Незвычайная выстаўка адкрылася ў Івацэвіцкім гісторыка-краязнаўчым музеі
Ці ведаеце вы, хто такі Жыцень? А як выглядаюць і што вырабляюць часам у вашай хаце злыдні? І дзе жыве палахлівы Ёўнік? Дзе можна сустрэць Лазавіка і Жэўжыка?
Усе гэтыя асобы – стварэнні беларускага народнага фальклору, неад’емная частка беларускай культуры. І, на жаль, амаль забытая намі…
У дахрысціянскія часы, калі верай нашых прод-каў было паганства (язычніцтва), міфалагічныя істоты арганічна ўпісваліся беларусамі ў іх лад жыцця. Кожная з такіх істот мела сваё прызначэнне, валодала асаблівым характарам, патрабавала да сябе пэўнага рытуалу дзейнасці.
Многім вядомы (ці не дзякуючы дзіцячым мульцікам?) звычайны Хатнік – той, хто прыглядаў за парадкам у хаце, апекваўся гаспадынямі. Калі добрая гаспадыня была, то дапамагаў, а як не сачыла за парадкам – то шкодзіў. У лазні жыў Лазнік, у хляве за скацінай ды запасамі сена назіраў Хлеўнік, у ёўні (гэта такая пабудова, дзе сушылі перад малацьбой снапы збожжа) жыў Ёўнік, ганяў мышэй. А ў жытнёвым полі гаспадарыў Жыцень, гэта яму раней жанкі пакідалі на полі нязжатымі тры каласы з аднаго кораня, перавязвалі іх чырвонай стужачкай – дзякавалі за ўраджай…
Уся сістэма вераванняў старажытных беларусаў была падпарадкаваная аднаму галоўнаму правілу: жыць у суладдзі з людзьмі і прыродай, прымаць навакольны свет як цэльнае і жывое…
Пабачыць міфалагічных істот беларусаў у малюнках і скульптурах і запрашае сёння наш музей.
Доўгі час гэтыя істоты жылі толькі ва ўяўленні і апісаннях, пакуль беларускі мастак В. П. Славук не ажывіў іх у малюнках – ён прамаляваў больш за 100 герояў беларускай міфало-гіі. Ну, а скульптар А. В. Шыпіца ўвасобіў іх, так мовіць, у рэальным аб’еме.
Каштоўнасць зробленага толькі на першы погляд падаецца нязначнай.
Згадайце нядаўні бум сярод дзяцей на так званых бонсцікаў – маленькіх фантастычных істот, якіх адзін сеткавы магазін прыдумаў і даваў пакупнікам, калі сума пакупкі перавышала пэўную велічыню. Дзеці збіралі калекцыі, абменьваліся, гуляліся з імі… Скандынаўскія краіны адна перад адной адстойваюць свае правы на месца нараджэння розных гоблінаў, троляў і іных герояў старадаўніх міфаў, бо для развіцця турызму ў гэтым ёсць велізарны патэнцыял. Наладжана цэлая прамысловасць па вытворчасці казачных і міфалагічных істот, гэта прыносіць свае прыбыткі. Больш за тое: ужо сёння створаны камп’ютарныя гульні ў фармаце 3-Д, так званай віртуальнай прасторы, дзе герою прапануецца пабываць у царстве міфалагічных істот. Дарэчы, пры-хільнікамі беларускай міфалогіі ўжо зроблена пачатковая версія такой гульні, і яна была прадстаўлена ў музеі на прэзентацыі – жадаючыя маглі надзець спецыяльныя акуляры і пабываць унутры беларускага міфа…
Шкада, што яшчэ многага ў нас няма. Да прыкладу, каб можна было падчас наведвання выстаўкі набыць невялічкія фігуркі таго ж Хатніка. Хай бы жыў на кухні. Чым не наглядчык за справамі гаспадарскімі? Варта ж помніць, што хатнік вельмі не любіў спрэчкі ды сваркі між мужам і жонкай, не пераносіў на дух мацерную лаянку. Хіба зашкодзіць такі ахоўнік вашай хаце? Але да хоць бы рамесніцкага вырабу фігурак – шлях не такі просты. Ды галоўнае ў нас усё ж ёсць – аснова, якая была зроблена з выданнем кнігі з малюнкамі герояў. Такім чынам мы, беларусы, зрабілі іх сваімі, і няма цяпер боязі, што іх могуць украсці. І смяяцца тут не трэба – у наш век, калі галоўнай у вытворчасці і продажу з’яўляецца ідэя, крадуць не толькі нешта матэрыяльнае, а часцей менавіта духоўнае, якое пасля ўвасобліваюць у канкрэтны прыбытак…
Ёсць і яшчэ адно ў нас з вамі: свая беларуская міфалогія, абуджэнне цікавасці да яе, а гэта – вяртанне да сваіх каранёў, умацаванне сапраўднага падмурка патрыятызму ў самым шырокім яго сэнсе.
Наведайце выстаўку. Далібог, не пашкадуеце самі, пабачыўшы на свае вочы тых, хто жыў з нашымі дзядамі, не пашкадуюць вашы дзеці – ім так блізка родная казка і свой міф.
Валерый Гапееў, фота аўтара.
Комментарии (0)