19 Апреля, 2024 Пятница

Квэст. Вывучаем гісторыю праз гульню

  • 10 июля 2017 Культура Беларуская 0

    Як абудзіць у моладзі цікавасць да гісторыі роднага горада? Праз гульню, лічыць Вольга Трубач, кіраўнік і арганізатар праекта «Тутэйшыя квэсты».

    Квэст – прыгодніцкая гульня для каманд ці асобных удзельнікаў, у час якой яны выконваюць розныя заданні, часцей за ўсё звязаныя адной тэмай. Першы велаквэст па Маладзечне Вольга разам з Ганнай Агафонавай арганізавалі два гады таму, ён прайшоў у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Каб прыдумаць цікавыя пытанні, шмат хадзілі, ездзілі на веласіпедзе па горадзе, прыглядаліся да помнікаў, будынкаў, аўтобусных прыпынкаў, шыльдаў, двароў, нешта бралі на карандаш, затым адшуквалі інфармацыю ў інтэрнэце… Адна справа – ведаць нейкія адметныя гістарычныя факты, і зусім іншая – абыграць іх так, каб моладзі было цікава знайсці звязаныя з імі аб’екты, выканаць канкрэтнае заданне. Удзельнікаў запрасілі праз інтэрнэт — стварылі суполку ВКонтакте, раздавалі флаеры на вуліцах. І людзі адгукнуліся, зацікавіліся, рэзананс па горадзе пайшоў.

    Неўзабаве правесці краязнаўчы квэст папрасілі бібліятэкары, у час аднаго з маладзёжных фестываляў «Час жыць!» наладзілі аўтобусны квэст: заданні прывязваліся да прыпынкаў гарадскога транспарту. Акрамя таго, Вольга з аднадумцамі правялі падобныя гульні ў Заслаўі, Бабруйску, Брэсце, двойчы – у Вілейцы.

    — Галоўная мэта, якую мы ставілі перад сабой, – прыцягнуць увагу моладзі да гісторыі горада, яго помнікаў, архітэктуры. Пытанні могуць быць даволі лёгкімі, аднак каб адказаць на іх, трэба з усіх бакоў абысці ўказаны аб’ект, уважліва яго агледзець, прачытаць подпіс. Пасля гэтага ён абавязкова захаваецца ў памяці, — разважае Вольга.

    Яе словы мы праверылі на практыцы: папрасілі даць некалькі заданняў дапытлівым дзяўчатам васьмікласніцам гімназіі №7 Еве Максімавай і Паліне Рыдзеўскай, дзевяцікласніцы з трэцяй гімназіі Дар’і Буслаўскай. Даша, дарэчы, таксама праводзіла са школьнікамі квэст па помніках нашага горада, праўда, заданні складала не сама, а педагогі з цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік». Таму дзяўчына добра ведае, дзе які помнік знаходзіцца. А яшчэ яна захапляецца турызмам, на байдарках праплыла ўсю Вілію, у першы паход адправілася з бацькамі, калі ёй не было і двух гадоў. Ева і Паліна гуляюць у футбол, любяць сабак,  дапамагаюць знаёмым рыхтаваць гадаванцаў да выставак. Дзяўчаты адкрытыя для ўсяго новага, таму і пагадзіліся на эксперымент. 

    Вольга падрыхтавала заданні для кожнай. Першае пытанне  тычыцца памятнага знака ў гонар 17 гарадоў-пабрацімаў, устаноўленага непадалёк ад аднаго з аўтобусных прыпынкаў, — запісаць у кіламетрах адлегласць ад Маладзечна да Чарапаўца. Колькі разоў кожны з нас хадзіў ад Палаца культуры да «Белтэлекама», але хто звяртаў увагу на гэты знак, адкрыты некалькі гадоў таму? Дзяўчаты, і мы разам з імі, уважліва перачыталі назвы ўсіх гарадоў, напісаныя на мове краін, дзе яны знаходзяцца. А вось і Чарапавец. Аказваецца, ад Маладзечна да яго 900 кіламетраў. Колькі карыснай інфармацыі ў адказе на адно толькі пытанне…

    Наступны прыпынак – помнік Міхалу Клеафасу Агінскаму, устаноўлены ля музычнага каледжа. «Колькі гузікаў на касцюме кампазітара?» — наступнае пытанне квэсту. Дзяўчаты хуценька пералічылі гузікі, на якія зашпілены камзол: шэсць. Але калі паглядзелі больш уважліва, убачылі іх і на рукавах, і на хлясціках па баках, а яшчэ – на манжэтах брыджаў. Усяго аказалася 18 гузікаў – мудрагелістае ўбранне насілі знатныя людзі ў XIX стагоддзі. У зоне нашай увагі аказаўся і помнік паравозу: трэба было палічыць, колькі разоў на ім пазначана дата стварэння… Вольга прапанавала ўсяго некалькі заданняў, у сапраўдным квэсце іх каля дзесяці. На выкананне патрэбна некалькі гадзін. Рухаючыся ад аднаго аб’екта да іншага на веласіпедзе, аўтобусе ці пешшу, удзельнікі гульні пазнаюць родны горад, вучацца бачыць тое, міма чаго неаднойчы праходзілі і на што не звярталі ўвагу. Магчыма, з часам Ева, Паліна і Даша забудуцца, колькі гузікаў на касцюме Агінскага. Але дзе знаходзіцца і як выглядае помнік, якая ўстанова носіць імя кампазітара, абавязкова застанецца ў памяці. Як і мелодыя самага знакамітага яго паланэза. А гэта значыць, квэст адбыўся, і яго арганізатары стараліся недарэмна…

    Автор: Анжаліка КРУПЯНЬКОВАМаладзечанская газета

Комментарии (0)