танца «Драйв», а таксама каманды па чэрлідынгу другой і трэцяй гарадскіх школ. У цэнтры ўвагі былі і дзяучыны-хадулісткі ў нацыянальных касцюмах.

    Увечары для хайнічан прайшоў канцэрт «Беларусь – мая зямліца, мой выток, мая крыніца…», дзе, акрамя добра знаёмых мясцовых выканаўцаў – ансамбля «Крыніца», артыстаў цэнтра культуры, выступілі спевакі прадзюсарскага цэнтра пры Гомельскай абласной філармоніі «ARTbiz». У яго ходзе са сцэны словы пашаны хойніцкім гледачам выказалі старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры М.Р. Жукевіч і лідар піянераў Гомельшчыны А.М. Карпенка.

    Падарунак самым маленькім жыхарам горада зрабіла рэспубліканская піянерская арганізацыя – на тэрыторыі СШ №3, дзе вучыцца самая вялікая колькасць дзяцей, будзе абсталявана гульнявая пляцоўка. Гэты падарунак набыты за сродкі, сабраныя ў час піянерскай акцыі па здачы другаснай сыравіны. Фіналам насычанага творчага дня стала маладзёжная дыскатэка «Движение. Красота. Свобода» з удзелам добра вядомага дзіджэя Аля з Гомеля.

    Акцыя "#МАЁЙКРАІНЕ" набірае абароты. Яе мэта, як і летась, – прыцягнуць увагу моладзі да канкрэтных каштоўных спраў дзеля дабрабыту Беларусі. Фотасправаздачы публікуюцца ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» на старонцы пад назвай "#МАЁЙКРАІНЕ". З гонарам паведамляем, што аднымі з першых свае фотаздымкі там размясціла раённая газета. Адважцеся і вы разам з намі!

    Автор: Алеся ЯчиченкоХойникские новости
    Теги: 

Комментарии (0)