28 Марта, 2024 Четверг

Спаса-Праабражэнская царква: багаслоўе ў фарбах

  • 06 июня 2017 Культура Беларуская 0

    Веды. Найвышэйшая каштоўнасць, якая ва ўсе часы вызначала і вызначае ўзровень жыцця і накірункі дзейнасці грамадства. А кніга была і застаецца непераўзыйдзеным сховішчам набыткаў чалавецтва, якое, незалежна ад імклівага развіцця тэхналогій, нібыта яскравая паходня, асвятляе наш шлях, дорачы мудрасць і натхняючы рабіць чарговыя крокі па дарозе, якая вядзе да духоўнай дасканаласці.

    Сёлета мы адзначаем 500-годдзе знакавай падзеі — заснавання кнігадрукавання ў Беларусі. Першую друкаваную кнігу падарыў беларусам слынны сын полацкай зямлі Францыск Скарына. І адбылося гэта невыпадкова. Яго ўзгадавала тая ж зямля, на якой стагоддзем раней нарадзілася святая Еўфрасіння Полацкая, руплівіца кніжнасці і асветы. Гэтыя вядомыя ва ўсім свеце асобы знітаваны між сабою адзінствам думак і мэтаў. А мы — сучасныя палачане — маем гонар быць нашчадкамі іх бясцэннай спадчыны.

    Здавалася б, гістарычная навука шагнула далёка наперад у даследваннях мінуўшчыны, неразгаданых таямніц амаль не засталося, і нашых сучаснікаў цяжка чым-небудзь здзівіць. Але на пачатку імклівага XXI стагоддзя адбылася вельмі значная, не толькі для Спаскай абіцелі, Полацка, але і для ўсяго хрысціянскага свету, падзея — наблізілася да завяршэння рэстаўрацыя Спаса-Праабражэнскай царквы XII стагоддзя. І нарэшце, яна прадставіла свету сваю веліч і непераўзыйдзенае духоўнае багацце.

    Рэстаўрацыйныя работы ў храме доўжацца ўжо амаль тры дзесяцігоддзі. Але гісторыкі і рэстаўратары да гэтага часу робяць знаходкі, якія здзіўляюць і дадаюць гонару за полацкую гісторыю, выклікаючы яшчэ большае пачуццё павагі да асобы Еўфрасінні Полацкай, дзякуючы якой пабудаваны абіцель і ўнікальны храм, які стаў красамоўным сведчаннем асветніцкай дзейнасці Прападобнай, яе намаганняў, накіраваных на тое, каб просты народ далучаўся да кніжных скарбаў.

    Зараз у Спаса-Праабражэнскай царкве працуе беларуска-расійская брыгада рэстаўратараў, архітэктараў і археолагаў на чале з Сяргеем Лалазаравым, вядомым санкт-пецярбургскім архітэктарам. Да іх вялікі ўклад у справу раскрыцця таямніц унікальнага храма ў розныя гады ўнеслі рэстаўратары Уладзімір Ракіцкі і Уладзімір Сараб’янаў, які, на жаль, пайшоў з жыцця, і многія іншыя. Дзіўным чынам Божы промысел з’яднаў іх у любові да прыгожага і ўзвышанага, да спасціжэння ісціны, якая дайшла да нас праз стагоддзі. Уладзімір Дзмітрыевіч Сараб’янаў называў канцэпцыю храма, пабудаванага прападобнай Еўфрасінняй, «багаслоўем у фарбах». 

    Менавіта яму адкрылася з незвычайнай, пранізлівай глыбінёй асоба слыннай палачанкі як чалавека вучонага і кніжнага, менавіта ён змог знайсці патрэбныя і важныя словы, з дапамогай якіх раскрыў багаты ўнутраны свет Прападобнай, які адлюстраваўся на сценах храма, вытанчаны і цудоўны свет яе кніжнасці. Прападобную Еўфрасінню ў сваіх навуковых артыкулах ён называе «кніжніцай», чалавекам вельмі адукаваным, для якога кнігі былі крыніцай мудрасці, чалавекам, які не толькі валодаў грунтоўнымі ведамі, але і імкнуўся іх распаўсюджваць сярод простых 

    людзей. Іканаграфічная праграма храма, на думку вучоных, мае асветніцка-павучальны характар. У роспісах моцна адчуваецца тэма звароту да людзей, тэма асветы. Уся ніжняя зона сцен — быццам заклік да вывучэння прамудрасці: адкрытыя кнігі, выявы святых айцоў, якія пішуць у кнігах, або чытаюць, манахі, якія трымаюць у руках вялізныя світкі… Шмат стагоддзяў таму Прападобная такім бачыла навакольны свет — у ім жылі адукаваныя, пісьменныя людзі.

