26 Апреля, 2024 Пятница

Фарбы ельскай спадчыны

  • 21 июня 2017 Культура Беларуская 0

    ІІІ раённы фестываль-кірмаш “Фарбы спадчыны маёй” прайшоў на Ельшчыне ў нядзелю, 18 чэрвеня. І прымала на гэты раз удзельнікаў фестывалю гасцінная зашырская зямля.

    Фестываль уяўляў сабою этнаграфічную прэзентацыю народнай творчасці, рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, майстроў і ўмельцаў Ельшчыны. Гэта народнае свята аб’яднала ўсіх, хто любіць і шануе народныя традыцыі, мясцовыя песні, танцы, абрады.

    Удзел у мерапрыемстве прынялі практычна ўсе калектывы ўстаноў культуры Ельшчыны. Так, канцэртныя праграмы прадставілі народны вакальны ансамбль “Сударушка” Качышчанскага цэнтра культуры і вольнага часу, калектыў народнай песні Старавысокаўскага ЦкіВЧ, Казлоўскі фальклорны гурт, калектывы Млыноцкага КСЦ, Дабрынскага і  Рамязоўскага КСЦ, народны фальклорны ансамбль “Валошкі” Валаўскага цэнтра народных традыцый, народны ансамбль “Ялінка” Ельскага гарадскога Дома культуры, узорны ансамбль “Сонейка” Зашырскага КСЦ.

    Таксама ў  мерапрыемстве прынялі ўдзел народныя майстрыхі Ельскага раёна, умельцы раённага цэнтра рамёстваў і гарадскога Дома культуры «Колас», якія на сваіх выставах прадэманстравалі наведвальнікам свята разнастайныя вырабы з тканіны і прыроднага матэрыялу. Традыцыйныя рамёствы былі прадстаўлены вышыўкай крыжыкам, гладдзю, бісерам, была багатая выстава лялек-матанак, вырабаў з саломы і бяросты.

    Адметнасцю сёлетняга фестывалю-кірмашу стала тое, што супрацоўнікі Зашырскага КСЦ на чале са сваім  таленавітым кіраўніком і майстрам на ўсе рукі Яўгеніяй Шадрынай прадставілі работу Горада майстроў і  музея сялянскага побыту пад адкрытым небам. Наведаць у гэты дзень тут можна было і кузню, і ганчарню, і атрымаць майстар-класы па вышыванні, па народных танцах і гульнях, навучыцца плесці з саломы і лазы. Акрамя гэтага, адчынілі свае дзверы невялікія хаткі – сімвалы вёсак Ельшчыны, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай станцыі. У хатках сабраны прадметы побыту і вышыванкі, якія характарызавалі тую ці іншую выселеную вёску.

    На фестывалі таксама працавала выстаўка кніг, падрыхтаваная супрацоўнікамі Ельскай раённай цэнтральнай бібліятэкі да 500-годдзя беларускага кнігардрукавання. Частка экспазіцыі была прысвечана гаспадару зашырскай зямлі, паэту, нястомнаму кіраўніку мясцовага сельгаспрадпрыемства Рыгору Бабчанку, якому таксама належыць важная роля ў арганізацыі і правядзенні свята “Фарбы спадчыны маёй”.

    Кожны чалавек меў магчымасць на свяце атрымаць асалоду па інтарэсах: ці паслухаць песні ў выкананні артыстаў ельскай зямлі на невялічкіх пляцоўках, ці патанцаваць, ці сфатаграфавацца каля скульптур Горада майстроў, ці паспрабаваць наварыстай юшкі або шашлыкоў.

    Прыемным момантам этнаграфічнай прэзентацыі стала ўзнагароджанне ўсіх удзельнікаў свята дыпломамі. А завяршылася свята вячоркамі з зашырскімі музыкамі і кіна-вечарынай “Крыніца народнага жыцця”.

    Автор: Ганна ГаўрылаваНародны голас
    Теги: 

Комментарии (0)