Сустрэўшы гэтага маладога чалавека на вуліцах Петрыкава зараз, мала хто пазнае ў ім мясцовага: арыгінальная прычоска, стракатае замежнае адзенне, а калі побач з ім дзяўчына – размаўляюць яны на англійскай мове. Напэўна, і сам Ілья Сімакоў яшчэ гадоў 10 назад не ўяўляў, што стане вядомым музыкам і сцяжынкі лёсу прывядуць яго на вялікія сцэны розных краін ад Канады да Мексікі. У шчырай гутарцы хлопец распавёў журналісту “ПН” пра сваё жыццё, поспех і планы.
— Ілья, давай узгадаем пра твае школьныя гады. Адкуль узялася цікавасць да музыкі?
— Прага да музыкі, напэўна, перадалася мне на генным узроўні, ад майго бацькі і дзеда. Я памятаю выдатныя моманты і ўдзячны кожнаму настаўніку за цярпенне і ўменне патлумачыць.
Навучаўшыся паралельна ў дзвюх школах – агульнаадукацыйнай СШ №1 і музычнай, прыходзілася рацыянальна размяркоўваць свой час і весці актыўны лад жыцця. Усё гэта вельмі дапамагло ў будучыні. Таксама я займаўся спартыўнымі танцамі, што развівала пластыку і артыстычныя здольнасці. Увогуле, школьныя гады былі насычаны цікавымі падзеямі.
— Якімі былі твае першыя ўражанні ад наведвання музычнай школы? Як давалася навука?
— Скажу адразу: навучанне ў музычнай школе было нялёгкім, але плённым. Складанасцей хапала, асабліва з музычнай тэорыяй. У мяне была добрая настаўніца – Надзея Аляксандраўна Кебец, але навучальная дысцыпліна давалася не проста. А між іншым, не валодаючы музычнай тэорыяй, складаць і запісваць кампазіцыі практычна немагчыма.
Профільную музычную адукацыю я атрымліваў па класе скрыпкі ў Вольгі Мікалаеўны Мейлах. Мне здаецца, што першапачатковая мэта педагога школы мастацтваў – зацікавіць дзіця, і, як Вы здагадваецеся, гэта ў настаўніцы атрымалася. Наступныя гады патрабавалі практыкі. Увогуле, заўсёды існуе сістэма, якой патрэбна прытрымлівацца для атрымання вынікаў. Навучанне ў музычнай школе здалося мне даволі камфортным.
— Чаму менавіта скрыпка?
— Не я яе выбраў, гэта інструмент абраў мяне, і здарылася гэта, напэўна, невыпадкова. Я змяніў не адну скрыпку, быў у мяне і альт, але ніколі не прыходзіла думка, што я на памылковым шляху.
— Якраз і хацеў пра гэта запытацца. Неўзабаве надышоў час вызначыць свой шлях, выбіраць установу для паступлення. Безумоўна, ты разумеў, што, скончыўшы каледж мастацтваў, наўрад ці будзеш атрымліваць высокія заробкі. Ты дужы хлопец, здаецца, без праблем мог паступіць у Акадэмію МУС ці стаць выратавальнікам. Чаму ўсё ж вырашыў звязаць свой лёс з музыкай?
— Усё так і адбылося. Пасля заканчэння Мазырскага каледжа мастацтваў я працаваў настаўнікам музыкі. Але недзе ўнутры сядзела думка пра эстраду, вялікія сцэны і тысячы людзей, што дыхаюць са мной у адным рытме… і сусвет пачаў працаваць! Нейкім выпадковым, але чароўным чынам шлях скрыжаваўся з прадзюсарам Максам Алейнікавым.
— Ты верыш у тое, што сусвет можа здзяйсняць мары? Распавядзі, калі ласка, падрабязней пра свой светапогляд.
— Сусвет – гэта люстэрка, у якое патрэбна глядзець з упэўненасцю. Трэба добра ўяўляць тое, што ты жадаеш убачыць у адлюстраванні, і гэта стане рэальнасцю.
— І што адлюстравала люстэрка?
