02 Мая, 2024 Четверг

На другім тыдні пасля нараджэння дзіцяці

  • 24 июля 2017 Культура Беларуская 0

    Характэрныя рысы беларускага абраду ў рамках раённага фальклорнага свята-конкурсу «Традыцыйныя хрэсьбіны на Будакашалёўшчыне» ўзгадалі і прадэманстравалі работнікі культуры.

    «Традыцыйныя хрэсьбіны на Будакашалёўшчыне» – гэта свята-конкурс, які адбыўся ў Чабатовічскім цэнтры народнага побыту, накіраваны на захаванне і папулярызацыю рэгіянальнай і лакальнай культуры насельніцтва нашага раёна. Задача яго ўдзельнікаў простая – адлюстраваць, як на тэрыторыі адзначалі і праводзілі хрэсьбіны. І той, хто зробіць гэта лепш за ўсіх, становіцца пераможцам.

    Удзельнікаў традыцыйнага фальклёрнага свята вітала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Лагунова:

    – Усё пачалося ў мінулым годзе, калі мы ўзгадалі і паказалі, як нашы продкі праводзілі вяселле. І гэта атрымалася па-сапраўднаму каларытна і маляўніча. Аднак я ўпэўненая, што і сённяшнее свята атрымаецца не менш цікавым і захапляльным.

    Як вядома, галоўнай дзеючай асобай хрэсьбін з’яўляецца «бабка». Яна сустракала гасцей, рассаджвала іх за сталом і рыхтавала кашу. Каша пры гэтым была абавязковым атрыбутам, сімвалізуючым хлеб. Таму па ўмовах конкурснай праграмы свята ў Чабатовічах пачалося менавіта з намінацыі «Лепшая каша», дзе ўсе ўдзельнікі прадэманстравалі зробленую па ўсіх правілах святочную страву. Так, гледачы і журы даведаліся, што кашу рабілі сытнай і смачнай. У рэцэпт абавязкова ўваходзілі малако, вяршкі і шмат алею. Дзялілі кашу на Будакашалёўшчыне абавязкова драўлянымі лыжкамі і раздавалі толькі дзецям. У некаторых вёсках раёна верхні пласт (скарыначка) знімаўся, але ў кожным населеным пункце гаршчок, у якім яе рыхтавалі, разбівалі.

    Затым удзельнікі перайшлі да саміх хрэсьбін. Беларускія абрады канца XIX –пачатку XX стагоддзя адлюстроўвалі народную культуру, побыт, філасофію і рэлігію насельніцтва. А комплекс традыцый, звязаных з нараджэннем дзіцяці, складаўся з трох цыклаў: «дарадавога», «радавога» і «паслярадавога». І калі ў першыя два ўвайшлі звычаі, накіраваныя на захаванне цяжарнасці і паспяховае завяршэнне родаў, то ў «паслярадавы» – наведванне немаўляці, выбар кума і кумы, абрад далучэння дзіцяці да хатняга ачагу і яго прыняцце ў сямейна-грамадскі калектыў. І менавіта на трэцім цыкле, у сваёй большасці, спынілі ўвагу ўдзельнікі свята-конкурсу.

    Па традыцыі, самыя ганаровыя месцы за сталом належалі кумам. Яны імкнуліся сядзець як мага бліжэй адзін да аднаго, каб наванароджаны жыў у згодзе. Таксама кум і кума стараліся больш размаўляць і жартаваць. Нашы продкі верылі, што тады дзіця будзе ветлівым і шчаслівым. А каб засцерагчы немаўля ад згубных звычак, ганаровыя госці амаль не пілі спіртнога.

    У пэўны момант застолля прыносілі кашу, гаршчок з якой заварочваўся ў ручнік, абрус ці хустку. Зроблена гэта было спецыяльна, бо часцяком бабку, якая гэтую кашу рыхтавала, спрабавалі заблытаць. І атрымлівалася вельмі смешна, бо часам ёй прыносілі курыц, катоў або пусты гаршок. Але бабка павінна была адшукаць менавіта кашу і прадаць яе як мага даражэй.

    Але аўкцыён, па традыцыі, павінен выйграць хросны бацька. Менавіта ён і разбіваў гаршчок аб рог стала. Затым страву спрабавалі ўсё, ацэньваючы бабкіны намаганні. А што рабілі з чарапкамі, залежала ад мясцовасьці: недзе кавалачак давалі дзяўчатам, у якіх яшчэ няма дзяцей, недзе яго клалі на галаву любому госцю або хавалі ў хлеве з жывёламі.

    На думку журы, у мінулую суботу не было тых, хто прайграў. У намінацыі «Абрадавае дзеянне» першае месца прысуджана Камунараўскаму палацу культуры, Івольскаму СДК, другое месца захавалі за сабой  Губіцкі СДК, Рагінскі цэнтр народнай творчасці, а трэцяе месца – Глазаўскі, Буда-Люшаўскі і Шарыбаўскі сельскія дамы культуры. А ў намінацыі «Лепшая каша» усе ўдзельнікі былі ўдастоены статусу пераможца.

    Адкрый для сябе Будакашалёўшчыну!

    Вярнуцца да вытокаў, наблізіцца да абстаноўкі, у якой жылі нашыя продкі стагоддзе таму, ці чаму вы абавязаны наведаць цэнтр народнага побыту ў Чабатовічах.

    Першая прычына – экспанаты. У цэнтры прадстаўлена па-сапраўднаму ўнікальная калекцыя з некалькіх сотняў бытавых прадметаў. Разнастайныя кадкі, маслабойкі, чыгунныя прасы, вузлы з лыка, гаршкі, прыхваткі і многае іншае. Усім гэтым карысталіся нашыя продкі ў канцы XIX — пачатку і сярэдзіне XX стагоддзя.

    Другая – хата беларускага селяніна. Наведваючы яе, здаецца, што ў пакоях і цяпер жывуць людзі. Па прадметах, расстаўленых там, можна ўбачыць, як яны адпачывалі і гадавалі дзяцей, за якой працай праводзілі доўгія зімовыя гадзіны. Там жа прадстаўлены разнастайныя вышытыя ручнікі, тканыя абрусы і сукенкі таго часу.

    Трэцяя – духмяны напой. За сімвалічную плату любога жадаючага пачастуюць блінамі з печы і фірмовым напоем на травах. Дзякуючы дадаткам з ягад, лісця і лекавых траў, гэты чай  з’яўляецца не толькі смачным, але і карысным.

    Чацвёртая – месца для шлюбу. У цэнтры народнага побыту праводзяць экскурсіі і майстар-класы па вырабу лялек. Асабовай папулярнасцю карыстаецца рэгістрацыя шлюбу. На тэрыторыі цэтра  маюцца прыгожы мост, арэлі і альтанка.

    Пятая – мерапрыемствы. Напрыклад, ужо другі год запар на тэрыторыі цэнтра праводзіцца раённы фальклорны свята-конкурс, у рамках якога работнікі культуры паказваюць, як на Будакашалёўшчыне адзначалі традыцыйныя святы, падзеі, абрады.

    Автор: Раман ВЕЖНАВЕЦАвангард

Комментарии (0)