24 Апреля, 2024 Среда

Что связывает "Пружанский палацык" и группу Nirvana? Спешите на выставку немецкого художника, дизайнера и философа Мартина Райтера

  • 20 июня 2017 Культура Беларуская 0

    Не буду арыгінальнай, калі адзначу, што новыя інфармацыйныя тэхналогіі захапілі амаль увесь свет! Часам здаецца, што самыя звычайныя рэчы хатняга ўжытку, тая ж мультыварка, вось-вось далучацца да сусветнай павуціны… І, пэўна, гэта не за гарамі. Навукоўцы сцвярджаюць, што чалавецтва ўжо стаіць на парозе татальнай дыгіталізацыі – новай, лічбавай, эры. Гэтая праява знаходзіць сваё адлюстраванне і ў мастацтве.

    Днямі ў “Музеі-сядзібе Пружанскі палацык”  адкрылася выстава “Лічбавы імператыў” вядомага нямецкага мастака, дызайнера і філосафа Марціна Райтэра.

    Ён  вядомы і як дырэктар знакамітага арт-цэнтра Тахелес (Kunsthaus Tacheles, 1990—2012 гг.), постпрамысловага пяціпавярховіка ў самым цэнтры Берліна. Тут увасабляўся альтэрнатыўны фармат арт-працэсу, дзе можна было паназіраць за нараджэннем твора і адразу набыць яго.

    Марцін Райтар працуе ў розных жанрах, таму лічыць сябе інтэрдысцыплінарным мастаком. У 1992 годзе ён атрымаў аўстрыйскую дзяржаўную прэмію ў галіне мастацтва. Яго выставы праходзілі ў Берліне, Вене, Лінцэ, Палерма, Марсэлі, Сан-Францыска і многіх іншых гарадах. Шмат хто ведае Марціна і як таленавітага музыку, які выступаў нават з Куртам Кабэйнам.

    “Лічбавы імператыў” ад Марціна Райтэра – гэта серыя карцін, скульптур, інсталяцый і фатаграфій аб лічбавай рэальнасці нашых дзён. Ва ўсіх працах дэманструецца разрыў паміж рэальным фізічным светам і так званай кіберпрасторай, якая ўсталёўвае татальны дыктат над свядомасцю чалавека. Сваім мастацкім пошукам Марцін быццам запрашае гледачоў да дыскусіі на адпаведную тэматыку.

    На першы погляд здаецца, што ўсе творы – гэта каляровы бінарны код (спалучэнне нулёў ды адзінак), напісаны паверх розных выяў. Але  мастак  лічыць, што паспрабаваў зазірнуць за экран манітора – у матрыцу, каб выявіць яе сутнасць.

    –  Гэты праект – папярэджанне, – кажа мастак. – Людзі, на жаль, як сапраўдныя малпы, карыстаюцца дэвайсамі амаль кругласутачна, але не ведаюць, што тояць у сабе ўсе гэтыя тэхналогіі і навінкі прагрэсу.

    Вось, напрыклад, карціна “Gооgle – вызначае, нічога не  ведаць” паказвае, што колькасць разнастайных запытаў, якія  дае ў інтэрнэт-пошукавік  чалавек,  падкрэслівае яго недасведчанасць.  Але пошукавік прымушае чалавецтва ўвогуле не зацыклівацца на ведах, бо яны ж тут, на паверхні.

    Выява вялікага карабля на карціне “Усё паўстае ізноў”  нагадвае “Тытанік”, які напалову пагрузіўся ў акіян.  Аўтар выбірае менавіта такі ракурс, каб паказаць, што  “каўчэг”, на якім плыве сённяшняя цывілізацыя, пераўтвараецца ў нейкі манумент чалавечага глупства ў барацьбе са стыхіяй. Гэта граблі, на  якія наступае нага неразумнага.

    Скульптура ў выглядзе “залічбаванага” пратэза рукі з актуальнай назвай “Стрэльбы і міны вельмі патрэбны медыцынскай індустрыі Захаду”  – вострапалітычная работа, якая не патрабуе пошукаў другаснага сэнсу “адно лечыць – другое калечыць”…

    Адзначым, што на адкрыццё выставы мастак прыехаў не адзін, а з паплечнікамі – сябрамі арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана, ужо знаёмымі пружанцам мастакамі Алесем Родзіным і Зміцерам Юркевічам. Яны выступілі са словамі падтрымкі нямецкаму творцу, падагульніўшы, што гэта ўнікальны мастак і чалавек.

    І хоць сам мастак распавядаў на сваёй роднай мове, дзякуючы настаўніцы нямецкай мовы  СШ №1 Аксане Уладзіміраўне Сімановіч, усе прысутныя добра разумелі, пра што ён гаворыць. Арганічна зліліся з імпрэзай і музычныя кампазіцыі ў выкананні выпускніцы ДШМ імя Рыгора Шырмы  скрыпачкі Марты Двараніновіч.

    А пасля была  экскурсія па музеі, які мастак параўнаў з сапраўдным дынамічным культурным цэнтрам, дзе кожны адукаваны чалавек знойдзе для сябе нешта цікавае. Мастак станоўча адазваўся і аб Пружанах: яму вельмі спадабаліся чысціня і ўтульнасць горада,  тонкае спалучэнне ў архітэктурным ансамблі сучаснасці і гісторыі і… простыя людзі.

    Алена ЗЯЛЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

    Автор: Алена ЗялевічРаённыя будні

Комментарии (0)