28 Марта, 2024 Четверг

"Канфеці": 20 гадоў з любоўю да танца

  • 09 июня 2017 Культура Беларуская 0

    Ансамбль  «Канфеці» створаны пад шчаслівай зоркай, яркі, феерычны, поўны адкрыццяў і цудоўных пераўтварэнняў. Хлопчыкі і дзяўчынкі прыходзяць у калектыў, каб спасцігаць мастацтва танца, развіваць творчыя здольнасці. Тут яны знаходзяць сяброў і перш за ўсё сябе – у танцы.

    Калектыў створаны ў 1997 годзе. На працягу пяці гадоў удзельнікі вывучалі азы харэаграфіі, напрацоўвалі рэпертуар. 4 чэрвеня 2001 года калегіяй Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь калектыву было прысвоена званне «ўзорны». З дня заснавання харэаграфічны калектыў узначальвае таленавіты, творчы чалавек, прафесіянал сваёй справы – Галіна Валер’еўна Зданевіч.

    Ансамбль вядзе актыўную канцэртную дзейнасць. Удзельнічае ў раённых, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах і конкурсах, міжнародных фестывалях. За сваю 20-гадовую дзейнасць калектыў атрымаў вялікую колькасць узнагарод. Рэпертуар ансамбля разнастайны: народна-сцэнічныя, народна-стылізаваныя, класічныя, эстрадныя танцы, пастаноўкі ў жанры сучаснай харэаграфіі.

    Ансамбль «Канфеці» ўключае некалькі ўзроставых калектываў: «Бусинки», «Задоринки», «Сахаринки», «Кнопочки».

    Шмат цёплых слоў і віншаванняў гучала ў гэты вечар у адрас калектыву і кіраўніка ансамбля Галіны Валер’еўны Зданевіч. Намеснік старшыні Слуцкага райвыканкама Ларыса Генадзьеўна Дабравольская ад імя Слуцкага райвыканкама віншавала з юбілейнай датай:

    – Майстэрства, творчасць ансамбля «Канфеці» – значны ўклад у культурнае развіццё Слуцкага раёна. Анамбль удзельнічае ў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, фестывалях, адзначаны шматлікімі ўзнагародамі. Поспехаў калектыву, творчага плёну!

    Ларыса Генадзьеўна Дабравольская ўручыла кіраўніку ўзорнага ансамбля танца «Канфеці» Галіне Валер’еўне Зданевіч Ганаровую грамату Слуцкага райвыканкама за шматгадовую плённую працу і высокі прафесіяналізм.

    Віншавалі юбіляраў кіраўніцтва і калектывы ААТ «Слуцкі цукроварафінадны камбінат», Слуцкага гарадскога палаца моладзі, гарадскога Дома культуры, Слуцкага маладзёжнага цэнтра, узорнага ансамбля танца «Папараць-кветка» і іншыя.

    Яркімі творчымі нумарамі парадавалі гасцей гаспадары свята. На сцэне выступілі прадстаўнікі не аднаго пакалення случчан. Любоў да танцаў кіраўнік і харэографы ансамбля перадалі нават бацькам выхаванцаў, якія цудоўна выступілі на сцэне разам з дзецьмі.

    На канцэрце прадставілі як ужо вядомыя случчанам нумары, так і новыя, падрыхтаваныя менавіта да свята. На працягу вечара гучалі бурныя апладысменты. І гледачы, і ўдзельнікі канцэрту атрымалі ў гэты вечар пазітыўныя эмоцыі і добры настрой.

    Автор: Ірына МАЛЯЎКАСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)