28 Марта, 2024 Четверг

"Слуцкія паясы": свята таленту і майстэрства

  • 28 сентября 2017 Культура Беларуская 0

    Зранку 23 верасня Слуцк ператварыўся ў горад майстроў: на цэнтральнай плошчы, на пляцоўцы за цэнтрам дзіцячай творчасці размясціліся народныя ўмельцы, якія дэманстравалі вырабы і навыкі салома- і лозапляцення, разьбы па дрэве, па ткацтве, вышыўцы і многіх іншых рамёствах.

    Адкрываючы свята, старшыня Слуцкага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі адзначыў, што народная творчасць – душа народа, выток духоўнасці, нацыянальнай культуры. У ёй – шчырасць, багацце пачуццяў, трапяткая любоў да роднага краю, прыроды, талент, натхненне, надзеі і моцная жыццёвая сіла, якая злучае, яднае людзей і цэлыя пакаленні. Народныя майстры Міншчыны, іншых рэгіёнаў Беларусі беражліва захоўваюць, годна працягваюць, узбагачаюць закладзеныя продкамі традыцыі мастацкіх рамёстваў.

    Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сяргей Паўлавіч Ладышаў падкрэсліў, нягледзячы на тое, што свята «Слуцкія паясы» – маладое, праходзіць трэці раз (свята ладзілі ў 2013, 2015 гадах), яно ўжо мае шмат прыхільнікаў. Яго ўдзельнікі – выдатныя майстры народнай творчасці, якіх можна назваць «майстры залатыя рукі». Свята невыпадкова праводзіцца на Случчыне, у краі, дзе быў створаны славуты слуцкі пояс, брэнд нацыянальнай культуры.

    Гучалі пажаданні добрага свята, адметнага настрою, творчай атмасферы. Усё атрымалася!

    У свяце прынялі ўдзел кіраўніцтва, работнікі Слуцкага райвыканкама, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна Вітальеўна Ражанец, прадстаўнікі прадпрыемстваў, арганізацый Случчыны, грамадскіх арганізацый, случчане, госці горада.

     Вочы разбягаліся ад разнастайных вырабаў, прадстаўленых народнымі ўмельцамі з розных рэгіёнаў – стракатыя тканкі, паясы, яркія, вышываныя ў нацыянальным стылі, абрусы, сурвэткі, гладкія гліняныя збанкі, разнастайныя плеценыя кошыкі, карціны, пано, прыгажуні-лялькі з саломы, тканіны ў народных касцюмах і многае-многае іншае… Можна было не толькі палюбавацца гэтымі рэчамі, набыць іх для практычных патрэб ці ўпрыгажэння хатняга інтэр’еру, але і атрымаць некаторыя навыкі падчас шматлікіх майстар-класаў. Заварожвалі сваёй прыгажосцю капыльскія і старадарожскія ручнікі, лагойская і івянецкая кераміка, клецкая і маладзечанская лаза, вілейская і мядзельская разьба па дрэве. Цэнтральнае месца было адведзена беларускім паясам. Зачароўваў рух спрытных рук ткачых, якія дэманстравалі ручное ткацтва, у тым ліку РУП «Слуцкія паясы». Я таксама паспрабавала свае сілы ў рабоце на ручным ткацкім станку  і ў каторы раз падзівілася ўмельству  і таленту майстрых, вельмі карпатлівая, складаная гэта работа.

    Адна з адметнасцей і новаўвядзенняў свята – у гэтым годзе месцы размяшчэння народных умельцаў на цэнтральнай плошчы былі абазначаны арыгінальнымі прыгожымі «домікамі» з выявамі старажытных слуцкіх паясоў. Атрымалася, так бы мовіць, своеасаблівая рамесная слабада. Случчына, канечне, была  годна прадстаўлена на свяце: адметныя беларускія паясы, іншыя тканыя, вышываныя вырабы, беларуская лялька, вырабы з лазы, гліны. Гэта далёка не поўны пералік работ слуцкіх майстроў. Цудоўныя творы прадставілі на свята майстры Квасыніцкага цэнтра рамёстваў, Слуцкага гарадскога цэнтра традыцыйнай культуры, цэнтра дзіцячай творчасці, творчых аб’яднанняў іншых устаноў раёна.

