18 Апреля, 2024 Четверг

У вёсцы Святляны Смаргонскага раёна ёсць адмысловы Дом ганчара

  • 15 мая 2017 Культура Беларуская 0

    Гаршкалепы, гаршэчнікі, паліўнікі – менавіта так некалі называлі ў вёсцы ганчароў. Яны стваралі гаршкі, збаны, розны гліняны посуд, кафлю. Гэтым рамяством звычайна займаліся, каб атрымаць дадатковы прыбытак у сям’ю. Веды і вопыт перадаваліся ад бацькоў дзецям. Сёння большасць ганчарных вырабаў мае дэкаратыўна-прыкладное прызначэнне. А ведамі дзеляцца нешматлікія майстры-прафесіяналы з усімі, хто жадае авалодаць старажытным рамяством.

    У вёсачцы Святляны ёсць адмысловы Дом ганчара, дзе знаходзіцца майстэрня члена Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Сяргея Нагаева. У старым будынку колішняга святлянскага клуба браты Нагаевы ў 1993 годзе стварылі сваю творчую майстэрню. Цяпер тут вельмі прывабная сядзіба са сваім адметным ландшафтным дызайнам, з музеем, традыцыямі.

    Пра тое, якім чынам можна адарваць школьнікаў ад тэлевізараў і камп’ютараў, мы размаўлялі з гаспадаром школы ганчарнага майстэрства, майстрам-метадыстам раённага Дома рамёстваў Сяргеем Нагаевым. Сяргей Аляксандравіч упэўнены, што той, чые рукі аднойчы дакрану-ліся да жывой гліны, чые пальцы адчулі падатлівасць і цяпло гэтага матэрыялу, не застанецца раўнадушным. Ён захоча зноў і зноў перажыць незвычайныя пачуцці, выкліканыя судакрананнем да эластычнага жывога камяка, што ператвараецца ў тваіх руках у прыгожую рэч.

    А пакуль мы гутарылі, у Святлянскі Дом ганчара збіраліся хлопчыкі і дзяўчынкі з мікрараёна Карані і нават з аграгарадка Асінаўшчызна. У той дзень, нягледзячы на халоднае надвор’е, на заняткі прыйшлі дванаццаць чалавек. Пераважная большасць — вучні 7 “А” класа СШ №6. Адны спачатку накіроўваліся да гарачай печкі, а іншыя адразу беглі да мяшкоў з глінай і, набраўшы ў прыгаршчы падрыхтаваную масу, дзялілі на кавалачкі і пачыналі ляпіць тое, аб чым не ведаў нават іх настаўнік. Толькі калі да майстра звярталіся за парадай, Сяргей здагадваўся пра намеры сваіх юных гаршкалепаў. Дарэчы, большасць з іх за першы год навучылася гаршкі ляпіць, праўда, пакуль без ганчарнага круга. Умеюць яны вылепіць з чырвонай гліны розныя цікавыя сувеніры: коцікаў, зайчыкаў, хаткі, кошычкі з садавінай і вазачкі з кветкамі. На вялікім і шырокім паддоне, як на выставе, месціцца ўсё гэтае багацце. Ёсць там нават кукуці – так у Крэве называюць гліняныя свістулькі.

    Сяргей Нагаеў пажартаваў, што зусім распусціў сваіх выхаванцаў і прыгадаў гістарычны факт, што ў Японіі вучань ганчара пяць гадоў меў права толькі падлогу падмятаць у майстэрні, а допуск да гліны атрымліваў, калі пачынаў разумець кошт і патэнцыял гэтага матэрыялу. У наш хуткасны і імпульсіўны час стрымліваць юначы энтузіязм не пажадана. Таму майстар-ганчар дазваляе пачаткоўцам адразу паспытаць пругкасць і паслухмянасць гліны, вывучаць на практыцы яе капрызнасць і магчымасці.

    На самой справе, калі дзеці заўзята займаюцца справай, то дурэць ім часу не застаецца. Прыемна было назіраць, як засяроджана выціскалі паўсферы з пругкага кавалка гліны Лера Паўлоўская і Лёша Супрановіч. Яны рэгулярна наведваюць урокі ганчарнага майстэрства, прыязджаючы з Асінаўшчызны. Лера дзякуючы гэтым заняткам вызначылася са сваёй будучай прафесіяй: яна марыць стаць скульптарам. Вучні 7 “А” класа СШ №6 Антон Трызна, Дзіяна Ралавец, Саша Міхалёнак, Вадзім Паўлюкоўскі і Дзіма Грэцкі пакуль проста знаходзяць задавальненне ў тым, што могуць уласнымі рукамі зрабіць прыгожую і карысную рэч. Падарыць сваім родным творы ўласнага вырабу яны змогуць тады, калі пачне працаваць спецыяльная печка, у якой загартуюцца гліняныя сувеніры.

    А пакуль ідзе працэсс навучання, спасціжэння, пазнання.

    Автор: Ала СТРАШЫНСКАЯСветлы шлях
    Теги: 

Комментарии (0)