29 Марта, 2024 Пятница

Вяселле па народных традыцыях

  • 14 июля 2017 Культура Беларуская 0

    У Слуцкім гарадскім цэнтры традыцыйнай культуры адраджаюць традыцыі нашых продкаў, далучаюць людзей да культурнай спадчыны. На мінулым тыдні ў этнаграфічнай студыі ўстановы «Беларуская хатка»  ладзілі вяселле, якое сапраўды запомніцца маладажонам Алене і Уладзіславу Ярота на ўсё жыццё.

    Малады – у вышыванцы, маладая – у льняной сукенцы, замест вэлюму – прыгожы вяночак з палявых кветак. Па традыцыі маладажонаў віталі хлебам – сімвалам дабрабыту і заможнасці. Маладыя яму павінны пакланіцца і пацалаваць. Дарэчы, з’есці яго трэба ўжо пасля вяселля ў першы тыдзень сумеснага жыцця, але толькі мужу і жонцы, частаваць гасцей нельга.

    Уладзіслаў перанёс Алену праз парог, накрыты ручніком, пад якім ляжаў замок – сімвал цэласнасці і непарушальнасці. І захоўваецца замок у бацькоў мужа, а ключы – у бацькоў жонкі. Зусім неабавязкова чапляць яго на мосце, як робіць сучасная моладзь. Вясельны замок зачыняюць у час вяселля, а адкрываюць яго, калі ўзнікаюць праблемы ў сям’і, напярэдадні адказных спраў, калі нараджаецца дзіця, у некаторых іншых выпадках.

    Маладыя памылі рукі ў адной конаўцы і выцерлі іх адным ручніком. А каб далейшае жыццё было заможным, нявеста знайшла ў вадзе манету і паклала яе ў правы чаравік жаніху. Потым Алену на «пасад садзілі», а ўжо разам з Уладзіславам яны ўпрыгожвалі сімвалічнае дрэва яркімі стужкамі, цукеркамі, каб добрым было сумеснае жыццё. Маладыя добра справіліся і з гаспадарчымі справамі: гузік прышылі, касу набілі, мукі ў жорнах намалолі.

    Гучалі вясёлыя народныя песні, і спявалі іх не толькі супрацоўнікі цэнтра традыцыйнай культуры, але і маладыя,  іх госці, яшчэ  і падыспань з вальсам станцавалі.

    Перш чым за стол сесці, трэба маладых звесці – казалі раней на вяселлях. Вось і Алене з Уладзіславам звязалі рукі чырвонай стужкай, каб ішлі яны разам па жыцці.  Маладажонам падарылі ляльку-абярэг «Неразлучнікі», якая сімвалізуе моцны сямейны саюз і аберагае сумеснае жыццё. А яшчэ – незабыўныя ўражанні. Весела, захапляльна, цікава...

    – Беларускае вяселле вызначаецца цікавымі абрадамі і звычаямі, паэтычным хараством песень. Продкі скрупулёзна падыходзілі да святкавання вяселля, бо ад гэтага залежала далейшае жыццё маладых, – адзначыла дырэктар Слуцкага гарадскога цэнтра традыцыйнай культуры Зінаіда Міхайлаўна Губановіч. – Калектыў установы працягвае знаёміць случчан  з традыцыямі беларусаў, у хуткім часе  мы правядзём іншыя святы і абрады нашых продкаў.

    Автор: Ірына КАВАЛЕНКАСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)