29 Марта, 2024 Пятница

Размова пра кнігу і край

  • 03 ноября 2017 Культура Беларуская 0

    У аўторак, 31 кастрычніка, у раённай бібліятэцы імя Панфёрава прайшла прэзентацыя кнігі “Города и районы Брестчины. Ивановский район”.

    На сустрэчу прыехаў аўтарскі калектыў амаль у поўным складзе. Гэта кіраўнік праекта доктар гістарычных навук, прафесар Беластоцкага ўніверсітэта Андрэй Гарбацкі (ураджэнец Віўнева), доктар геаграфічных навук прафесар Канстанцін Красоўскі, кандыдаты навук, дацэнты кафедр Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр Савіч, Таццяна Сілюк, Таццяна Тахіян, Лена Леванцэвіч, Алена Пашковіч (на здымку).

    У актавай зале бібліятэкі прысутнічалі кіраўнікі сельскіх Саветаў, структурных аддзелаў райвыканкама, музеяў, члены ветэранскіх грамадскіх арганізацый, прадстаўнікі благачыння, прафсаюзаў, школ.

    Адкрыла мерапрыемства намеснік старшыні райвыканкама Алена Дарагакупец: “Першая партыя кнігі была атрымана перад першым верасня, перад Днём ведаў, і частка накладу была ўрачыста ўручана дырэктарскаму корпусу сферы адукацыі кіраўніцтвам раёна, членамі райвыканкама, кіраўніком і прадстаўнікамі дэпутацкага корпуса на школьных лінейках. Гэта было вельмі сімвалічна, асабліва зыходзячы з таго, што Кіраўніком дзяржавы гэты год абвешчаны Годам навукі. Гэтыя экзэмпляры, што былі падораны школам, змяшчалі ў сабе зварот да вучняў і настаўнікаў кіраўніка раёна Юрыя Юр’евіча Бісуна. Лічу, што ўсё гэта было зроблена файна і правільна. Так атрымалася, што ў наступным годзе Іванаўскі раён прымае Дзень беларускага пісьменства, і я лічу, што выхад такога грунтоўнага выдання напярэдадні гэтага свята паслужыць на карысць папулярызацыі нашага краю”.

    Пасля свайго выступлення Алена Паўлаўна ўручыла аўтарам асобнікі напісанай імі кнігі.

    Затым слова ўзяў Андрэй Гарбацкі: “Дарагія землякі, рады чарговы раз пабываць у раёне, тым больш па такой прыемнай прычыне. Але адразу хачу сказаць: гэтай кнігі не было б, калі б кіраўніцтва раёна не прыняло рашэнне пра падтрымку праекта. І ў першую чаргу словы па-

    дзякі хачу выказаць Юрыю Юр’евічу Бісуну, які на ўсіх этапах работы падтрымліваў праект. Выданне не таннае. Але гэта тое, што акупіцца ў будучым. Гэта падарунак для кожнага жыхара раёна”.

    Затым Андрэй Аляксандравіч расказаў пра тое, як ішла работа, пра змест выдання, пра адкрыцці і тыя пытанні, якія, на жаль, засталіся без адказу. Якая дакладная дата заснавання Янава? Дзе шукаць герб і пячатку Моталя? Адказу няма, нягледзячы на месяцы, аддадзеныя на вывучэнне дакументаў на старапольскай і лацінскай мовах ў розных гарадах Беларусі, Польшчы, Літвы, нягледзячы на запыты ў Ватыкан і Расію.

    Тым не менш, навуковую значнасць кнігі гэта не зніжае. Выданне не проста фіксуе гістарычныя факты, яно дазваляе зрабіць вывад пра устойлівыя рысы жыхароў Янаўшчыны, якімі можна ганарыцца праз стагоддзі. Чаго вартая толькі ўпартасць маталян, якія, па словах прафесара, “як толькі з’яўляўся новы кароль, ехалі ў Кракаў або Варшаву і не толькі пацвяр-джалі старыя прывілеі, але і атрымлівалі новыя.”

    Пасля выступлення прафесара Гарбацкага, кожны з яго калег засяродзіў увагу на “сваіх” раздзелах кнігі, адначасна атрымліваючы ацэнкі сваёй работы ад прысутных, а таксама пытанні па пэўных фрагментах.

    Абмеркаванне не было выключна хвалебным. Дапытлівыя чытачы, якія ўжо паспелі азнаёміцца з кнігай, разам са словамі падзякі выказалі і шэраг заўваг. Валянціна Пуцыковіч, захавальніца фондаў музея Дастаеўскага ў Дастоеўскай школе, зрабіла шэраг удакладненняў, пэўныя заўвагі выказаў кіраўнік ветэранскай раённай арганізацыі Васіль Куніцкі.

    З нечым аўтары пагадзіліся, нешта патлумачылі. Пры гэтым усе згадзіліся са словамі кіраўніка праекта: “Ідэальнай кнігі не бывае”. Але асобныя заўвагі не сапсавалі агульнага пазітыўнага ўспрыняцця калектыўнага твору. Некалькі соцень старонак патрабавалі ад аўтараў велізарных намаганняў. Многія з іх, як адзначыў Аляксандр Савіч, свае адпачынкі некалькі год праводзілі ў архівах, збіраючы інфармацыю.

    Дзве гадзіны праляцелі на адным дыханні. Адчувалася, што гэта была сустрэча аднадумцаў, праўдзівых патрыётаў роднага краю, якім дарагі той след, той унёсак, без якога гісторыя Бацькаўшчыны была б няпоўнай.

    Алег Кунец.

    Фота Валерыя МІХАЛЬЧУКА.

    Автор: Игорь ГетманЧырвоная звязда
    Теги: 

Комментарии (0)