25 Апреля, 2024 Четверг

Праязджаючы мясцінамі Яўгеніі Янішчыц на Палессі

  • 30 мая 2017 Культура Беларуская 0

    Палеская ластаўка — так называюць паэтку Яўгенію Янішчыц. Яна вылецела з роднага гнязда і сапраўды праславіла свой край. Паэтка была папулярнай ужо пры жыцці. Але і пасля смерці яе песня не змаўкае. Памяць аб ёй ашчадна захоўваюць на радзіме — у вёсках, дзе яна ўпершыню пабачыла свет, спазнавала жыццё, скончыла школу і, натуральна ж, пісала першыя вершы. Карэспандэнт «Звязды» выправілася ў літаратурную вандроўку разам з супрацоўнікамі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, каб адчуць дух тых мясцін і пастарацца ўбачыць, што ж дало ёй моцы ўзляцець так высока?

    Яўгенія Янішчыц нарадзілася ў вёсцы Рудка Пінскага раёна. Дом захаваўся дагэтуль. У свой час у ім меркавалі зрабіць музей. Але, як гэта часта здараецца, там ужо жылі іншыя людзі. Усе прапановы аб абмене дома паэткі на камфартабельнае жыллё яны адхілілі. Жывуць там і цяпер, далёкія ад думак аб захаванні памяці пра слаўную зямлячку.

    Затое музей Яўгеніі Янішчыц працуе пры Парэцкай сярэдняй школе — менавіта там, дзе вучылася Жэня. Праўда, мураваны будынак школы, у які хадзіла паэтка, знаходзіцца праз дарогу, а сённяшні, большы па памерах, быў пабудаваны крыху пазней.

    Пра стварэнне музея ў школе паклапацілася Антаніна Сідарук. Калісьці яны былі знаёмыя з Жэняй, вучыліся ў адной школе і нават з'яўляюцца далёкімі сваячкамі. У іх абедзвюх быў любімы настаўнік Фёдар Цудзіла. Калі Жэні не стала, менавіта ён сказаў, што падтрымаць памяць пра паэтку яны проста абавязаны.

    Такім чынам пачалася карпатлівая праца па зборы экспанатаў, якая расцягнулася на восем гадоў. Ёй і займалася Антаніна Сідарук, якая сёння з'яўляецца загадчыцай музея Яўгеніі Янішчыц.

    У свой час яна ездзіла ў Мінск, у Брэст, у розныя вёскі, збіраючы ўсё, што неяк было звязана з паэткай. Сустракалася з аднакласнікамі, аднакурснікамі Жэні. Калі экспанаты былі сабраныя, давялося адвучыцца ў Брэсце на курсах, каб зразумець, як правільна адкрыць музей.

    Першы зборнік быў рукапісны

    Сёння ў музеі знаходзіцца 1300 экспанатаў асноўнага фонду і 340 — дапаможнага. Тут захоўваюцца і рукапісы, і асабістыя рэчы, і пасведчанні аб нараджэнні, аб заканчэнні васьмігодкі і многае іншае.

    — Жэня нарадзілася 20 лістапада 1948 года ў вёсцы Рудка ў простай сялянскай сям'і, у звычайнай хаціне. Хрысцілі яе ў царкве ў вёсцы Парэчча, — расказвае Антаніна Сідарук, калі праводзіць экскурсію па музеі. — У два гады Жэня ўжо магла расказаць маці, аб чым размаўляюць жанчыны на вуліцах, а ў чатыры была здольная паказаць, хто дзе жыве, — гэта сведчыць пра яе вельмі добрую памяць. У пяць гадоў яна папрасіла, каб яе адвялі ў Рудкаўскую школу. Але дзяўчынку аддалі туды толькі ў 1955 годзе. У чацвёртым класе дзеці разам з класным кіраўніком рыхтавалі свята для мам. На тым свяце Жэня прачытала свой першы верш, прысвечаны матулі. Потым вучылася ў Мерчыцкай васьмігодцы. Там прачытала яшчэ адзін верш пра маму. Гэта былі самыя раннія яе творы.