    Канечне, радавалі гасцей і ўдзельнікаў свята шматлікія выставы арганізацый, устаноў Случчыны, у тым ліку цэнтра дзіцячай творчасці, цэнтра турызму і краязнаўства, эколага-біялагічнага цэнтра навучэнцаў, Слуцкага дзяржаўнага каледжа, сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя, мастацкай школы мастацтваў, Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэкі, Слуцкага раённага вузла паштовай сувязі, паказальныя выступленні навучэнцаў Слуцкага цэнтра тэхнічнай і прыкладной творчасці навучэнцкай моладзі. Шмат мерапрыемстваў ладзілі падчас свята на цэнтральнай канцэртнай пляцоўцы, у гарадскім парку культуры і адпачынку, на іншых канцэртных і выставачных пляцоўках у Слуцку. Незабыўнымі канцэртнымі нумарамі цешылі гасцей і ўдзельнікаў свята заслужаныя аматарскія калектывы з Лагойскага, Валожынскага, Мінскага раёнаў, іншых рэгіёнаў Мінскай вобласці, горада Мінска і, вядома, нашы слуцкія калектывы. Шмат эмоцый у дарослых і дзяцей выклікала вячэрняе лазернае шоу.

    Багата прадукцыі, тавараў прапаноўвалі ўдзельнікам «Слуцкіх паясоў» прадпрыемствы, гандлёвыя арганізацыі раёна. Працавалі шматлікія міні-кафэ.

    Асаблівым момантам свята стаў ужо традыцыйны конкурс «Беларуская лялька», падвядзенне яго вынікаў, уручэнне пояса Мінскай вобласці Слуцкаму цэнтру традыцыйнай культуры.

    Свята «Слуцкія паясы» быццам жыватворная крыніца напоўніла душу творчасцю, прыгажосцю, акрыліла, а галоўнае дазволіла ў каторы раз адчуць гонар за землякоў,  пераканацца ў шматграннасці талентаў, адоранасці жыхароў роднага краю, Міншчыны, нашай слаўнай беларускай зямлі.(Матэрыял пра скарбніцу беларускай лялькі «Берагіня» чытайце ў наступным нумары «Слуцкага краю»).

    * * *

    Удзел у свяце прыняла і рэдакцыя газеты «Слуцкі край».

    Каля будынка Слуцкага раённага вузла паштовай сувязі размясціўся выставачны павільён «Сузор’е майстэрства і чытання» Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэкі. Супрацоўнікі бібліятэкі і «Слуцкага краю» разам правялі бібліяквілт.

    Вялікай папулярнасцю ў случчан і гасцей горада карыстаўся касцюм Кніжнай Дамы, выраблены работнікамі бібліятэкі з часопісаў і газет, у якім можна было сфатаграфавацца (як і абяцалі, фотаздымкі размешчаны ў групах газеты «Слуцкі край» «Вконтакте», «Аднакласнікі» і «Фэйсбук»). Каля незвычайнай фотазоны на працягу ўсяго свята было шматлюдна.

    Не застаўся па-за ўвагай і майстар-клас па вырабе кніжных закладак з узорам слуцкага поясу. Хтосьці рабіў для сябе, а адзін з юных удзельнікаў майстар-класа сказаў, што падорыць свой выраб любімай сястрычцы, якая вельмі любіць чытаць.  Апроч іншага работнікі бібліятэкі прапаноўвалі жадаючым паўдзельнічаць у бібліясэлфі «Аптычная ілюзія».

    З задавальненнем случчане ўдзельнічалі і ў краязнаўчым лато «Случчына: гісторыя і сучаснасць», перамога ў якім гарантавала памятныя прызы ад рэдакцыі газеты «Слуцкі край». Сярод пераможцаў – герой адной з публікацый святочнага нумара газеты Алег Генрыхавіч Шапель, ён лічыць, што важна цікавіцца не толькі мінулым, але і сённяшнім жыццём свайго горада, таму з задавальненнем чытае раёнку.

    Автор: Наталья СЕЛЕЗНЁВА, Ірына МАЛЯЎКАСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)