17 Сентября, 2019 Вторник

Як зразумець Эдуарда Ханка?

  • 11 мая 2017 Культура Беларуская 0

    Нечаканы скандал узварухнуў ціхую паверхню чысцюткага возера беларускай эстрады. Хвалі — узрушэння ці абурэння (ці за адзін ці за другі бок) — пайшлі далёка, атрымалі рэзананс: Ханок супраць выкарыстання яго песень САМЫМІ тытулаванымі сёння айчыннымі артыстамі… Сапраўды дзіўна: усе ж нашы, і такія блізкія, харошыя людзі. І Ядзвіга Паплаўская ў складанай, вельмі эмацыянальнай сітуацыі, у якой немагчыма ёй не спачуваць, і немагчыма не зразумець: той вечар, калі гучалі песні дзеля ўспамінаў пра Аляксандра Ціхановіча, для яе быў больш, чым выступленне на сцэне (магчыма, таму яна ўпусціла фармальнасці, звычайныя для канцэрта?). Гэта быў вечар-ВЯЧЭРА, на саракавіны, куды запрасілі сяброў. І ўсе гэта зразумелі...

    Прынцыпова не пагадзіўся зразумець Эдуард Сямёнавіч: ён-та прысутнічаў на канцэрце. З фармальнага боку гэта так. І з фармальнага боку свяшчэннае аўтарскае права — найвышэй за ўсё. За людзей, якія жывыя, і ім баліць; за тых, якіх ужо няма, і якім, успомніўшы нашага самага маральнага пісьменніка Васіля Быкава, ужо не баліць. Тады, калі мы чыталі гэтую аповесць, то разумелі, што па-чалавечы, а што — не. І як жа разумець, чаго сапраўды хоча Эдуард Сямёнавіч, таму што сам ён то нагадвае пра фінансавыя абавязкі спевакоў, то яго нібыта «грошы не цікавяць», ён толькі за справядлівасць, незалежна ад цаны пытання. Таму што ў канцэрце сапраўды героі — не толькі артысты, але і аўтары песень. Але і Ядзвігу Паплаўскую зразумець можна: калі б гучала шмат імёнаў, то за імі згасла б тое імя, дзеля якога яна ўсё гэта арганізавала.

    І Эдуарда Ханка зразумець можна не толькі з пункту гледжання Канстытуцыі і аўтарскага права. Бо Эдуард Сямёнавіч — больш, чым кампазітар. Справа не столькі ў яго высокай, вельмі высокай музычнай адукацыі, якую ён атрымаў у Маскоўскай кансерваторыі: такая адукацыя давала падставы ствараць маштабныя музычныя творы, але ён аддаў перавагу таму, каб ствараць песні. Хіты. Іх спявалі топ-артысты СССР, адна Пугачова чаго вартая. Яны вельмі хутка (на дзіва, значна хутчэй, чым маштабныя акадэмічныя творы) прыносілі славу аўтару.

    Паводле таго, як жылі, як доўга трымаліся яго хіты на піку папулярнасці, кампазітар прыйшоў да разумення законаў, якім падпарадкоўваецца шоу-бізнес — савецкі ці сусветны. Эдуард Ханок прапанаваў уласную «тэорыю хваляў», якую абгрунтаваў на прыкладзе савецкіх артыстаў, з якімі быў знаёмы і за творчасцю якіх назіраў.

    Крыху больш за 20 гадоў таму на старонках «Звязды» мы ўпершыню звярнуліся да «тэорыі хваляў» Эдуарда Ханка. Сам аўтар тлумачыў законы папулярнасці, з канкрэтнымі прыкладамі. Самым яскравым прыкладам для яго стала якраз Ала Барысаўна, чыя папулярнасць, на думку тэарэтыка, стала зніжацца. На думку аўтара тэорыі, пяць-шэсць гадоў можна пратрымацца на піку хвалі — і пачынаецца спад, цікавасць зніжаецца і чалавека наогул могуць забыць. І тады патрэбныя іншыя нагоды, каб узняць чарговую хвалю: пластычныя аперацыі, пра якія гаворыць уся краіна, новыя мужы, якіх абмяркоўваюць… Ды што там казаць, любы скандал, згодна з тэорыяй Ханка, здольны ўзняць новую хвалю цікавасці да артыста, пасля чаго ў яго зноў канцэрты, гастролі, заробкі...

    Тэорыя Ханка мела рэзананс. Ён яе папулярна выклаў напрыканцы 90-х гадоў у кнізе і пасля з'яўлення «Пу-га-чоў-шчы-ны!» здолеў прыцягнуць цікавасць ужо да сябе, стаў запатрабаваным, нават у Маскве. Было шмат інтэрв'ю, сустрэч, дзе Эдуард Ханок тлумачыў сутнасць свайго вынаходніцтва, атрымаўшы… сваю хвалю папулярнасці на былой вялікай постсавецкай прасторы.

    Яна пайшла на спад, відаць, тады, калі пакрыўджаная Пугачова запатрабавала публічнага прабачэння ад Ханка, які для яе быў найперш кампазітарам, аўтарам некалькіх песень, што сталі папулярнымі ў яе выкананні. І тут інтарэс быў узаемны: гэта гонар, калі першая спявачка краіны бярэ для выканання твае песні.

    Эдуард Сямёнавіч насамрэч і гэта выдатна разумее: шмат што ў поспеху песні залежыць ад артыста — яго вакальных якасцяў, таленту, харызмы. Але той момант, калі выканаўца забяспечвае папулярнасць і вядомасць кампазітару, аўтарскае права не адлюстроўвае. А тут не ўсё так проста. Бо нават у некаторых песень Ханка было па некалькі выканаўцаў, але толькі адзін з іх змог ператварыць твор у шлягер. Напрыклад, «Зіма» стала папулярнай дзякуючы Эдуарду Хілю (хоць спявалі яе і іншыя), а песня «Здравствуй, чужая милая» нібыта чакала Аляксандра Саладуху. Ды ў адным інтэрв'ю сам Эдуард Ханок прызнаваўся, што «Жураўліка» ды «Песню першакласніка» сама Пугачова «на яго вачах зрабіла» — у тым выглядзе, у якім гэтая песня прыйшла да слухачоў. Ды і тое ж у дачыненні да славутай «Малінаўкі», ці вось яшчэ цытата Ханка з інтэрв'ю наконт песні «Вы шуміце, шуміце, нада мною бярозы», які ў яе быў бы лёс: «Калі б яна не спадабалася салісту «Сяброў» Анатолю Ярмоленку, які давёў яе да розуму...» Але гэта Эдуард Ханок казаў, калі ўжо палічыў, што перарос прафесію кампазітара і стаў тэарэтыкам (і жыў гэтым).

    Але адпрацаваная тэорыя ўжо адпрацавалася. Прайшоў час… Жыццё такое: часам прыходзіцца вяртацца ў мінулае і зноў лічыць сябе найперш кампазітарам. Актыўна нагадваць пра гэта, сцвярджаючы правы кампазітара (якія не надта хвалявалі тэарэтыка).

    Новая хваля?

    Автор: Ларыса ЦімошыкЗвязда
    Теги: 

Комментарии (0)