24 Апреля, 2024 Среда

Сучасны брэнд Беларусі – слуцкія паясы – можна набыць у Брагінскім гістарычным музеі

  • 29 сентября 2017 Культура Беларуская 0

    Брагінскі гістарычны музей з карціннай галерэяй запрашае і жыхароў, і гасцей райцэнтра перанесціся ў эпоху, калі на беларускія землі прыйшла мода на доўгія, шырокія, шаўковыя ўзорыста-тканыя паясы. 

    Цяпер цудоўны ўзор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які стаў і гістарычным культурным сімвалам, і сучасным брэндам Беларусі, можна не толькі ўбачыць, але і купіць у Брагіне. Тры слуцкія паясы, прывезеныя з аднайменнага горада, занялі ганаровае месца ў нашым музеі. 

    Надзвычай прыгожы, сімвалічны і дарагі прадмет мужчынскага гардэроба, даступны толькі выхадцам з вышэйшых саслоўяў, ткалі ў Беларусі яшчэ ў XVIII стагоддзі. У адзенні магнатаў ён быў сімвалам прыналежнасці да эліты, шматвяковых сямейных традыцый і, вядома ж, заможнасці. 

    Сёння старадаўнія слуцкія паясы – рарытэт: у нашай краіне захоўваюцца адзінкавыя экзэмпляры і фрагменты, а большая частка твораў нацыянальнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва знаходзіцца ў музейных і прыватных калекцыях свету.

    Тым не менш, у старадаўнім Слуцку, на адным з найбуйнейшых прадпрыемстваў мастацкіх промыслаў Беларусі, адроджаны ўнікальныя тра-дыцыі вырабу слуцкіх паясоў. Сучасныя майстры робяць іх дакладныя копіі, аналагі і мастацкія стылізацыі, якія могуць стаць эксклюзіўным сувенірам з Беларусі. У стварэнні задзейнічаны станок нямецкай фірмы, зроблены па адмысловай замове… Зрэшты, не будзем раскрываць усе таямніцы ўнікальнай тэхналогіі і паглыбляцца ў гісторыю нацыянальнага сімвала. Дадзім магчымаць пазнаёміць з усім гэтым самім супрацоўнікам музею. Тым больш што в.а. дырэктара ўстановы Надзея Мялешка, якая даўно цікавіцца данай тэмай, выкарыстала магчымасць пабываць на вышэйназваным прадпрыемстве, каб наглядна пазнаёміцца з вытворчым працэсам і ўнікнуць у мастацкія асаблівасці аўтэнтычных шэдэўраў – у гэтым дапамог створаны там музей гісторыі слуцкіх паясоў.

    І яшчэ адзін сюрпрыз, які падрыхтаваў для брагінчан да юбілейнай даты калектыў музея, – сувенірная прадукцыя з сімваламі пасёлка і мясцовым каларытам, што можа стаць найлепшым падарункам для блізкіх, знаёмых ці замежных сяброў.  Іншымі словамі, прыходзьце, цікаўцеся, купляйце!

    Автор: Валянціна БЕЛЬЧАНКАМаяк Палесся

Комментарии (0)