29 Марта, 2024 Пятница

Фестываль сямейных клубаў "Мікулянскія забавы", што прайшоў у Брагінскім раёне, сабраў прадстаўнікоў розных пакаленняў

  • 02 июня 2017 Культура Беларуская 0

    Ведаю, якія намаганні прыклалі арганізатары мерапрыемства, колькі сілы, сродкаў уклалі, каб атрымалася яно яркім і запамінальным. І гэта ім удалося. Падрыхтоўка пачалася за год да свята. Пры кожнай сустрэчы з прадстаўнікамі раёна члены грамадскага аб’яднання абмяркоўвалі кожны пункт праграмы, улічвалі меркаванні і пажаданні нашых землякоў, абапіраліся на свой багаты вопыт. Пра фестываль столькі гаварылася і пісалася, што не пабываць на ім проста нельга было.

    Пачаўся ён таксама незвычайна. Мясцовых жыхароў і шматлікіх гасцей віртуознай ігрой на баяне адразу ўзяў у палон кампазітар, выкладчык музыкі з Мінска Васіль Глубачэнка. Ён выйшаў на сцэну пасля прывітальнага слова каардынатара праектнай дзейнасці Наталлі Святкінай. Маленькую начную серэнаду Вольфанга Моцарта ў выкананні Васіля Міхайлавіча слухалі затаіўшы дыханне. Пасля такога лірычнага ўступу хацелася хутчэй акунуцца ў атмасферу свята.

    Як адзначыў у сваім выступленні дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Сяргей Пархамец, мікулічане, пераадолеўшы шматлікія выпрабаванні, у тым ліку і наступствы Чарнобыля, пры падтрымцы “Зялёнага крыжа” зрабілі ўпэўнены крок наперад. Вёска жыве, маладзее, адраджае багатыя традыцыі і культуру, шануе сваіх продкаў. Сведчанне таму – выстава фотаздымкаў мінулых гадоў з сямейных альбомаў мясцовых жыхароў, змешчаная ў фае Мікуліцкага сельскага клуба.

    Ад імя арганізацыі, членаў сямейных клубаў са значнай падзеяй у жыцці вяс-коўцаў іх павіншаваў дырэктар ГА “Беларускі зялёны крыж” Уладзімір Шаўцоў. “Усе пакаленні сабраліся сёння разам, у гэтым – наша сіла, – падкрэсліў Уладзімір Сямёнавіч. – Перспектывы сумеснай дзейнасці неабмежаваныя. Калі фестываль “Мікулянскія забавы” стане папулярным і слава пра яго пойдзе за межы раёна, сюды будуць прыязджаць нашчадкі Мікулы Селянінавіча з усяго свету”.

    Легенду пра Мікулу-волата, пра аграгарадок Мікулічы цікава расказалі вучні мясцовай школы, а члены гуртка “Изостудия” падрыхтавалі анімацыйны фільм. Забягаючы наперад, скажу, што настаўнікі навучальнай установы былі адзначаны за актыўны ўдзел і творчы падыход дыпломам.

    На маляўнічай паляне, у цяні дрэў, праходзіў конкурс хлеба і кваса. Усе сямейныя клубы грунтоўна падрыхтаваліся да мерапрыемства, а кожны па-асобку вызначаўся адметнасцю і кулінарнымі шэдэўрамі. Члены журы пры падвядзенні вынікаў гэта ўлічылі. Вядома, асноўная ўвага – яго Вялікасці Хлебу. Быў тут і зайчыкаў, і той, што з печы, і замешаны па рэцэптах дзядулі, і пышныя караваі, булкі. Кіраўнік аднаго з клубаў – “Матулін ручнік” – Любоў Дубатдзел, акрамя ўсяго, аформіла стэнд з фотаздымкаў, на якіх адлюстраваны гістарычныя моманты з жыцця калгаснікаў праслаўленай “Чырвонай Нівы”: ад харчовай развёрсткі да моманту ўручэння Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам чарговай узнагароды старшыні гаспадаркі Івану Кулаю за высокі ўраджай.

    Кульмінацыйным момантам стала адкрыццё альтанкі з печчу, якую зрабіў мясцовы ўмелец Віталь Дашук у рамках ініцыятывы “Інкубатар ініцыятыў-2”, ПРААН. Дарэчы, узноўлены Мікулаў млын – таксама плён яго рук. З’явіўся ён у цэнтры вёскі ў 2016-м. Госці фестывалю адведалі прыгатаваныя ў печы боршч і бабку. Надзея Ганчар прынесла для гэтых страў вялікія чыгуны з дому. Усё было, як у нашых продкаў.

    Члены сямейнага клуба “Сад мары” частавалі гарачымі блінамі, якія выпякаліся на месцы. Кіраўнікі ўсіх гурткоў атрымалі сертыфікаты на пэўную суму (у залежнасці ад месца, якое занялі).

    Ажыўлена было на дзіцячай паляне. Для юных жыхароў нашага, а таксама Лоеўскага раёна супрацоўнікі “Беларускага зялёнага крыжа” арганізавалі разнастайныя гульні, за ўдзел у якіх і правільныя адказы выдаваліся “мікулікі”. Іх потым можна было абмяняць у Лаўцы-Маляўцы на цукеркі, школьныя прыналежнасці, кнігі. Цікавае падарожжа “Мікулаў-квэст” па гіс-торыі вёскі Мікулічы патрабавала ведаў і кемлівасці. Былі тут і “Асілкавыя забавы”, якія выпрабоўвалі дзяўчат і хлопцаў на вынослівасць і сілу. Усе каманды-ўдзельніцы заахвочаны прызамі. Спецыяльна да свята ў рамках праекта ЕС-ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь” у Брагіне былі пашыты рукзакі. Як скажа потым Наталля Святкіна, гэта спроба стварыць уласны сувенір.

    Свае вырабы прывезлі ў Мікулічы рамеснікі. Прыгожыя і карысныя рэчы можна было набыць па таннай цане. Праводзіліся майстар-класы “Каляровы плот”, “Мікулаў двор”, “Сонечны млын”. З чароўнага цеста вырабляліся цацкі. З вялікім задавальненнем дзеці каталіся на ўпрыгожаным кветкамі возе. Было шумна, весела і цікава.

    Пасля рэтра-канцэрта граматы і прызы ўручылі вялікай колькасці ўдзельнікаў фестывалю. Кіраўнік сямейнага клуба з Мікуліч Надзея Гананайка выказала словы падзякі ў адрас ГА “Беларускі зялёны крыж”. “Супрацоўніцтва з гэтай арганізацыяй доўжыцца два дзесяцігоддзі, – сказала каардынатар праектнай дзейнасці на мясцовым узроўні Жанна Чубса. – І як бачна, паспяхова”. Няхай так працягваецца і далей.

    Нагадаю, што сваю дзейнасць гурткі праводзяць у рамках праекта “Развіццё сеткі сямейных клубаў у чарнобыльскай зоне з мэтай паляпшэння сацыяльна-эканамічнай сітуацыі” (фінансуецца Еўрапейскім Саюзам).

    Автор: Ніна СІНІЛАВАМаяк Палесся

Комментарии (0)