27 Апреля, 2024 Суббота

«Городокские книгопечатники»

  • 04 сентября 2017 Культура Беларуская 0

    Пяць самаробных кніг, вырабленых рукамі бібліятэкараў сеткі публічных бібліятэк Гарадоцкага раёна, увайшлі ў экспазіцыю, якая дэманструецца на святкаванні Дня беларускага пісьменства ў г. Полацку. 

    Раённы конкурс на лепшую самаробную кнігу па некалькіх намінацыях стартаваў яшчэ15 сакавіка, і яго ўдзельнікам мог выступіць любы жыхар нашага раёна. Але натхніла ідэя пераважна бібліятэкараў, якія штодня жывуць і дыхаюць сярод кніг. Падчас раённага свята народнай творчасці, беларускай паэзіі і фальклору, прысвечанага аўтару паэмы «Тарас на Парнасе» Канстанціну Вераніцыну, была наладжана выстава гэтых кніг «Добрых рук майстэрства». Тады яна выклікала цікаўнасць і захапленне ў многіх, хто спыніўся ля яе. Напрыклад у віцебскіх мастакоў Віктара Шылко і Івана Хіцько (на здымку).   — Вырабы нашых «кнігадрукароў» спалучаюць майстэрства стварэння кнігі і прыкладную мастацкую творчасць, — тлумачыць дырэктар КАЦ «Гарадок» і сеткі публічных бібліятэк Ада Абрамава. — У структуры кніг абавязкова прысутнічаюць вокладка, тытульны ліст, змест. Аўтары прымянялі любыя тэхналогіі, акрамя камп’ютарных. Атрымалася цікава.   Асаблівасці калектыўнай работы Гарадоцкай цэнтральнай бібліятэкі ў намінацыі «Лепшае мастацкае афармленне твораў пісьменнікаў і паэтаў Віцебшчыны» заключаюцца ў тым, што вокладка іх кнігі «Тарас на Парнасе» зроблена з тканіны набіўным спосабам. Наступная калектыўная работа, прадстаўленая ў намінацыі «Лепшае мастацкае афармленне кнігі краязнаўчага накірунку, створанай самастойна», эколага-краязнаўчы матэрыял «7 цудаў Лосвіда», — зроблена з драўляных пласцін, з дапамогай выпальвання па дрэве. З бяросты выраблена кніга для дзяцей малодшага школьнага ўзросту «Загадкі ад зайкі-усязнайкі» (намінацыя «Лепшае мастацкае афармленне твораў дзіцячай літаратуры», калектыўная работа). Вышыўкай з выкарыстаннем выцінанкі выканала сваю кнігу вершаў «Беларусь — мой родны край» Алена Раманава са Сцяпанавіцкай бібліятэкі і прадставіла яе ў намінацыі «Лепшае мастацкае афармленне твораў беларускай літаратуры». Малым адрасавана зробленая з тканіны і ўпрыгожаная аплікацыямі кніга «Умняша» выхавальніка Пальмінскага дзіцячага садка Наталлі Атрашкевіч (намінацыя «Лепшае мастацкае афармленне твораў дзіцячай літаратуры»).   Тыя, хто гэтымі днямі завітаюць на шырокія святкаванні ў Полацк, змогуць падтрымаць творчых гарадакчан, завітаўшы на іх выставу. У горадзе майстроў можна будзе сустрэць і прадстаўнікоў Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору — іх вырабы заўсёды і ўсюды выглядаюць годна.   На здымках: самаробныя кнігі «Тарас на Парнасе» і «Загадкі ад зайкі-усязнайкі». 

    Автор: Саша СЯМЁНАВАГарадоцкі веснік

Комментарии (0)