26 Апреля, 2024 Пятница

Унікальныя артэфакты — у новай кнізе

  • 05 июля 2017 Культура Беларуская 0

    Апошняя дэкада чэрвеня ў нашым горадзе была багатай на цікавыя культурныя падзеі. Асаблівае месца сярод іх заняла прэзентацыя кнігі-альбома “Нясвіж. Палацава-паркавы ансамбль. Збор зброі і даспехаў”. Гэта ўнікальнае выданне, першае на сённяшні дзень у нашай краіне, прысвечана зброеваму збору, які збіраўся і захоўваўся ў Нясвіжскім палацы з XVI да пачатку ХХ стагоддзя. У ім найбольш поўна апісваецца гэта  калекцыя  — самая значная ва Усходняй Еўропе. У кнізе, надрукаванай на самым высокім паліграфічным узроўні, выкарыстоўваюцца тры мовы — беларуская, руская і англійская, і ў ёй упершыню апублікаваны фотаздымкі ўнікальных артэфактаў з радзівілаўскай калекцыі, якія цяпер знаходзяцца ў шматлікіх музеях ЗША і Еўропы. Дзякуючы прэзентаванаму выданню, тым, хто хоча пазнаёміцца з экспанатамі зброевага збору Радзівілаў, зараз не трэба ехаць у далёкія краіны: дастаткова адгарнуць старонкі кнігі.

    Цікава, што ў мінулым стагоддзі рарытэтны збор знік з Нясвіжа. Як устанавілі спецыялісты Нацыя-нальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”, ён быў распрададзены самімі Радзівіламі, аднак дадзеныя аб ім разам з фотаздымкамі, дзякуючы карпатлівай рабоце навукоўцаў, увайшлі ў кнігу-альбом. У ім таксама прадстаўлены каталогі   аўкцыёнаў, на якіх прадаваліся элементы калекцыі, што дае магчымасць прасачыць, што і ў якой колькасці вывозілася з Нясвіжа.

    Намеснік дырэктара НГКМЗ “Нясвіж” Сяргей Егарэйчанка расказаў, што часта амуніцыя вывозілася тайна, бывала, прадавалася ў спешным парадку — пра гэта сведчаць некаторыя аўкцыённыя спіскі, знойдзеныя ў архівах, дзе радзівілаўскія прадметы былі ўпісаны ад рукі. З кнігі таксама можна даведацца, па якіх цэнах яны прадаваліся.

    Асаблівымі гасцямі прэзентацыі стала ўнучка апошняга няс-віжскага ардыната Лявона Ра-дзівіла Дзіана Карабба-Радзівіл і яе сям’я. Беларусь яны наведвалі ўжо другі раз, а першы візіт адбыўся тры гады таму. Да гэтага Дзіана ведала пра Нясвіж з расказаў дзядулі Лявона, які, як і ўсе астатнія члены сям’і, пакінуў замак у 1939 годзе. Усіх іх арыштавалі чырвонаармейцы, пасля чаго Радзівілы трапілі ў Мінск у турму НКУС, а затым — у Маскву на Лубянку. Выратавала іх маці Лявона, княгіня Марыя Роза, якой на момант арышту ў  замку не было. Яна сябравала з каралевай Італіі і тагачасным італьянскім прэм’ер-міністрам Беніта Мусаліні. Гэтыя асобы і звярнуліся з нотай да савецкага ўрада, у якой прасілі выслаць Радзівілаў у Італію.

    Сёння Дзіана і яе родныя — пачэсныя госці замка, гісторыя якога цесна звязала Беларусь і Італію.

    Падчас прэзентацыі ўвазе гасцей мерапрыемства была прадстаўлена цікавая забаўляльна-пазнавальная праграма, якая стала яшчэ адным своеасаблівым экскурсам у гісторыю і вельмі спадабалася ўсім прысутным.

    Соф’я

    ЛЮБАНЕЦ.www.nesvizh-news.by/

    Автор: Соф’я ЛЮБАНЕЦНясвіжскія навіны
    Теги: 

Комментарии (0)