    У музеі захоўваецца вучнёўскі сшытак, у якім Жэня занатоўвала, як пачала пісаць вершы. Там яна апавядала, чаму вырашыла ствараць пэўны твор, колькі часу на яго патраціла.

    Першы зборнік паэткі таксама быў рукапісны. Ён называўся «Першыя россыпы». У адным з вершаў, які называецца «Мой падарунак», паэтка кажа:

    «Што ж такое аставіць

    людзям?

    Што ж такое ім падарыць?

    Людзям-сведкам

    і людзям-суддзям,

    Для якіх я радзілася жыць.

    Можа, кветак букецік весні?

    Мо, агеньчык ў далёкай

    глушы?

    Падару лепей людзям песню,

    Песню — голас маёй душы».

    Першыя вершы Жэня дасылала ў раённую газету «Палеская праўда». Потым друкавалася ў абласной газеце, пазней і ў рэспубліканскіх газетах і часопісах. У музеі захоўваецца шэсць сшыткаў з яе вершамі.

    Будучы яшчэ вучаніцай, маладая паэтка атрымала ліст ад Ніла Гілевіча. Гэта была свайго роду сенсацыя. Усе ў школе прыйшлі, каб убачыць і прачытаць гэты ліст...

    Яўгенія паступіла ў сталічны ўніверсітэт, пачала займацца там у літаратурным аб'яднанні «Узлёт», якім кіраваў Алег Лойка. Амаль у кожнай газеце «Беларускі ўніверсітэт» змяшчаліся яе творы. У 1971 годзе паэтку прынялі ў Саюз пісьменнікаў.

    — У нашым музеі ўсё сапраўднае, — працягвае аповед Антаніна Сідарук. — Гэта адзенне, абутак, вэлюм, вянок. Таксама пантофлі, сумачкі, касметычка. Яе папкі са з'ездаў пісьменнікаў… Як і іншыя вясковыя людзі, Жэня ўмела рабіць усё — жаць жыта, палоць буракі, дапамагала маці па гаспадарцы. Але любімым яе заняткам было вышыванне. На стэндзе ёсць дзве навалачкі, якія яна вышыла, калі была вучаніцай 6—7 класа, а таксама абрус, вышыты ўжо дарослай знакамітай паэткай. Таксама можна ўбачыць 16 сурвэтак з карункамі і посцілку, якую яна выткала сама.

    Сваё 40-годдзе Яўгенія Янішчыц прыехала адзначыць да мамы на радзіму ў вёску Велясніца. А ў мінскую кватэру, якую толькі атрымала ў самым цэнтры, на вуліцы Старажоўскай, ішлі віншаваць сябры. Але гэтыя віншаванні прымала яе суседка.

    Жэня адзначыла юбілей вельмі сціпла — была толькі мама, старэйшы брат і дзве суседкі, якім прысвячала свае вершы. Потым яна вярнулася ў Мінск. 25 лістапада выправіла сына ў школу і больш ніколі яго не сустрэла. Паэтка трагічна пайшла з жыцця.

    «А сама сядзела з начніком, пішучы вершы»

    Усе сваякі Яўгеніі Янішчыц адгукаюцца пра яе надзвычай цёпла. Напрыклад стрыечная сястра Раіса Баран расказала карэспандэнту «Звязды»:

    — Яўгенія была старэйшай за мяне на восем гадоў. Мы раслі ў суседніх вёсках, разам гадаваліся. Мая маці, калі ёй трэба было некуды адлучыцца, прыводзіла мяне да Жэні, каб тая прыглядала за мной. Яна брала мяне ў грыбы. Калі мы хадзілі па лесе, Жэня часта спынялася, разглядвала штосьці — пэўна, да яе прыходзілі новыя вобразы. Мы вярталіся дадому, перабіралі тое, што назбіралі. Потым я клалася спаць, а Жэня брала сшытак, нешта пісала, крэмзала ў ім. Мне казала: «Спі, спі», а сама доўга сядзела з начніком, пішучы вершы. Пазней мы часта ездзілі да яе ў Мінск. Яна ўсіх родных цёпла прымала, падтрымлівала, калі здаралася нейкая бяда.

