28 Марта, 2024 Четверг

Чым Полацк рыхтуецца здзіўляць гасцей Дня беларускага пісьменства?

  • 30 августа 2017 Культура Беларуская 0

    Запрошана больш як паўтысячы гасцей і больш за сотню журналістаў рэспубліканскіх СМІ. Праграма ўключае каля васьмі дзясяткаў імпрэз. Спецыяльнае меню ў рэстаранах і кавярнях, загадзя забраніраваныя літаральна ўсе гасцініцы горада і суседняга Наваполацка, квартал рамеснікаў, якія па ўмовах удзелу павінны прэзентаваць толькі старажытныя промыслы, навуковая канферэнцыя, мноства літаратурных імпрэз. Так, Дзень беларускага пісьменства, што пройдзе ўжо на выхадных у Полацку, абавязкова здзівіць яскравымі імпрэзамі і разнастайнасцю праграмы.

    Што застанецца?

    Але ж святы маюць адну праблему: яны хутка праходзяць. А што застаецца? Мноства ўражанняў, новыя знаёмствы, а таксама — абноўлены горад — сталіца святкавання, адрамантаваныя дарогі і будынкі, новыя помнікі. Вось і ў Полацку — і гэта відаць ужо зараз — выдатна папрацавалі напярэдадні свята, засталіся апошнія штрыхі і самы старажытны горад краіны паўстане перад намі прыбраны, пачышчаны, нібыта вымыты. І справа не толькі ў святочных упрыгажэннях, якія хутка знікнуць на ветры часу, але ў стаўленні саміх палачан да справы падрыхтоўкі. Сустракаючы гасцей, заўсёды імкнешся пакінуць добрыя ўражанні.

    — Свята пісьменства — выдатны стымул для горада, магчымасць паказаць сябе з лепшага боку — як знешняга, так і ўнутранага, — гаворыць першы намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Сяргей ЛЕЙЧАНКА. — Працы зроблена сапраўды шмат, калі летась пачыналі рыхтавацца, вывучалі, што трэба зрабіць, то першапачатковы план уключаў каля 250 аб'ектаў. Але калі праца пачалася, зразумелі: трэба рабіць больш, каб не было кантрастаў паміж адрамантаванымі і неадрамантаванымі будынкамі, балконамі, фасадамі. У выніку работы ахапілі каля 400 аб'ектаў. Ведаеце, спрацавала і заканамернасць, калі адзін сусед робіць рамонт, то і другі імкнецца паказаць, што ён не горшы, і таксама дарабляе тое, да чаго раней рукі не даходзілі.

    Улады звярнуліся з просьбай і да мясцовых жыхароў, каб тэрыторыі каля іх дамоў таксама былі крыху ўпарадкаваныя, выглядалі дагледжанымі. І многія адгукнуліся. Падтрымалі справу рамонту горада многія прадпрыемствы, а сродкі паступалі з рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў.

    — Калі цэлы год займаешся адной справай, то не заўважаеш змен, якія паступова адбываюцца, але зараз, азіраючыся на зробленае за год, разумеем, што зрабілі многа сапраўды важнага. Ды і жыхары прывыклі, што горад увесь час абнаўляецца і ўдасканальваецца, таму самі маюць больш высокія патрабаванні і да ўласнага жыцця, працы, жылля, — дадае Сяргей Дзмітрыевіч.

    Адрамантавалі чыгуначны і аўтавакзал, абнавілі ўезд у Полацк з боку Наваполацка. На вуліцах горада з'явіліся новыя сучасныя павільёны «Віцебскаблсаюздруку», адрамантаваныя жылыя дамы на вуліцы Камуністычнай, а будынак «Белтэлекама» пасля рамонту сапраўды ўражвае! Дызайн мінімалістычны, сучасны і вельмі стылёвы, адпаведны профілю прадпрыемства. Дарэчы, у гэтыя дні адкрые дзверы пасля рамонту і Палац культуры, абсталяваны сучаснай тэхнікай. Безумоўна, ён стане сапраўдным цэнтрам, што аб'яднае многіх аматараў айчыннай песні, тэатра. Плануецца, што тут будуць рэгулярна ладзіцца канцэрты мясцовых калектываў, запрацуе тэатр імя Сімяона Полацкага, а з пастаноўкамі змогуць прыязджаць і сталічныя акцёры. Дарэчы, першыя гастролі могуць адбыцца ўжо сёлета, была выказана ідэя прывезці ў Полацк спектакль, прысвечаны Францыску Скарыну, — з Мінска ці Магілёва.

    … і абноўленая кнігарня

    Адным з самых вялікіх падарункаў гораду сталася абноўленая кнігарня «Светач-Полацк» ААТ «Белкніга», якая літаральна тыдзень таму зноў адчыніла дзверы для наведвальнікаў. Прасторныя і светлыя гандлёвыя залы, лічбавыя даведачна-інфармацыйныя табло з анонсамі і магчымасцю пошуку кніг у асартыменце магазіна, дзіцячы куток з яркімі крэсламі, вялікі аддзел выданняў для дзяцей і зручная канапа, на якой можна на хвілінку прысесці з кнігай. Арыгінальныя і стылёва аформленыя вітрыны і вялікі аддзел сувеніраў. Многія з іх могуць стаць добрым напамінам пра свята. Нататнікі з выявай Францыска Скарыны, календары з сімваламі 500-годдзя кнігадрукавання, нават самі плакаты карыстаюцца попытам у мясцовых жыхароў. Прыярытэт аддаецца беларускай літаратуры, новыя кнігі айчынных аўтараў можна пабачыць адразу каля ўвахода. А сучасныя стэлажы дазваляюць размяшчаць тавар «тварам» да пакупніка.