— Гастролі ў Кітаі. Падрыхтоўка тура заняла некаторы час, і ў выніку разам з Вольгай Кавалёвай у нас склаўся дуэт “ELVES”. Гастролі працягваліся тры месяцы, потым – на Радзіму. Думаеш, я вярнуўся адпачыць? Зусім не, мы працягвалі працу: пашырылі рэпертуар, унеслі новыя дэталі ў сцэнічныя касцюмы, і я зноў адправіўся пакараць абшары Паднябеснай, ужо з сольнай праграмай.
На Фестывалі новага года ў Кітаі пазнаёміўся з выдатнымі артыстамі і музыкамі. Паміж мной і вакалісткай аднаго з рок-гуртоў узніклі пачуцці. З таго моманту мы пачалі думаць пра стварэнне праекта, які зараз называецца “NJ”. Чаму такая назва? Ад спалучэння першых літар нашых імёнаў. Дзяўчыну, што не так даўно стала маёй жонкай, завуць Jackie, а мой творчы псеўданім – Norio.
— Шчыра віншую са стварэннем сям’і. Раскажы чытачам пра тую, што здолела скарыць тваё сэрца?
— Дзякуй за віншаванні. Мая жонка Джакі нарадзілася і жыла ў Мексіцы. З ранняга дзяцінства ў яе былі творчыя схільнасці. У 19 гадоў яна адправілася ў Нью Ёрк з музычным тэатрам, каб прадставіць сваю краіну на фестывалі “NYMF”. Адчуўшы ўсю асалоду падарожжаў, Джакі працягвала пакараць іншыя краіны, усё далей і далей ад Радзімы, аж да Кітая. З гэтага часу і пачалася наша гісторыя...
Але не толькі Джакі належыць маё сэрца… Дзе б я ні быў, заўсёды думаю пра сваю дачку-прыгажуню, ад першага шлюбу.
— Не толькі талент патрэбны для поспеху. Часам варта вырашыцца на кардынальныя змены ў жыцці, але на гэта здольны далёка не кожны. Ты – здолеў. Ці не страшна было напярэдадні першага творчага падарожжа ў Кітай?
— Страху не было, хутчэй хваляванне. Але і яно ў хуткім часе змянілася на пачуццё захаплення праектам. Магчыма, гэта быў адзіны шанец на ўсё маё жыццё, і таму прыйшлося “браць быка за рогі”.
Я быў упэўнены, што даб’юся свайго, і вось наш дуэт “NJ” у спалучэнні з гарачым лацінскім голасам і магутным гукам электраскрыпкі набірае абароты ў сваёй індустрыі. Мы наведалі Беларусь, Кубу, Мексіку, Ганконг, Канаду, Малайзію, Макаа і Кітай.
— Якія ўражанні ад замежных гастролей?
— Іх шмат, станоўчых, разнастайных, але галоўнае, што я здолеў “вывезці” з творчых вандровак – велізарны вопыт. На мой погляд, гэта лепшы вынік творчага працэсу.
— На рускамоўнай эстрадзе музыкантаў-інструменталістаў можна пералічыць па пальцах, і вядомы яны далёка не ўсім. У той жа час за мяжой цікавасць да іх куды большая. Як лічыш, чаму так сталася?
– Так заўсёды было і будзе, за мяжой нашы артысты – экзотыка. Возьмем, напрыклад, бульбу. Большасць землякоў і не ведаюць, што беларуская бульбачка за мяжой лічыцца самай якаснай. А для нас цікавей ананасы, бо тут яны не вырошчваюцца.
Гэтак жа і артысты: у нашых краінах шоу з-за мяжы выклікае больш цікавасці, а іншаземцы аддаюць перавагу нашым музыкам.
— Падзелішся творчымі планамі?
— Трэба і далей ствараць і выпускаць уласную музыку, ну і, канечне, дзяліцца ёю з усім светам.
— Якую параду ты даў бы маладым музыкам?
– Хачу падзяліцца нашым дэвізам: калі ты верыш – усё магчыма!
Не слухайце людзей, якія кажуць вам: “Вы не можаце жыць музыкай!” Вы можаце ўсё! Музыка ў літаральным сэнсе адчыняе дзверы ў свет.

Комментарии (0)