25 Апреля, 2024 Четверг

"Паміж небам і зямлёй"

  • 02 июня 2017 Культура Беларуская 0

    Цудоўная выстаўка работ Юліі запрашае ў чароўны свет народнай творчасці і маляўнічых вобразаў. Міфалагічныя сюжэты і фантазійныя вобразы – тэма яе работ. У сваіх карцінах, часцей за ўсё гэта партрэты, яна прапануе неардынарны погляд на добра знаёмыя ўсім вобразы, сюжэты і матывы беларускага фальклору. Так, на стыку рэальнага і прыдуманага нараджаюцца чароўныя творы маладой мастачкі. Таму героі яе палотнаў здаюцца настолькі сапраўднымі і адначасова загадкавымі, поўнымі таямніц. Юлія цалкам паглыбляецца ў творчасць, шукае для сваіх карцін сюжэты, якія адпавядаюць яе ўнутранаму стану і настрою.

    Героі яе палотнаў – рэальныя людзі, якіх Юлія надзяляе характарамі міфалагічных вобразаў. Мастачка, калі піша партрэты, знаходзіць для кожнага свой непаўторны вобраз, імкнецца максімальна перадаць свае пачуцці і адчуванні.

    – Пісаць партрэты мне падабаецца больш за ўсё, – кажа Юлія Нявейка. – Самае цікавае, самае складанае – гэта знайсці патрэбны вобраз, каб ён адпавядаў характару.

    І калі гэта атрымліваецца, то адчуваеш радасць.

    Гледачы нярэдка прыходзяць у захапленне ад таго, як на палотнах Юліі традыцыі і сучаснасць могуць так гарманічна пераплятацца, нараджаючы новыя складаныя выявы.

    Юлія працуе ў тэхніцы маслянага жывапісу, пастэлі, акварэлі, графікі. Часам піша пейзажы, у якіх адлюстроўвае любоў да роднага краю.

    Юлія жыве ў Смалявічах, паспяхова сумяшчае педагагічную дзейнасць і творчасць. У 2008 годзе яна скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава.

    Увесь свой вольны час Юлія прысвячае творчасці. Яна – пастаянная ўдзельніца пленэраў і выстаў. Яе творчасць вядома не толькі ў Беларусі, але і за межамі. Выстаўкі праходзілі ў Мінску, Лагойску, Барысаве, Лондане (Велікабрытанія), Балоньі (Італія) і іншых гарадах.

    На выстаўцы ў Слуцку прадстаўлены 39 жывапісных і графічных работ маладой мастачкі.

    Автор: Ірына КАВАЛЕНКАСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)