Не прагадалі петрыкаўчане ў мінулую пятніцу, хто завітаў у раённы Дом культуры на арганізаваную РДК конкурсную праграму “Місіс Палессе – 2017”. Бо была самая сапраўдная феерыя – яркае свята музыкі, сямейнай творчасці, жаночай прыгажосці і пяшчоты.
Дзесяць маладых жанчынак-петрыкаўчанак выйшлі на сцэну РДК, каб паказаць сваю прыгажосць, захапленні, уменні і таленты, а таксама між іншым пазмагацца за карону пераможцы конкурсу.
Перад пачаткам уласна конкурснай праграмы ўдзельніцы выйшлі на сцэну разам з дзеткамі, многія з якіх былі апранутыя ў тон і стыль матуль. Маша, Давід, Ягор, Дар’я, Аліна, Паліна, Маргарыта, Станіслаў, Валерыя, Уладзіслаў, Ганна, Кірыл, Дзяніс, Мацвей і Радзіён, дарэчы, таксама няблага трымаліся на сцэне, так што спадзяёмся на годны працяг конкурснай традыцыі ў Петрыкаве…
У традыцыйнай “візітоўцы” жанчыны коратка расказалі пра сябе і свае сем’і – хто вершамі, хто прозай, з дапамогай відэаслайдаў. Хтосьці паспрабаваў за гэтыя кароценькія хвіліны паказаць свае хобі.
Безумоўна, шмат станоўчых водгукаў і эмоцый выклікалі дэфіле ў стылі рэтра (“Стыль СССР”) і ў вечаровых сукенках.
Я, напрыклад, проста зачараваўся рэтра-сукенкамі канкурсантак. Па-першае, прыгожа, па-другое, натуральна, арыгінальна ды пад музыку ў духу “Back in USSR”. “Помоги мне… Сердце гибнет” і на табе – сукенка з перламутравымі гузікамі, “А я всё гляжу – глаз не отвожу. Ча-ча-ча”… Няма слоў…
А дэфіле ў вечаровых сукенках яшчэ раз падкрэсліла, наколькі нашы жанчынкі прыгожыя і… багатыя – разуменнем стылю, прыцягальнай пластыкай.
Самым разнастайным апынуўся творчы конкурс. Тут удзельніцы танцавалі, спявалі, абыгрывалі бытавыя сцэнкі, чыталі вершы…і патаналі ў моры шчырых апладысментаў.
Час, праведзены ў такой атмасферы, праляцеў хутка. І вось ужо канкурсанткі выходзяць на сцэну для ўзнагароджання. Па выніках чатырох конкурсных этапаў лаўрэатам звання “Місіс Палессе – 2017” стала Марына Ашарчук. 1-й і 2-й віцэ-Місіс члены журы назвалі адпаведна Дар’ю Туравец і Настассю Андрук.
У намінацыі “Місіс Шарм” адзначылі Кацярыну Марцынкевіч. “Місіс Творчасць” стала Вольга Острыкава, “Місіс Непаўторнасць” – Яніна Карабец, “Місіс Натхненне” – Юлія Кандрашонак, “Місіс Жаноцкасць” – На-дзея Вядзьгун, “Місіс Супермама” – Ірына Баўсун, а “Місіс Мілая, Добрая, Пяшчотная” – Алена Каленік.
Удзельніцам былі ўручаны прызы ад спонсараў, якімі выступілі арганізацыі, прадпрыемствы, суб’екты прадпрымальніцтва і падраздзяленні райвыканкама. А пераможца – Марына Ашарчук – прыбралася ў прыгажэнную карону. Яна ёй да твару!
Малайцы, жанчынкі! Мужчыны, напрацоўвайце вопыт, бо цалкам можа быць, што і вас запросіць аналагічны конкурс. То трэба будзе не падкачаць.

Комментарии (0)