26 Апреля, 2024 Пятница

Художественный взгляд на Пружаны. В городе прошел ІІІ Международный пленэр памяти Станислава Жуковского

  • 15 сентября 2017 Культура Беларуская 0

    Мастакі-перадзвіжнікі пасля двухтыднёвага пленэра пакінулі Пружанскі раён

    і ўжо прыступілі да другой яго часткі, якая пройдзе ў расійскім Выбаргу.

    Мастакі не першы раз збіраюцца на Пружаншчыне. Па запрашэнні і ініцыятыве Святланы і Іосіфа Машкалаў трэці год запар госці наведваюць радзіму Станіслава Жукоўскага, каб ушанаваць яго памяць, пагутарыць з аднадумцамі і ўдасканаліць сваё майстэрства.

    Сёлета пад дахам экасядзібы “Жураўлінае” сабраліся дзевяць творцаў, некаторыя з іх прымаюць удзел у пленэры кожны год. Напрыклад Наталля Касцючэнка, мастачка з Ульянаўскай вобласці Расіі, прыехала ў Пружаны ў трэці раз. Яна ўпэўнена, што мясцовую прыгажосць можна пераносіць на палатно, стоячы на адным месцы: маўляў, так наўкола прыгожа, што толькі паварочвайся ў розныя бакі. Як іншыя мастакі, яна ў захапленні ад беларускай архітэктуры, паспела захаваць на палатне і Пружаны, і Ружаны, і Косава. А яшчэ Наталля Ігараўна сцвярджае, што такіх прыгожых захадаў сонца, як у нас, больше нідзе няма.

    А мастачка з Санкт-Пецярбурга Ганна Левіна на Пружаншчыну завітала ўпершыню. Сябры нават здзіўляліся, як можна пакінуць Піцер і паехаць ствараць у нейкую глуш? Ганна таксама адзначае прыгажосць беларускіх пейзажаў.Яна працуе ў тэхніцы графікі і адразу выйшла з мальбертам у цэнтр горада, які… нагадаў ёй родны Піцер! Толькі ў вялікім горадзе позірк увесь час упіраецца ў створы будынкаў, а ў правінцыйных Пружанах прастор для вока. Сярод работ, створаных падчас пленэра Ганнай Левінай, — вясковыя пейзажы і інтэр’еры, партрэты мясцовых прыгажунь, а ў некаторых выявах можна пазнаць і арганізатараў мерапрыемства — мужа і жонку Машкалаў.

    У маскоўскай мастачкі Марыны Рубанавай напярэдадні пленэра адкрылася персанальная выстава ў Прэзідэнцкай бібліятэцы ў Мінску. Наогул карціны, створаныя падчас “жукоўскіх пленэраў”, выстаўляюцца ў многіх музеях Беларусі і замежжа. Таму не здзіўляйцеся, калі падчас падарожжа па далёкіх ад нас гарадах вы ўбачыце на палотнах у музеі знаёмыя мясціны. Але, на жаль, існуе пагроза, што некаторыя з іх можна будзе ўбачыць толькі на карцінах…

    Напрыклад, Марына Віктараўна расказвае, што яна звярнула ўвагу на будынак былой сыраварні ў вёсцы Белавусаўшчына. Разам з калегай прынялася за работу: вельмі спадабалася мастачкам беларуская готыка. Творчым асобам нават здавалася, што вось-вось па гэтым полі праскача вершнік. Але… побач прыпыніўся сучасны аўтамабіль, з форткі якога данеслася: “Малюйце, малюйце, хутка мы ўсё тут зраўняем з глебай”.

    Калі многія аб’екты архітэктуры ды і пейзажы прывабілі адразу некалькіх творцаў, то стары дом на вуліцы Чырвонаармейскай узялася пісаць толькі Вольга Біцэнці з Пяцігорска.Белы домік з зялёнымі аканіцамі быў прыкмечаны ёю яшчэ падчас мінулага прыезду. Адметна, што да гэтага будынка меў дачыненне знакаміты беларускі мастак Мікалай Чураба: менавіта там жыла яго жонка Таццяна. Вольга Біцэнці не ведала такіх фактаў з яго біяграфіі, але нейкім мастацкім чуццём вызначыла незвычайнасць старога дома.

    Усяго мастакі паспелі стварыць на Пружаншчыне звыш 90 карцін. Толькі ўявіце: яшчэ амаль сотня выяў нашага горада, навакольных вёсак і партрэтаў землякоў з’явяцца ў музеях свету!

    Кацярына ПАШКЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

    На здымках: падчас адкрыцця пленэра старшыня «Таварыства перасоўных мастацкіх выстаў» Валерый Выбаржанін, мастачкі Вольга Біцэнці і Алена Кляйменава, гаспадыня беларускай часткі плэнера Святлана Машкала; работы ўдзельнікаў.

    Автор: Кацярына ПашкевічРаённыя будні

Комментарии (0)