29 Марта, 2024 Пятница

Троіца, або Як вадзілі "куста" у Церабні

  • 16 июня 2017 Культура Беларуская 0

    Троіца – язычніцкае свята, прымеркаванае пазней царквой да хрысціянскай Пяцідзясятніцы (50-ы дзень пасля Пасхі), у якім праглядваецца культ продкаў і расліннасці.

    Да гэтага дня ў даўнія часы ў дамах рыхтаваліся, напрыклад, гатавалі стравы. Але свята не суправаджалася вялікай урачыстасцю і шчодрасцю страў. Прычынай таму быў вясновы недахоп у хлебе і наогул у харчаванні. Таксама сяляне ўпрыгожвалі свае дамы галінкамі бярозы, аіру або клёну.

    У вёсцы Церабень Бабрыкоўскага сельсавета намаганнямі мясцовага фальклорнага гурта «Церабяначкі» у дзень свята Святой Троіцы быў узноўлены старажытны абрад «Ваджэнне куста».

    Ой, мы ходылі по зэлёному долу,

    Народылі куста з зэлёного клёну.

    Ой, убралі куста ў зэлёнэе зілле,

    Повэдэмо куста до сусідкі на подвур’е.

    Ой, убралі куста у зылёные клёны,

    Повэдэмо куста да до пана ў покоі…

    Пад словы гэтай песні жанчыны прыбіралі «куста». Для гэтага яны выбіралі прыгожую дзяўчыну, апраналі на яе сукенку накшталт плашча, сплеценага з кляновых галін, а галаву ўпрыгожвалі вянком, які таксама быў з клёну. Пасля ўбрання «куста» дзяўчыну вялі па вёсцы з песнямі:

    Да вэдімо куста

    в кого на сковороді тлусто,

    а в кого пусто,

    то нэ пуйдэм туды в кусту.

    Ой, Труйца, Труйца!

    Да вэлікое свято.

    До кого нэ зайдэм,

    То вгошчають нас багато.

    Ой, Труйца, Труйца!

    Прысвятая Богородіца,

    Дай, Божэ, дождаты,

    в тум году знов прославляты.

    Ой, Труйца, Труйца!

    Да вэсёлэе свято,

    а хто добрэ дарыть,

    того Бог прославыть.

    З такімі песнямі музыкі хадзілі ад адной хаты да другой. Абрад і песні былі накіраваныя на садзейнічанне ўрадлівасці зямлі і лепшай долі чалавека. Сяляне сустракалі «куста» з яйкамі, салам, пірагамі і гарэлкаю.

    Паглядзець, як праводзіцца абрад «Ваджэнне куста» у Церабні, – гэта магчымасць акунуцца ў атмасферу багатай на традыцыі палескай старонкі. Сюды прыехала фальклорная экспедыцыя з Мінску, якую ўзначаліла старшы выкладчык Беларускай дзяржаўнай Акадэміі мастацтваў, сябра Беларускага саюза музычных дзеячоў Ірына Мазюк.

    – Палескі край – самая багатая зямля на таленты, тут жывуць працавітыя і сціплыя людзі, якія спакон вякоў берагуць свае абрады і традыцыі. Сёння мы з цікавасцю і задавальненнем назіралі за тым, як праводзіцца абрад «Ваджэнне куста» у вёсцы. Хочацца па-дзякаваць фальклорнаму гурту «Церабяначкі» за падрыхтаванае свята. Трэба адзначыць, што гурт – адзін з нямногіх застаўшыхся носьбітаў архаічнай палескай культуры спеваў. Удзельнікі гурту выконваюць песні ў манеры так званага «гетэрафоннага» спеву, якому ўласціва тонкае ўзаемадзеянне, своеасаблівыя пералівы галасоў, – адзначыла Ірына Мазюк.

    Кульмінацыяй свята стаў канцэрт, які для мясцовых жыхароў падрыхтавалі ўдзельнікі фальклорнага гурту «Церабяначкі», а таксама госці з Мінску.

    Автор: Татьяна ПолховскаяПолесская правда

Комментарии (0)