18 Апреля, 2024 Четверг

«Усім народам святкаванне – нам "народны" далі званне»

  • 02 октября 2017 Культура Русский 0

    Пад такой назвай у Пінкавіцкім літаратурна-краязнаўчым музеі імя Якуба Коласа адбылося ўрачыстае свята з нагоды прысваення музею статуса «народны».

    Музею Якуба Коласа ўжо 27 год. Ён знаходзіцца на тым самым месцы, дзе стаяла драўляная школа, у якую ў верасні 1904 года прыехаў працаваць малады настаўнік Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас). Воблік той школы захаваўся на старым фотаздымку. Яго можна пабачыць на адным са стэндаў музея. У трох залах размясціліся экспанаты, звязаныя з жыццём і творчасцю Якуба Коласа. Першы пакойчык – «Хатка палешука» – расказвае пра жыццё і побыт сялян вёскі Пінкавічы таго часу. Тут можна ўбачыць посуд, печ, ткацкі станок, адзенне палешукоў. Экспазіцыя другой залы прысвечана жыццю паэта на Палессі, а ў трэцім пакоі можна пазнаёміцца з успаміна-мі мясцовых жыхароў пра Коласа, перыядам яго жыцця пасля высылкі з Пінкавічаў.

    Штогод на базе музея праходзяць літаратурныя гасціныя да дня нараджэння класіка. Працуюць аб’яднанні юных экскурсаводаў. Музей супрацоўнічае і падтрымлівае сувязь з літаратурна-мемарыяльным музеем Я. Коласа ў Мінску, Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Асноўнымі наведвальнікамі «Коласавай ха-ты», як кажуць у Пінкавічах, з’яўляюцца вучні і дарослыя з раёну, Брэсцкай і іншых абласцей. Музей наведваюць  таксама і госці з бліжняга і далёкага замежжа.

    Пачалося свята з песні «Мой родны кут…» на словы Я. Коласа ў выкананні хора Пінкавіцкай ДзШМ. Цікава і мілагучна супрацоўнікі Дабраслаўскага СДК і Бабрыкоўскай біб-ліятэкі выканалі пастаноўку па матывах твораў Я. Коласа «Жніво», а фальклорнае аб’яднанне «Забава» раённага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі прадста-віла народна-побытавыя танцы. У гэты час на двары музея таксама разгарнулася свята: былі арганіза-ваны дзве гульнёвыя дзі-цячыя пляцоўкі (Малоткавіцкі СДК). Выступаў народны аматарскі фальклорна-этнаграфічны калектыў Пінкавіцкага СДК «Крыніцы».

    Як і прынята на свяце, на ўрачыстае мерапрыемства завіталі госці: намеснік старшыні райвыканкама Дз.Г. Палхоўскі, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А.І. Прылоўская, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама І.М. Ліра, дырэктар раённага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі А.А. Лявошка, старшыня Пінкавіцкага сельвыканкама А.П. Гудкова, дачка стваральніка музея Івана Іосіфавіча Калошы – Ірына, адна з першых збіральніц матэрыялаў для музея В.І. Козіч (доктар філалагічных навук), былы лабарант музея Н.Р. Палавец, родныя былых вучняў Я. Коласа, су-працоўнікі Музея Беларускага Палесся, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры школ раёна і многія іншыя.

    Таксама на свята музея прыехала і ўнучка Якуба Коласа – Марыя Міхайлаўна Міцкевіч:

    – Я з вялікім задавальненнем прыехала ў Пінкавічы, бо лічу, што менавіта гэтая мясціна выхавала ў Якуба Коласа пачуццё адказнасці за сваю краіну, за Беларусь. Гэты год для нашай сям’і юбілейны – 135 год з дня нараджэння Якуба Коласа і 120-годдзе з дня нараджэння яго малодшага брата Міхася. Лёс абодвух звязаны з Пінкавічамі. Першы  тут працаваў настаўнікам, а другога старэйшы брат узяў, каб вучыць, калі памёр бацька. Абодва сталі настаўнікамі, грамадскімі дзеячамі. Яны ўсё сваё жыццё змагаліся за тое, каб наша краіна была незалежнай і шчаслівай. Таксама для мяне прыемнай была навіна, што ў Пінску адкрылі мемарыяльную дошку ў памяць аб шлюбе маіх дзядулі і бабулі. Пачатак іх сумеснага і шчаслівага жыцця адбыўся тут, у Пінску.

    Напрыканцы свайго выступлення Марыя Міхайлаўна паведаміла, што яна з’яўляецца не толькі ўнучкай Якуба Коласа, але і дачкой яшчэ аднаго знакамітага дзіцячага пісьменніка – Янкі Маўра. У святочны дзень яна перадала ў дар музею дзве кнігі «Доўгая дарога ад дома Янкі Маўра да дома Якуба Коласа» і «Вобразы мілыя роднага краю», а таксама арыгінальныя фотаздымкі сям’і Міцкевічаў.

    Завяршылася свята вы-ступленнем членаў клуба літаратараў Піншчыны «Пін-чукі», клуба аўтарскай песні «КАП-ля» Аляксея і Вольгі Шаўчукоў і вядомага паэта Валерыя Грышкаўца.

    Спонсарам цікавага мерапрыемства выступіла ўласнае прадпрыемства «Пина-Транс».

    Автор: Татьяна ПолховскаяПолесская правда

Комментарии (0)