03 Мая, 2024 Пятница

Арган у вёсцы Краснае - адзіны ў Маладзечанскім раёне

  • 08 августа 2017 Культура Беларуская 0

    Маладзечанскі раён, вёска Краснае, касцёл Небаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Трыццаць тры прыступкі (іх колькасць роўная працягласці жыцця Ісуса) аддзяляюць ад зямнога да ўзвышанага вернікаў, якія прыходзяць сюды. Больш за сто гадоў у гэтым храме – адзіным у нашым раёне — гучыць старадаўні арган.

    Хіба толькі на некаторы час інструмент, музыку якога немагчыма параўнаць ні з якім іншым, змаўкаў з-за паломкі. У Красненскім касцёле пяць гадоў таму ў чарговы раз інструмент быў вернуты да жыцця. Рамонтам займаўся маскоўскі майстар Дзмітрый Лотаў, паколькі спецыялістаў такога ўзроўню ў Беларусі няма.

    Арган нагадвае сапраўдны жывы арганізм, які «дыхае». Паветра, якое падаецца з дапамогай вентылятара і матора, праходзіць праз полыя трубкі рознага дыяметру і вышыні, зробленыя з гнуткага металу, урэшце стварае музыку. А ў старадаўнія часы служка храму націскаў на драўляныя педалі і такім чынам запускаў працэс. У красненскага аргана захаваліся аўтэнтычны мех і педалі, вырабленыя з трывалых гатункаў елкі.

    — Гэты інструмент з’явіўся ў нашым касцёле ў 20-я гады мінулага стагоддзя. Зроблены ён на вядомай у тыя часы вы-

    творчасці Вацлава Бярнацкага ў Вільні, — заўважае ксёндз Павел, які служыць тут трэці год. – Калі арган выйшаў са строю, мы выкарыстоўвалі сучасны клавішны сінтэзатар. Але, безумоўна, гучанне старадаўняга інструмента ён не паўторыць.

    Іграюць на ім Яна Моніт, Паліна Кісель і Наталля Міхайлоўская, з якой нам і давялося пазнаёміцца. Дзяўчыны — прыхаджанкі касцёла Небаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Да веры іх далучылі ў сем’ях. Усе дзяўчаты – арганісткі-самавучкі, але блізкія да музыкі, займаліся па класе фартэпіяна або акардэона. Паліна – самая малодшая з іх, старшакласніца Красненскай школы. Яне (яе зямлячцы) і маладзечанцы Наталлі – крыху за 20. Гэтыя дзяўчаты звязалі свой прафесійны лёс з вывучэннем замежных моў. Касцёл, духоўная музыка для іх — неабходнасць душы (на аргане іграюць у вольны час). Такім чынам, інструмент гучыць і на звычайных, і на святочных службах, і калі маладыя бяруць шлюб.

    — Нават немагчыма патлумачыць, што адчувае чалавек, калі чуе музыку аргана. Яна, сапраўды, мае незвычайную сілу. Яе ўплыў яшчэ большы, калі ты іграеш на інструменце сам, — заўважае Наталля. – У дзяцінстве я займалася па класе акардэона, гэтыя веды дапамаглі ў асваенні аргана. Таксама ў пошуку нотнай літаратуры звярталася да інтэрнэту. Арган устроены так, што на ім трэба іграць і рукамі, і нагамі, націскаючы на адпаведныя клавішы, педалі і мяняючы рэгістры – спалучыць гэта ў адно цэлае складана.

    Арганісткі знаходзяцца ў спецыяльна адведзеным месцы – на хорах. Над музыкантамі велічна ўзвышаецца праспект інструмента. Да яго прымацавана сімвалічная ікона з выявай святой рымскай дзевы-мучаніцы III стагоддзя Цэцыліі. У каталіцкіх храмах з XVI стагоддзя яна з’яўляецца апякункай царкоўнай музыкі…

    Арганам прысвецяць энцыклапедыю

    Выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» пад эгідай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь распачало новы праект «Арганы Беларусі». Гэта альбом, у які ўвойдуць фотаздымкі аўтэнтычных музычных інструментаў і храмаў, дзе яны гучаць, а таксама адпаведная тэматычная інфармацыя. На яго старонках будзе расказана і пра касцёл Небаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, што ў вёсцы Краснае.

    — Да ўдзелу ў праекце адгукнулася ўжо больш за 20 храмаў Гродзеншчыны, Віцебшчыны, Брэстчыны, Міншчыны і сталіцы, — заўважае вядучы навуковы рэдактар выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Сяргей Молчан. – Ініцыятар — наш актыўны аўтар, намеснік старшыні Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэўскі (былы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь). У яго скарбонцы шмат праектаў, прысвечаных адраджэнню і захаванню беларускай культуры і традыцый. Летась, напрыклад, выйшаў энцыклапедычны даведнік Стружэўскага «Беларускія народныя музычныя інструменты». Невыпадкова ён з’явіўся ў Год культуры і, безумоўна, стаў знакавай падзеяй у адпаведным асяроддзі. Цяпер аўтар звярнуў увагу на арган – гісторыя гэтага інструмента вельмі цікавая і мала вывучаная ў нашай краіне. У працэсе ажыццяўлення праекта мы зразумелі, што ахапілі не ўсе тэмы. Спачатку не планавалі расказваць пра арганістаў-выканаўцаў, а цяпер разумеем, што гэта важкі пласт матэрыялу.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Ірына РАБУШКА.Маладзечанская газета
    Теги: 

Комментарии (0)