26 Апреля, 2024 Пятница

Аўтары Выдавецкага дома Звязда атрымалі высокія ўзнагароды

  • 06 сентября 2017 Культура Беларуская 0

    Трэці раз — гэта ўжо амаль закон: у рамках Дня пісьменства называюць творы лепшых айчынных пісьменнікаў. Сёлета ў конкурсе Нацыянальнай літаратурнай прэміі разглядалася каля 40 удзельнікаў, прадстаўнічае экспертнае журы чытала і прапускала ў фінал найлепшых. Усё дзеля таго, каб заахвоціць творцаў працаваць далей больш актыўна і плённа, — такое пажаданне прагучала ў вітанні Прэзідэнта Беларусі, якое зачытаў віцэ-прэм'ер Васіль Жарко: «… Мы зараз з'яўляемся сведкамі прызнання найлепшых твораў і іх аўтараў».

    Выбіраць было з чаго: «З тых больш чым 10 000 найменняў кніг, якія штогод выдаюцца ў нашай краіне, накладам больш за 35 мільёнаў экзэмпляраў, кнігі нашых нацыянальных літаратараў знаходзяць свайго вельмі чуйнага чытача», — адзначыла міністр інфармацыі Лілія Ананіч і падкрэсліла ролю дзяржавы: нацыянальны статус прэміі патрабуе высокіх узораў сучаснага пісьменства.

    «Гэта вельмі знакавая з'ява, што Нацыянальны конкурс на лепшы літаратурны твор менавіта ў Дзень беларускага пісьменства агучвае імёны сваіх пераможцаў. Тыя, хто працуе з пяром у руках, захоўваюць душу народа, змагаюцца за развіццё культуры і літаратуры, якая служыць асновай для іншых кірункаў мастацтва, — растлумачыў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец і прызнаў: — Для нас, пісьменнікаў, Дзень беларускага пісьменства — своеасаблівы экзамен».

    Здавалі яго не толькі сябры Саюза пісьменнікаў Беларусі — прэмія ахапіла шырокае кола творцаў, якія шчыруюць на ніве нацыянальнай літаратуры. Напрыклад, адна з адметных пісьменніц у гістарычнай прозе — Людміла Рублеўская (на фота), раман за раманам працягвае адкрываць тую Беларусь, што не павінна знікнуць пад покрывам стагоддзяў, фактычна ідзе ўслед за Уладзімірам Караткевічам. Адметна і тое, што Нацыянальнай літаратурнай прэміяй у прозе адзначана яе кніга «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата», што выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда» ў 2016 годзе.

    Нічога дзіўнага: пад брэндам «Звязда» ад пачатку яго існавання знаходзілі адлюстраванне літаратурныя працэсы, што адбываліся ў маладой рэспубліцы, а ў 20-я гады мінулага стагоддзя газета нават спрабавала выдаваць літаратурны дадатак. І цяпер выбудоўвае творчы дыялог паміж творцамі розных пакаленняў. У тым ліку праз кнігі. Прыемна, што сярод лаўрэатаў у намінацыі «Публіцыстыка» яшчэ адзін аўтар Выдавецкага дома «Звязда» — Зіновій Прыгодзіч са зборнікам «Постаці». Гэтае імя вядомае і чытачам нашай газеты — асобныя партрэты выдатных асоб айчыннай культуры былі прадстаўлены на яе старонках самім аўтарам: мы друкуем лепшае, што варта ўвагі, — даказана адзнакай Нацыянальнай літаратурнай прэміі.

    І яшчэ адно імя «нашых» аўтараў: тым, хто даўно выпісвае «Звязду», пісьменнік Васіль Ткачоў вядомы па серыі матэрыялаў «Жыццёвінкі». Цяпер спадар Ткачоў быў адзначаны ў намінацыі «Драматургія»: за зборнік п'ес «Характары».

    А сведчаннем таго, што ў шэрагах супрацоўнікаў Выдавецкага дома «Звязда» жыве творчы дух і вырастаюць новыя зоркі літаратуры, з'яўляецца ўзнагарода ў намінацыі «Найлепшы дэбют». Новай плынню ў літаратуры называюць Маргарыту Латышкевіч і яе паэтычны зборнік «Яблыкі».

