02 Мая, 2024 Четверг

Каб ганарыцца, трэба ведаць

  • 03 сентября 2017 Культура Беларуская 0

    Абавязкова знойдзецца нехта, хто ў адказ на разважанні пра мясцовых знакамітасцяў скажа: маўляў, не пашанцавала Ляхавіччыне стаць радзімай сусветна вядомых Янкі Купалы ці Якуба Коласа… З гэтым і сапраўды не паспрачаешся. Але задоўга – за больш як тры стагоддзі – да з’яўлення на свет тых, каму было наканавана стаць народнымі песнярамі, у Ляхавічах нарадзіўся Фёдар Еўлашоўскі. І ўвайшоў у нацыянальную літаратуру як першы беларускі мемуарыст, аўтар “Дзённіка”, што стаў вельмі каштоўнай старонкай нашай гісторыі і культуры. Сёння імя земляка носіць ціхі завулак у райцэнтры.
    А, напрыклад, імя Сяргея Пясецкага, без перабольшання, многім жыхарам раёна і наогул не знаёмае. Шкада. Вядомы польскі пісьменнік таксама родам з нашага райцэнтра. У першай палове мінулага стагоддзя яго раман «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» стаў, як сёння назвалі б, бестселерам, перакладаўся на дзясятак моў і нават вылучаўся на Нобелеўскую прэмію.
    З Ляхавіччынай звязаны імёны паэта і публіцыста Янкі Чабора, фалькларыста і этнографа Яна Чачота.
    Ні за што не паверу, што вы маглі не чуць пра гэтага чалавека. Песні на словы нашага Леаніда Пранчака – у рэпертуары «Песняроў», «Сяброў», «Бяседы»… Гэта яго –  «Даставай, Язэп, гармонік!», «Каля Чырвонага касцёла», «Сумны саксафон» і яшчэ дзясяткі песень, што сталі сапраўднымі народнымі хітамі.
    Ураджэнец Туркоў пісьменнік Алесь Бадак сёння ўзначальвае выдавецтва «Мастацкая літаратура». Дарэчы, яшчэ адным буйным выдавецкім домам – «Беларускай энцыклапедыяй імя Петруся Броўскі» – пэўны час кіравала наша зямлячка Таццяна Бялова, зараз яна працуе ў выдавецтве «Бяловагруп», што рыхтавала да друку ў тым ліку каштоўны фаліянт «Мінск. Праспект Незалежнасці».
    З Падлесся родам паэт Анатоль Бярозка, з Жарабковічаў –  Анатоль Станкевіч, у Вадзяціне карані празаіка Уладзіміра Дамашэвіча. Не багатая, але шчырая і цёплая вершаваная спадчына засталася нам ад Кастуся Турко.
    Бяруць за душу нераўнадушныя вершы Веры Дыдышка. І вельмі хочацца спадзявацца, што калісьці будуць сабраны пад адной вокладкай пранікнёныя вершы і проза надзвычай адоранай Галі Зыранавай.
    І няхай выбачаюць тыя нашы таленавітыя землякі, чые імёны не прагучалі.  Так, радзіма Купалы, Коласа, Багдановіча не тут. Але нам ёсць чым ганарыцца. А каб ганарыцца, трэба ведаць.
    Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

    Автор: Святлана БЕЛЬМАЧЛяхавіцкі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)