    Навукоўцы аднагалосна сцвярждаюць, што нічога падобнага з такой захаванасцю жывапісу і неверагодным утрыманнем гэтага роспісу няма больш нідзе. Спаса-Праабражэнская царква з’яўляецца адной з ключавых з’яў сваёй эпохі. Гэта датычыцца і ўнікальнай архітэктуры храма, і фрэскавых роспісаў, якія, па меры іх раскрыцця, усё больш і больш уражваюць — і паўнатой захаванасці, і тонкай прадуманасцю іканаграфіі, і мастацкай дасканаласцю.

    Спаскі храм з адкрытымі роспісамі XII стагоддзя больш поўна паказаў унутраны свет, думкі і духоўныя перажыванні святой Падзвіжніцы, расчыніў перад намі дзверы ў яе цудоўны кніжны свет, ад якога дагэтуль мы былі аддзелены дзевяццю стагоддзямі.

    Фрэскі Спаскай царквы яскрава сведчаць аб велічы асобы ігуменні-асветніцы, якой была прападобная Еўфрасіння Полацкая. Ілюстраваныя «Лествіца», гадавы Меналогій візантыйскага паходжання, праложныя жыціі — гэта кнігі, якія, на думку вучоных, меліся ў бібліятэцы Еўфрасінні Полацкай, і якімі яна карысталася, запазычваючы сюжэты для роспісаў Спаскай царквы. Даследчыкі не аднойчы згадвалі аб «абшырнасці» яе бібліятэкі, не хаваючы свайго прафесійнага захаплення «мудрасцю заказчыка і складальніка праграмы». «За ўсім роспісам вельмі добра адчуваецца душа, розум і рука Прападобнай», — гаварыў Уладзімір Сараб’янаў. 

    Свет кніжнай прамудрасці, які адкрываецца праз фрэскі Спаскай царквы, пры ўсёй іх шматграннасці, уражвае. Кіруючыся ідэямі духоўнага асветніцтва, святая Еўфрасіння тонка ўпляла свае дадаткі ў традыцыйную структуру роспісу. І зараз праз іх яна быццам гаворыць з намі, звяртаючыся да тых, хто жыве ў XXI стагоддзі, адтуль, з даўно адышоўшых у гісторыю часоў.

    Магчымасць раскрываць фрэскі Спаскага храма навукоўцы ўспрымалі і ўспрымаюць як бясцэнны падарунак лёсу. Яны ўпэўнены, што ўвесь шматгранны матэрыял, раскрыты і захаваны рэстаўратарамі і комплексна вывучаны даследчыкамі, адкрые адну з галоўных старонак у гісторыі полацкай зямлі і яшчэ больш уславіць імя стваральніцы Спаскай царквы — прападобнай Еўфрасінні Полацкай.

    Творчая асоба — гэта асоба чалавека-творцы, таго, хто ў выніку сваёй дзейнасці стварае нешта прынцыпова новае. Такія людзі валодаюць вялікай унутранай сілай. Сваімі творчымі памкненнямі яны часам могуць змяніць да лепшага не толькі сваё жыццё і ўсё вакол сябе, але і жыццё людзей, якія з’явяцца ў гэтым свеце нашмат пазней. Прападобная Еўфрасіння была не толькі дабрадзейнай манахіняй, святой ігуменняй, любячай духоўнай маці для сясцёр яе абіцелі, але і вельмі творчым чалавекам. Як некалі святыя Кірыл і Мяфодзій у духоўным творччым памкненні стварылі алфавіт, дзякуючы чаму евангельскія ісціны ўвасобіліся ў славянскім пісьменстве, так і творчай працай прападобнай Еўфрасінні Полацкай духоўныя ісціны ўвасобіліся ў фрэскавых роспісах, якія дайшлі да нас яе святым запаветам.

    Автор: Алена КаленікПолацкі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)