29 Марта, 2024 Пятница

Турнір пабытовых танцаў прайшоў у Лёзне

  • 05 июля 2017 Культура Беларуская 0

    Фраза «Танцаваць не грэх, грэх не танцаваць» стала лейтматывам праграмы, якая адбылася ўвечары ў рамках святкавання Дня Незалежнасці. Яна ўключыла ў сябе раённае свята-конкурс музыкі і песні “Граюць музыкі” і турнір беларускіх пабытовых танцаў.

    Спачатку на працягу некалькіх гадзін у парку панавалі баян, гармонік і народныя напевы. Гэтыя інструменты суправаджалі выступы амаль  кожнага удзельніка. А іх было нямала – у Лёзна з песнямі, прыпеўкамі і наігрышамі прыехалі самадзейныя артысты з усіх дамоў культуры аграгарадкоў. Гэта былі і дуэты і трыа, як мужчынскія, так і жаночыя. Высокі ўзровень валодання такім народным інструментам, як лыжка паказалі і дзеці – удзельнікі калектыву “Вераценца”. А баяністы Анатоль Вавілаў і Андрэй Васіленка ў трыа са Сцяпанам Мехавым (бубен) выконвалі “Цыганачку” так запальна, што гледачы пусціліся ў скокі. Нікога не пакінула абыякавым і амаль  віртуозная ігра на гармоніку Анатоля Талкачова (Зубкі). Самымі малодшымі ўдзельнікамі конкурсу сталі Кацярына Фокіна з Крынак, якая выйшла на сцэну с забаўнымі прыпеўкамі, і дзявочы дуэт з Пушкоў (Ю. Баранкова і Ю. Страшнова).

      У свяце прынялі ўдзел ансамбль народнай песні “Сваякі”, трыа гарманістаў “Мужыкі”, “Калючкі” (Дабрамыслі), мужчынскі гурт і дуэт з Кавалей, народны фальклорны калектыў “Медунінца” (Адаменкі), вакальны гурт “Вербніца” (Зубкі), ансамбль народных інструментаў са Стасева, народны ансамбль народнай  песні “Пушкоўскія спявачкі”, дуэт В. Міхмель і П. Курыленка (Новае Сяло) і інш.

    Як толькі скончылася выступленне фальклорных калектываў, удзельнікаў запрасілі на турнір беларускіх танцаў. У ім у гэтым годзе прынялі ўдзел аж 23 пары, у тым ліку дзеці, з усіх устаноў культуры раёна. Спаборніцтва сабрала вакол пляцоўкі ўсіх прысутных, якія пільна сачылі за выступам і падбадзёрвалі спадабаўшыхся танцораў. Практычна ў рэжыме нон-стоп яны выканалі 13 пабытовых танцаў, якія былі папулярныя ў нашых продкаў. Гэта “Нарэчанька”, “Ночка”, “Месяц”, “Лысы”, “Субота”, “Матлёт”, “Каханачка” і інш. А ў нядоўгіх перапынках між танцамі “Вераценца” і “Медуніца” адначасова паказвалі майстар-клас у выкананні мясцовых лёзненскіх танцаў – “Полькі Заальшанскай”, “Адаменскай кадрылі” і “Полькі пацешнай”. Ацэньвала майстэрства выканаўцаў журы, у склад якого ўвайшлі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Т. А. Шульган, дырэктар РЦК С. С. Піваварчык, кіраўнік народнага клуба “Ветэран”  В. П. Мінаева, загадчык аддзела народных традыцый РЦК Г. Ф. Макравусава і метадыст по харэаграфіі РЦК А. П. Усцінаў. Вынікі конкурсу стануць вядомы ў бліжэйшыя дні.

    Автор: Людмила БирюльковаСцяг перамогі

Комментарии (0)