Творчая знаходка мінулага Года культуры — цыкл масавых мерапрыемстваў у аграгарадках Гродзеншчыны, якія замацоўваюцца як брэндавыя. Сёлета прайшоў і запомніўся вяскоўцам шэраг свят у нашым раёне: бліноў у Пераганцах, Юзафа — у Беняконях, мнагадзетных сем’яў — у Паляцкішках, дзіцячай творчасці — у Гірках. У мінулую нядзелю фэст за-вітаў і ў Тракелі.
Святочнае мерапрыемства “Іграй, гармонік!” сабрала жыхароў аграгарадка і гарманістаў з розных куткоў раёна, якія ў прысутнасці шматлікіх гледачоў змагаліся за званне лепшага. Браніслаў Чапля (аг. Канвелішкі), Віктар Казлоўскі (аг. Жырмуны), Дзяніс Мацук (аг. Тракелі), Анжаліка Андрушкевіч (в. Бастуны), Юрый Стралінскі (г.п. Воранава), Андрэй Мікша і Анастасія Козел (аг. Пагародна). Заўважу, што канкурсанты-дзяўчаты вельмі спрытна і элегантна ўпраўляліся з важкім інструментам. Музыкантам трэба было выканаць традыцыйную музычную кампазіцыю, павесяліць гасцей прыпеўкамі, сыграць творы сучасных аўтараў. Гучнымі апладысментамі дзякавалі канкурсантам за душэўную ігру вяскоўцы, асабліва шчодра адорвалі імі свайго земляка-гарманіста. Аднак самую няпростую задачу — вызначыць пераможцаў — павінна было вырашыць журы пад старшынствам Таццяны Цехановіч, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Бясспрэчна, самым артыстычным прызналі Браніслава Чаплю, музыкантам-віртуозам — Дзяніса Мацука. Трэцяе месца заняў Віктар Казлоўскі, другое — Анастасія Козел. Перамог у раённым конкурсе гарманістаў Юрый Стралінскі.
На гэтым свята не скончылася. Яго прадоўжыла канцэртная праграма выканаўцаў і калектываў эстраднай творчасці клубных устаноў раёна, працавалі дзіцячыя атракцыёны, гандаль. Свае вырабы прывезлі мясцовыя майстры і нават гандляры з Міра. Яны прапаноўвалі ўпрыгожыць дзіцячыя тварыкі малюнкам у тэхніцы аквагрыму, пакатацца на кані і восліку.
Арганізатары мерапрыемства выказалі надзею, што свята гарманістаў прыжывецца ў Тракелях і штогод у другую нядзелю чэрвеня будзе збіраць тут артыстаў і мясцовых жыхароў. А 25 чэрвеня брэндавае свята завітае ў Жырмуны. Чакайце, прыходзьце и святкуйце разам!
Вольга ВАРАБ’ЁВА.
Фота аўтара.

Комментарии (0)