25 Апреля, 2024 Четверг

Брат Якуба Коласа — настаўнік, літаратар, перакладчык Евангелля

  • 17 июля 2017 Культура Беларуская 0

    Літаратурны вечар, прымеркаваны да 120-годдзя з дня нараджэння малодшага брата Песняра, прайшоў у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.

    Дзядзькам беларускага класіка Якуба Коласа быў вядомы мовазнаўца, пісьменнік, педагог Язэп Лёсік. Літаратурныя здольнасці меў і Міхась Міцкевіч, малодшы брат народнага паэта. Міхась Міхайлавіч таксама вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, друкаваў свае апавяданні на старонках беларускіх газет і быў адзначаны Максімам Гарэцкім як «вельмі спадзейны малады белетрыст і паважаны публіцыст».

    Якуб Колас ганарыўся, што Міхась — адзіны з яго чатырох братоў — таксама выбраў шлях настаўніка, і клапаціўся аб ім пасля смерці бацькі. Аднак у сярэдзіне ХХ стагоддзя адлегласць паміж братамі вымяралася ўжо тысячамі кіламетраў… Палову жыцця (а гэта 47 гадоў!) Міхась Міцкевіч правёў у эміграцыі.

    — Міхась Міцкевіч займаўся грамадска-палітычнай дзейнасцю, разам з Язэпам Лёсікам быў арганізатарам і дэлегатам Усебеларускага з'езда ў 1917 годзе, — расказвае ўнучка Якуба Коласа Марыя Міцкевіч. — Шмат гадоў працаваў настаўнікам беларускай мовы і быў перакананы, што «глаўная рухомая сіла культурнага поступу і духоўных здольнасцяў нацыі — гэта яе родная школа».

    У 1921 годзе братоў падзяліла першая дзяржаўная мяжа: вёска Смольня, дзе Міхась жыў з братам Юзікам, апынулася на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР Міхась працаваў настаўнікам, дырэктарам школы, школьным інспектарам. Займаў пасаду школьнага інспектара і ў часы нямецкай акупацыі. На выстаўцы ў архіве-музеі былі прадстаўлены публікацыі ўспамінаў пра Міхася Міцкевіча, дзе згадваецца, што настаўнік дапамагаў палонным і партызанам. Тым не менш ён апынуўся ў эміграцыі. Там далучыўся да грамадскай працы: ствараў беларускія школы, быў адным з заснавальнікаў славутай гімназіі імя Янкі Купалы, у якой займаў пасаду дырэктара пачатковай школы.

    Настаўнікі самі пісалі чытанкі, падручнікі, і Міхась Міцкевіч зноў узяўся за пяро. Адзін з цікавых экспанатаў выстаўкі — рукапіснае «Чытанне для дзяцей першага года навукі» Міхася Міцкевіча. Побач на паліцы — «Скаўцкі спадарожнік». Як адзначае Марыя Міцкевіч, беларускія дзеці ў лагерах былі захопленыя скаўцкім рухам, гэта дапамагала перажываць нялёгкі час на чужыне. Міхась Міцкевіч удзельнічаў і ў арганізацыі рэлігійнага жыцця: напрыклад, быў ініцыятарам стварэння Брацтва Жыровіцкай Божай Маці.

    У 1950 годзе перабраўся ў ЗША. Вольны ад працы час зноў прысвячаў грамадскай дзейнасці: быў намеснікам старшыні Галоўнай Управы Беларуска-Амерыканскага Задзіночання, старшынёй выдавецкага фонду «Беларус», рэдактарам газеты «Беларус» і часопіса «Голас Царквы». Як адзначыў прафесар мінскіх духоўных семінарыі і акадэміі і Інстытута тэалогіі БДУ айцец Сяргей Гардун, асаблівай увагі вартая перакладчыцкая дзейнасць Міхася Міцкевіча: у ЗША ён здзейсніў пераклад на беларускую мову Святога Евангелля.

    Сябры і вучні згадвалі Міхася як чалавека добрага, веруючага, упэўненага ў сабе, які заўсёды памятаў і любіў сваю Бацькаўшчыну.

    Імя Міхася Міцкевіча, як і іншых прадстаўнікоў беларускай эміграцыі, доўгі час было амаль не вядомым на Радзіме.

    — Пра Міхася Міцкевіча я ўпершыню пачуў, калі быў студэнтам універсітэта. У Мікалаеўшчынскай школе, дзе настаўнічалі славутыя сваякі Якуба Коласа, пра яго ніколі не расказвалі, — заўважыў пісьменнік Яўген Хвалей. — Калі б мы з аднакласнікамі ведалі пра малодшага брата паэта, які жыў у Амерыцы, выдаваў царкоўны часопіс і шмат працаваў для царквы, то яшчэ больш ганарыліся б, што жывём у вёсцы, дзе нарадзіўся Якуб Колас, і вучымся ў школе, якая носіць яго імя.

    Марыя Міцкевіч бачыла брата свайго дзеда толькі аднойчы, у 1990 годзе — за год да яго смерці. На той час Міхась Міцкевіч жыў з сям'ёй пляменніка Алеся і ўжо пачуваўся не вельмі добра. Сваякі маюць намер аб'яднаць пад адной вокладкай артыкулы, пераклады і ўспаміны Міхася Міцкевіча. У яго творчай спадчыне ёсць і вельмі цікавыя тэксты, напрыклад «Кароткі ўспамін», прысвечаны Якубу Коласу, які друкаваўся ў Беларусі толькі аднойчы ў скарочаным варыянце.

    Автор: Янка НАТАВЕЦЗвязда
    Теги: 

Комментарии (0)