25 Апреля, 2024 Четверг

Пасля падзеі. Бабруйск, сяброўства, фестываль

  • 05 июля 2017 Культура Беларуская 0

    Сонца і дождж, песні і танцы, шчаслівыя ўсмешкі і сум развітання. Усё гэта — Міжнародны фестываль народнай творчасці “Вянок дружбы”, які на некалькі дзён ператварыў Бабруйск у вялікую канцэртную пляцоўку. З 29 чэрвеня па 3 ліпеня ў горадзе і раёне пабывалі каля 600 гасцей — 29 калектываў і выканаўцаў з 24 краін свету. Сёлета, як ніколі, было шмат падстаў для святкавання: Бабруйск фестывальны — культурная сталіца, якая да таго ж адзначае 630-годдзе з дня заснавання.

    Перад урачыстым адкрыццём “Вянка дружбы” арганізатары свята, прадстаўнікі калектываў і сродкаў масавай інфармацыі сустрэліся ў гарадскім Палацы мастацтваў на традыцыйнай прэс-канференцыі. Старшыня Бабруйскага гарвыканкама Аляксандр Студнеў адзначыў, что гэты форум — адна з важнейшых падзей культурнага жыцця Беларусі, дзе ў атмасферы дружбы і творчасці прадстаўлена спляценне жанраў тэатральнага, музыкальнага, вакальнага, харэаграфічнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Журналісты задавалі кіраўніцтву горада і гасцям пытанні, у тым ліку аб тым, як зрабіць фестываль яшчэ больш змястоўным. Прадстаўнікі дэлегацый, якія не першы раз прыязджаюць на фестываль, гаварылі аб тым, што “Вянок дружбы” з кожным годам становіцца больш яскравым і насычаным. Многія запрашалі да сябе ў госці. Асабліва заманліва прагучала прапанова нашым землякам ад іспанскіх сяброў наведаць Канарскія астравы.

    Святкаванне пачалося з адкрыцця выстаўкі ў мастацкім музеі заслужанага мастака РФ Абрама Рабкіна “Стары Бабруйск. Вяртанне на Радзіму”. А галоўная падзея свята — урачыстае адкрыццё фестывалю ў “Бабруйск-Арэне” — адбылося вечарам апошняга чэрвеньскага дня.

    З прывітальным словам перад прысутнымі ў зале выступілі старшыня гарвыканкама Аляксандр Студнеў і намеснік старшыні Магаблвыканкама Анд­рэй Кунцэвіч. Вітаючы ўдзельнікаў і гасцей фестывалю, намеснік міністра культуры Беларусі Васіль Чэрнік адзначыў, што ў жыхароў Бабруйска і гасцей горада ёсць унікальная магчы­масць адправіцца ў цікавыя вандроўкі па краінах і кантынентах, пазнаеміцца з нацыянальным каларытам, шчырым душэўным цяплом, яскравым тэмпераментам кожнага артыста.

    Сярэдніх гадоў мужчына, які сядзеў побач з намі ў зале Лядовай арэны, пасля некалькіх выступленняў фальклорных калектываў заўважыў, што такі канцэрт не па яго густу. Але ўжо хвілін праз 10 ажывіўся: “Во, нашы пайшлі!” — гэта аб выканаўцах з Ізраіля. Яшчэ праз некаторы час ён ужо падпяваў этнічнаму немцу, які пад гітару сцвярджаў, что машына павінна ­быць нямецкая, тэхніка — японская, касметыка — французская, а жонка — руская. Калі ж выканаўца з Калумбіі заспяваў на рускай мове, што паедзе ў Камарова, сусед ледзь не кінуўся ў пляс, ды крутыя прыступкі 9-га раду стрымалі.

    Грандыёзнае ж відовішча, дзе адначасова 180 танцораў з 10 (!) краін свету сталі танцаваць беларускую “Лявоніху”, прабіла на слязу не толькі жонку гэтага гледача і яе сяброўку. Вядучыя доўга не маглі аб’явіць наступны нумар з-за несціхаючых авацый. Станоўчая энергетыка ў зале зашкальвала. Вось і адказ на пытанне, якое часам даводзілася чуць: навошта патрэбен гэты фестываль?..

    У “Вянку дружбы-2017” прынялі ўдзел прадстаўнікі 4 кантынентаў. Гэта аматары фальклору з Беларусі, Расіі, Украіны, Азербайджана, Сербіі, Балгарыі, Германіі, Ізраіля, Іспаніі, Калумбіі, Кубы, Латвіі, Мексікі, Малдовы, Польшчы, ЗША, Славакіі, Турцыіі. Упершыню свой нацыянальны каларыт прэзентавалі Вялікабрытанія, Венгрыя, Італія, Кіпр, Чэхія, Нарвегія. Дзякуючы падтрымцы Бабруйскай епархіі першы раз горад на Бярэзіне наведала дэлегацыя з Кіпра.