    — За тры месяцы, што ішоў рамонт кнігарні, палачане засумавалі па кнігах. Гэта адчуваецца па тым радасным настроі, з якім пакупнікі завітваюць да нас, — кажа загадчыца кнігарні «Светач-Полацк» Маргарыта ЛЕВАНЕНКА. — Падчас рамонту — а яго ў нас не было больш як 20 гадоў — абнавілася ўсё — ад падлогі да столі. За тыя некалькі дзён, што кнігарня зноў прымае наведвальнікаў, рост продажаў склаў больш як 150% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Наш горад — радзіма беларускага кнігадрукавання, тут маюць карані выдатныя пісьменнікі, таму вельмі важна мець сваю дастойную кніжную краму. Пакуль ішоў рамонт, усе пытанні вырашаліся вельмі хутка, аператыўна, кіраўніцтва «Белкнігі» ішло нам насустрач.

    Важна, што ў дні правядзення Свята беларускага пісьменства ў Полацку кнігарня «Светач» будзе працаваць у рэжыме, суаднесеным з праграмай святкавання.

    Адкуль пачалася Беларусь?

    У гэтыя дні ў Полацку віруе жыццё. Літаральна каля кожнага помніка, храма праходзяць важныя падзеі. Вось, напрыклад, каля Сафійскага сабора мы сустрэлі скульптара Уладзіміра Піпіна, якраз у той час, калі адбывалася ўстаноўка новага помніка «Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці».

    — Гэтым помнікам мы паставілі кропку над «і» ў пытанні, адкуль мы пайшлі. Пунктам адліку з'яўляецца дата 862 год, каб ніхто больш не блытаўся, адкуль пачалася Беларусь. На гэтых сімвалічных шчытах — вобразы шасці асоб — пантэон тых людзей, з якіх пачалася наша незалежная дзяржава. Яны ў суровай барацьбе здабылі аснову таго, што мы сёння маем. Як пісаў Алесь Разанаў, «Пачатак — ад Рагвалода», — кажа аўтар помніка, скульптар Уладзімір ПІПІН. Менавіта яго работа стала пераможцам рэспубліканскага конкурсу.

    Месца, дзе ўстаноўлены помнік, таксама сімвалічнае, гэта той цэнтр некалі магутнага Полацкага княства, дзе зарадзілася дзяржава. Тут, на беразе Заходняй Дзвіны, дзе ўзвышаецца велічны Сафійскі сабор, стваралася наша гісторыя. Так, гэтая сімвалічная ладдзя, што лунае над хвалямі, будзе нагадваць і нам, беларусам, пра нашы карані, і гасцям расказваць пра нас, пра слаўных князёў Рагвалода, Усяслава, пра мудрых Еўфрасінню і Рагнеду. Сам скульптар прызнаўся, што ў момант, калі ладдзя на тросах лунала па-над узгоркам, сэрца сцялася ад разумення значнасці гэтай хвіліны, яе сапраўднай гістарычнасці, якая застанецца ў памяці назаўжды.

    Шпацыруючы па праспекце Скарыны, сустракаем яшчэ аднаго госця са сталіцы. Каб прасачыць за падрыхтоўкай да «Полацкіх чытанняў», што пройдуць у Полацкім дзяржаўным універсітэце, сюды завітаў дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі Ігар КАПЫЛОЎ. На пытанне, ці гатовы горад да свята, ён не вагаючыся адказвае:

    — Думаю, Полацк да свята гатовы. Гэта датычыцца не толькі матэрыяльнага боку, але і настрою кіраўнікоў, арганізатараў, ды і саміх гараджан. Сёлета, у Год навукі варта звярнуць асаблівую ўвагу на навуковы складнік свята. Універсітэт падышоў з поўнай адказнасцю да падрыхтоўкі навуковага форуму, сюды завітаюць вядучыя гуманітарыі на чале са старшынёй Прэзідыума НАН Беларусі акадэмікам Уладзімірам Гусаковым і акадэмікам-сакратаром Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Аляксандрам Каваленем.

    Па словах Ігара Лявонцьевіча, ужо сама атмасфера сярэднявечнага ўніверсітэта, утульны двор і аўдыторыі настройваюць на патрэбны лад і ствараюць атмасферу панавання навукі і кніжнасці.

    … Гаспадары з нецярпеннем і хваляваннем чакаюць свята. Загучыць музыка, пачнецца шэсце, і агульную хвалю будзе «не спыніць, не стрымаць». Упершыню за гісторыю правядзення Дня беларускага пісьменства свята ў Полацку будзе доўжыцца два дні. Як кажуць мясцовыя, Полацк не памятае такіх маштабных свят, бо яно аб'яднаецца з Днём горада, што адзначаць 1 верасня, і фэстам сярэднявечнай культуры «Рубон». Статус самага старога горада краіны абавязвае адпавядаць найвышэйшым патрабаванням. Сталіца самай першай беларускай дзяржавы мусіць стаць сапраўдным цэнтрам кніжнасці, культуры. А гэта асабліва знакава сёлета, у год святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, пачатак якому паклаў Францыск Скарына з Полацка...

    Автор: Марына ВесялухаЗвязда
    Теги: 

Комментарии (0)