    Паэзіі наогул пашчасціла сёлета: фактычна адразу некалькі кніг адзначаны высокай прэміяй. Пераможцам у намінацыі «Лепшы твор паэзіі» стаў Анатоль Аўруцін: адзначылі яго кнігу «Прасвятленне». Ды і ў намінацыі «Найлепшы твор для дзяцей і юнацтва» вылучылі паэта Міхася Пазнякова за кнігу «Возера Дзіва».

    Паэт Сяргей Давідовіч летась быў лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі, а сёлета атрымаў Ганаровую грамату Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. «Мы ўсе робім адну справу па паляпшэнні беларускасці і нашага ладу жыцця», — адзначыў ён.

    Працуюць на гэта празаікі і паэты, і тыя, хто вывучае беларускую літаратуру, адзначае яе асаблівасці ў мінулым і сёння. Каб падкрэсліць іх працу, існуе асаблівая намінацыя «Найлепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства». Крытыка рухае літаратурны працэс, задача крытыка — праўдзіва ацаніць твор ці ўпісаць імя яго аўтара ў гісторыю айчыннай літаратуры. Пераможцам стаў Валерый Назараў з работай «Тайнапіс Андрэя Мрыя». Можа, скажа ён калісьці сваё слова і пра сёлетніх лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі: кожны з іх працягвае працаваць і мае магчымасць стварыць тую самую кнігу, «якая зацікавіць усё грамадства».

    <hr />

    Уражанні лаўрэатаў:

    Міхась Пазнякоў:

    — Слова, кніга былі, ёсць і будуць крыніцай адукацыі, асветы. Асновай культуры, той глебай, на якой пад Боскім небам нараджаецца, квітнее, мужнее душа чалавека, душа народа… Пісьменства падарыла свету столькі зорак, і выдатна, што наша дзяржава клапоціцца пра культуру, духоўнасць. Удзяляе ўвагу кнізе, слову, паказвае, што духоўнае здароўе чалавека, народа не менш значнае, а можа, і больш важнае, чым фізічнае.

    Васіль Ткачоў:

    — Я атрымаў гэтую прэмію, відаць, яшчэ таму, што за маёй спінай шмат аматараў тэатральнага мастацтва нашай Беларусі. Сёння ў рэпертуарах народных тэатраў вельмі шмат маіх п'ес. Галоўны герой маіх твораў — вясковец, чалавек просты, сціплы, які іншы раз трапляе ў няпростыя жыццёвыя сітуацыі і з гонарам выходзіць з іх. Добра, калі бяруць творы прафесійныя тэатры. Але для мяне вялікая ўзнагарода, калі п'есу ставіць народны тэатр, бо гэта людзі, якія ад сваёй працы не маюць нічога, акрамя задавальнення. Я рады для іх пісаць.

    Маргарыта Латышкевіч:

    — Прыемна, што мая работа, укладзеная ў гэтую кніжку, была ацэнена шаноўным журы, вялікі гонар ўзняцца на сцэну разам з мэтрамі. Ёсць і пэўная адказнасць, таму што, атрымаўшы такую ўзнагароду, трэба адказаць на яе ў творчым плане. Я пастараюся гэта зрабіць: ужо ёсць праекты наступных дзвюх кніжак. Адну складуць фантастычныя аповесці — хачу зрабіць зборнік па беларускай міфалогіі. А другая кніжка будзе падобная да «Яблыкаў», проста таўсцейшая.