    Назаўтра ўпершыню ў святочным Бабруйску праходзіў фестываль вулічных тэатраў. Адначасова на розных сцэнічных пляцоўках, на прадпрыемствах, у аграгарадках выступалі ўдзель­нікі “Вянка дружбы”. Суботнім вечарам адбыўся сольны канцэрт украінскай спявачкі Ані Лорак. Канцэрты, тэатральныя прадстаўленні, выставы-кірмашы, конкурсы, кухня ад кіраўнікоў бабруйскіх прадпрыемстваў — толькі паспявай на ўсе святочныя мерапрыемствы.

    Мноствам арт-пляцовак і разнастайнасцю прадстаўленых накірункаў уразіла выстава-кірмаш народных умельцаў “Горад майстроў”, у якой прынялі ўдзел рамеснікі з Беларусі і Украіны.

    Ні хвіліны не пуставала пляцоўка “Глушанскі хутарок”. Свае мастацтва на ёй прадставіла народна-аматарскае аб`яднанне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Стары майстар”. Тут і ўзорны гурток ганчарнага мастацтва “Глечыкі” пад кіраўніцтвам Аляксандра Арлова. Народны майстар Юрый Боўда прэзентаваў эксклюзіўныя керамічныя вырабы з сімволікай свята, на адным з якіх мэр Бабруйска паставіў свой подпіс. Ігар Півавараў выставіў незвычайныя вырабы з дрэва, Віктар Еўдакімаў — упрыгож­ванні са скуры і металу, Вольга Бабкова — вырабленыя сваімі рукамі вязаныя шэдэўры. Даволі ахвотна разбіралі бяспроігрышную латэрэю Цэнтра творчасці Баб­руйскага раёна. Дзіцячы гурток дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва прадставіў лялькі, абярэгі і іншыя выкананыя дзіцячымі рукамі рэчы.

    Дзяўчаты з гуртка эстэтычнага развіцця “Ева“ плялі незвычайныя косы і прапаноўвалі звярнуць увагу на парачку з надпісам: “Чалавек харошы, кінь дзеду грошы на новыя галошы!”, якая сядзела побач з імі на лаве. За фота з прыгожымі рыцарамі з ваенна-ралявога клуба “Аквілон” давалі, “хто колькі можа”. Адзін з замежных гасцей перарваў нашу размову, каб сфатаграфавацца з метадыстам РЦК Ірынай Цыганковай — тыповай беларусачкай з льнянымі валасамі ў нацыянальным уборы. Праўда, плаціць не стаў.

    Цэнтральная раённая бібліятэка зрабіла акцэнт на 90-годдзі Алеся Адамовіча. Разам з творамі пісьменніка — прапанова паўдзельнічаць у акцыі, якая дапаможа сабраць сродкі на музей “Вайна пад стрэхамі” на радзіме славутага земляка ў паселку Глуша.

    Аляксей Хамічонак, метадыст раённага цэнтра культуры, заклікаў гасцей і ўдзельнікаў свята на падворак, дзе гатаваліся нацыянальныя беларускія стравы. “Не хапае толькі самагоначкі”, — адзначыў бабруйчанін, які браў другую порцыю дранікаў, што прыгатавала дырэктар Сычкаўскага СК Алена Ра­дзіміновіч, упрыкуску з кіслымі гуркамі. Прадстаўніца цэнтра культуры Ніна Смалоўская ахвотна дзялілася рэцэптам прыгатавання наліснікаў.

    Да выступлення калектыву “Спадарушка” Пятровіцкага Дому народнай творчасці далучаліся салісты і вакаліс­ты народнага хору работнікаў культуры раёна. А потым перад “Глушанскім хутарком” сталі спяваць-танцаваць-­весяліцца ўсе жадаючыя.

    Як было адзначана на заключным вечары “Вянка дружбы”, у пошуках прыгажосці людзям больш за ўсе дапамагае мастацтва, у тым ліку фальклор, багацце якога ў чарговы раз прадэманстравалі розныя краіны. І няхай дождж унес карэктывы ў канцэртную праграму, Бабруйск з гонарам пацвердзіў статус культурнай сталіцы, якая “За мір і згоду без межаў”. На працягу найбуйнейшага культурнага форуму ўсе гаварылі на адной мове — мове культуры і духоўнасці, мас­тацтва і творчасці людзей, якія сплялі вянок сяброўства, мове, якая не патрабуе перакладу.

    Автор: Іна БАГДАНОВІЧТрыбуна працы
    Теги: 

Комментарии (0)