23 Апреля, 2024 Вторник

На чацвёрты дзень тыдня культуры праект “Будзь здаровы, гаспадар, будзь здарова, гаспадыня!” прыехаў у вёску Алякшышкі Доцішскага сельсавета

  • 18 августа 2017 Культура Беларуская 0

    У Алякшышкаў, як і ў тысяч вялікіх і малых вёсачак, свая гісторыя і свой каларыт. Тут пахне скошанай травой, пыліцца пад нагамі пясчаная дарога, з падворкаў чуецца кудахтанне хатняй птушкі і сабачы лай. Са смакам хрумсцяць спелымі папяроўкамі дзеці і не сышлі ў нябыт вяровачныя тарзанкі, на якіх хлапчукі і дзяўчынкі па чарзе гойдаюцца. Тут нам сустрэўся дварняк-меламан, які паважна цікаваў разам з гледачамі за канцэртным дзействам на імправізаванай сцэне. Тут ёсць многае, чаго няма ў закаваных у асфальт і іншыя даброты гарадах.

    У звыклы, размераны рытм жыцця вёскі Алякшышкі свята літаральна ўварвалася рухам, шматгалоссем, музыкай і песнямі. З яе жыхарамі старшыня сельсавета папрацавала загадзя. Ірына Пятроўна Холад абышла вясковыя хаты і паведаміла аб хуткім прыездзе гасцей з суседняга сельсавета, з Воранава. А заадно і і нагадала: добры гаспадар заўсёды рыхтуецца прыняць гасцей. А хіба ж у мясцовых працавітых і дбайных вяскоўцаў магло быць інакш? Таму кожны жыхар меў свой фронт работы на падворку, за плотам. Не падвялі, пастараліся пафарбаваць, пакрасіць, падрамантаваць дзе неабходна каб родная вёска пакінула добрае ўражанне. Гаспадыням была нагода дастаць з шафаў некалі старанна тканыя дываны, расшытыя абрусы, зубчатыя рушнікі і ўпрыгожыць свае платы,  падворкі. А яшчэ завязаць каляровыя хусцінкі і апрануць святочнае адзенне, каб у прывабным выглядзе пайсці на канцэрт. 

    Выдатная пляцоўка для музычнай часткі сустрэчы размясцілася акурат пад раскідзістым клёнам. У спякотны дзень у цяньку ўдзельнікам свята было вельмі камфортна. Супрацоўнікі Нацкага культурна-краязнаўчага цэнтра пастараліся стварыць добры настрой песнямі і душэўнымі словамі, віншаваннямі. Прайшліся па старонках гісторыі Алякшышкаў, якія свой пачатак бяруць у 1690 годзе як татарскі маёнтак Лідскага павета. Сваімі ўспамінамі і звесткамі аб жыцці населенага пункта падзяліўся мясцовы жыхар Андрэй Юзэфавіч Лебядзевіч. Віталі апладысментаміветэранаў сельскагаспадарчай і педагагічнай працы, дваіх мнагадзетных мам, уважылі самую сталую і самую маленькую жыхарак вёскі — 93-гадовую Іаанну Ежаўну Паезнік і гадавалую Паліну Касцюк. Усе яны і многія іншыя вяскоўцы атрымалі падарункі і найлепшыя пажаданні, якія ўручала старшыня Доцішскага сельсавета І.П. Холад. На імправізаванай сцэне змянялі адзін аднаго нацкія артысты, выканаўцы-госці з забалацкай зямлі, удзельнікі самадзейнай творчасці са Шчучынскага раёна. Выступалі дарослыя, моладзь і дзеці.

    Доўга яшчэ не разыходзіліся па хатах вяскоўцы. Гэты выхадны быў для іх асаблівым. Дый пагаварыць было аб чым з суседзямі.

    Вольга ВАРАБ’ЁВА.

    Фота Алега БЕЛЬСКАГА.

    Автор: Ольга ВоробьеваВоранаўская газета
    Теги: 

Комментарии (0)