    Анатоль Аўруцін:

    — Лічу, што калі чалавек стварае і стварае сур'ёзна, то трэба, каб ён выдаваўся пры жыцці. Любы пісьменнік павінен бачыць, што яго праца кімсьці заўважана і кімсьці адзначана. У Беларусі нашмат менш літаратурных прэмій, чым у Расіі і іншых краінах. Напрыклад, Ганкураўская прэмія ў Францыі сімвалічная па суме ўзнагароджання. Але там ёсць сістэма падтрымкі аўтараў пасля гэтага: чалавек, які атрымаў прэмію, умомант становіцца папулярным у выдаўцоў. Нацыянальная літаратурная прэмія ў Беларусі прысуджаецца ўсяго тры гады. Яе трэба развіваць і хацелася б, каб падумалі пра далейшы лёс кнігі, якую адзначылі. Можа быць, варта стварыць бібліятэку лаўрэатаў прэміі, каб падтрымлівалася ўвага да творчасці адзначанага літаратара...

    Людміла РУБЛЕЎСКАЯ:

    — Сёння, у свеце ўніфікацыі, надзвычай важна, каб беларусы ведалі сваю гісторыю. Сапраўдную, якая з'яўляецца часткай еўрапейскай. Каб усведамлялі, што ў гэтай гісторыі было ўсё — і адважныя рыцары, і чароўныя дамы, і вайскаводцы, і паэты. і філосафы… Я імкнуся ў сваёй творчасці разбураць існуючы стэрэатып наконт нашага мінулага, магістральны герой якога для многіх так, на жаль, і застаўся — «мужык-беларус, пан сахі і касы», хоць у таго ж Купалы ёсць і Бандароўна, і Гусляр, і Машэка, вобразы рамантычныя і прыгожыя… Нам яшчэ трэба шмат што вербалізаваць, шмат якіх герояў вяртаць — тое, што ў іншых літаратурах даўно зроблена Вальтэрам Скотам, Генрыкам Сянкевічам ды іншымі. Я пастаралася, каб у маім цыкле авантурна-прыгодніцкіх раманаў «Авантуры Пранціша Вырвіча» чытач патрапляў у такі захапляльны, гераічны і рамантычны свет ХVІІІ стагоддзя на Беларусі, што яму захацелася б больш даведвацца пра беларускую культуру і гісторыю… Каб мае героі — малады збяднелы шляхцюк Пранціш Вырвіч і полацкі доктар Баўтрамей Лёднік — былі добрай альтэрнатывай стэрэатыпнаму беларускаму літаратурнаму герою, каб даводзілі, што наша літаратура — гэта не толькі «пра вёску і пра вайну». Пранціш Вырвіч і Баўтрамей Лёднік — людзі, якія ведаюць, што такое гонар і годнасць, і здольныя іх абараніць, як і волю сваёй зямлі. Назва чацвёртай часткі — «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата» тлумачыцца тым, што героі патрапляюць у цяжкі для нашай зямлі час, апошнія гады Рэчы Паспалітай, калі ваявалі за ўладу розныя магнацкія групоўкі, прыцягваючы іншаземныя сілы, і герояў шпурляе з аднаго віру ў іншы, з аднаго войска ў другое, такім чынам яны для кагосьці ўвесь час з'яўляюцца здраднікамі… Але галоўная іх ідэя — не здрадзіць самім сабе і радзіме. З усіх сваіх вандровак яны вяртаюцца ў родны Полацак. Беларусь знаходзіцца на скрыжаваннях Еўропы, і яе мультыкультурнасць, мультыканфесійнасць я таксама адлюстроўваю… А каб чытач не нудзіўся, прыпраўляю ўсё аўтарскім гумарам і фантасмагарычнымі дэталямі. Напрыклад, у чацвёртай частцы прыгод чытач трапляе ў падземнае возера пад старажытным Туравам, дзе раскрываецца таямніца знакамітага Турава калодзежа і Жалезнага Змія. Я рада, што ў раманаў з'яўляецца ўсё больш прыхільнікаў, і не толькі ў Беларусі. Час ад часу сустракаю звесткі, што па «Авантурах» праводзяцца квэсты, ладзяцца інсцэніроўкі, нават гуляюць у «Мафію». Аказалася, што і замежнікам цікава з дапамогай Лёдніка і Вырвіча даведацца пра нашу гісторыю, адкрыць для сябе Беларусь, — з'явіліся пераклады і замежныя выданні.

    Автор: Ларыса ЦімошыкЗвязда

Комментарии (0)