    Сваімі ўспамінамі падзялілася і жонка стрыечнага брата паэткі Алена Патапчук:

    — Я Жэню добра ведала, мы разам хадзілі ў школу. Мы з мужам з цеплынёй яе ўспамінаем. Яна вельмі шчырая была, заўсёды гатовая дапамагчы. Я проста здзіўлялася, як у яе ўсё было распісана, проста не мелася вольнага часу. Але калі мой муж ляжаў у бальніцы, Жэня пастаянна наведвала яго. А калі я прыехала, нават паспела павадзіць мяне па Мінску, паказаць горад. Хаця яе чакалі здымкі на тэлебачанні… Вясёлай была, жыццярадаснай, спяваць любіла. Частавала нас дранікамі, грыбным супам, пірагамі. Гаспадыняй яна была надзвычай добрай. Залаты чалавек.

    «Не сходзяцца гара з гарою...»

    Хтосьці кажа, што з будучым мужам Сяргеем Панізнікам паэтка пазнаёмілася на сходзе Саюза пісьменнікаў. Аднак ёсць іншая версія.

    — Не ведаю, наколькі гэта праўда, але ў нас казалі, што калі Сяргей Панізнік працаваў настаўнікам, то вёз сваіх вучняў на экскурсію ў Парэчча. У той час Жэня хадзіла па сваім двары ў вёсцы. Яна вучылася тады ў дзясятым класе, але ўжо пісала вершы, друкавалася ў «Полымі», «Маладосці». Сяргей убачыў дзяўчыну, зайшоў у двор, каб папрасіць вады, і так пазнаёміўся з Жэняй. Пэўна, ён пацікавіўся, чым займаецца дзяўчына, — яна расказала, што піша вершы. З гэтага ўсё і пачалося, — апавядае Раіса Баран. — Мама Яўгеніі казала, што Сяргей Панізнік прыехаў другі раз, каб узяць інтэрв'ю ў маладой паэткі. Падарыў ёй свае фотаздымкі, якія падпісаў так: «Сённяшняй і заўсёдняй Яўгеніі». Быццам прарочыў, што будуць разам.

    Калі было іх вяселле, уся вёска збеглася, каб яго паглядзець. Свята ладзілі ў Верасніцы, непадалёк ад Пінска. Там і цяпер стаіць вялікі чырвоны дом, у якім калісьці жыла яе сям'я. Сёння тым домам валодае пляменніца паэткі.

    — Я вельмі добра памятаю яе вяселле з Сяргеем Панізнікам, — працягвае Раіса Баран. — Яно вельмі адрознівалася ад усіх нашых. Яна нават вэлюм надзела іншы — зусім кароткі. У жаніха была брошка замест гальштука. Мы глядзелі на іх, як зачараваныя. Там гучалі жалейкі, размаўлялі на мове. Усё ладзілася па-беларуску і надзвычай грандыёзна. Іх сватам быў Ніл Гілевіч.

    — Памятаю іх такімі прыгожымі! Яна — пяшчотная, тоненькая, зграбная. Ён — высокі, абаяльны юнак, быццам сапраўдная галівудская зорка. Мы былі проста зачараваныя.

    — Пазней у іх нарадзіўся маленькі Андрэйка. Жэня часта прывозіла яго на вёску да бабулі. У той час Сяргей Панізнік жыў у Чэхаславакіі, працаваў ваенным журналістам, і яна таксама туды паехала. Але пасля нешта ў іх не заладзілася...

    — У адным з вершаў Яўгенія пісала:

    «Не трэба кахаць мяне

    за рамяство,

    Перш-наперш я проста

    жанчына».

    Можа быць, гэтыя радкі адрасаваныя акурат мужу?

    У сваіх успамінах, змешчаных у першым томе кнігі пра Яўгенію Янішчыц, Сяргей Панізнік надзвычай суха, далікатна кранае тэму іх асабістага жыцця. Ён піша, што, мажліва, калі-небудзь да канца раскрыецца, каб расказаць усё, але пакуль не гатовы...

    Автор: Ніна ШчарбачэвічЗвязда
    Теги: 

Комментарии (0)