18 Апреля, 2024 Четверг

Лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва наведаў Крупскі раён

  • 04 ноября 2017 Культура Беларуская 0

    На зямлю Крупшчыны заслужаны дзеяч мастацтваў, народны мастак Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва, акадэмік Міжнароднай акадэміі духоўнага адзінства народаў свету Іван Якімавіч Міско прыязджаў ужо неаднойчы. Вось і ў гэтыя восеньскія дні ён з радасцю прыняў запрашэнне наведаць наш горад яшчэ раз. І нагода таму – падпісанне актаў аб дзяржаўнай прыёмцы дэкаратыўных скульптур з каменя, якія былі зроблены падчас абласнога пленэру, што праходзіў у нашым раёне восенню мінулага года, і ўстаноўлены ў гарадскім парку.

    Крупчанам ужо добра знаёмыя ўсе тры арыгінальныя арт-аб’екты – скульптурныя кампазіцыі «Сэрца зямлі», «Дарун-камень» і «Каўчэг». Нагадаем іх аўтараў. Над скульптурнай кампазіцыяй «Сэрца зямлі» скульптар Ігар Засімовіч працаваў у суаўтарстве з Кацярынай Зантарыя. Наш зямляк, беларускі скульптар Алег Купрыянаў стварыў «Дарун-камень», а малады скульптар Алесь Сакалоў падарыў  крупчанам «Каўчэг».

    Пасля знаёмства з кампазіцыямі ў гарадскога парку і падпісання актаў у Крупскай мастацкай галерэі імя Барыса Аракчэева адбылася творчая сустрэча з Іванам Міско.

    – 2017 год для Івана Якімавіча юбілейны, яму споўнілася 85 гадоў, – зазначыла дырэктар Крупскага гісторыка-краязнаўчага музея Тамара Бальбот, прадставіўшы госця. – Сваю экспазіцыю «Космас Івана Міско», якая экспануецца ў нашым горадзе, вядомы беларускі скульптар прысвяціў галоўнай тэме сваёй творчасці – касманаўтыцы і яе героям. Захопленасць космасам доўжыцца ў Івана Якімавіча ўжо больш за паўвека, і ён не збіраецца здраджваць гэтай тэме. Але не варта думаць, што гэта адзіная захопленасць у яго. Іван Міско – аўтар дзясятка манументальных твораў, соцень скульптурных партрэтаў вядомых дзеячаў культуры, навукі, працы, многіх мемарыяльных дошак. Упэўнена, што не толькі ў мяне, але і ва ўсіх прысутных узнікае пытанне: адкуль у Вас, Іван Якімавіч, з’явілася цяга да мастацтва?

    І прагучаў разважлівы і памяркоўны адказ скульптара:

    – Нарадзіўся я на хутары Паплаво, што на Слонімшчыне. На беразе невялікай рачулкі Валобрынка, літаральна за дзесяць-пятнаццаць метраў ад вады, і стаяла наша драўляная хата-пяцісценка. Побач быў агарод, гаспадарчыя пабудовы. А крыху воддаль пачынаўся стары высокі лес, які агінаў нашу сядзібу плаўнай дугою. Разам з сябрамі-аднагодкамі з суседняй вёскі Чамяры мы гойсалі па лесе, збіралі ягады і грыбы, купаліся ў Валобрынцы, лавілі ў ёй ракаў, рыбу. Але больш за ўсё мне падабалася быць аднаму. Я клаўся на траву і мог гадзінамі назіраць за вялікімі беласнежнымі аблокамі, якія ўяўляліся мне рознымі загадкавымі персанажамі. У такія хвіліны я даваў волю фантазіі і ў сваіх марах-летуценнях пераносіўся далёка-далёка, вандруючы ў бяскрайнім Сусвеце. Колькі сябе памятаю, столькі і жыве ў мяне неспатоленая прага ўбачыць нябачанае, спазнаць неспазнанае. Мусіць, адтуль, з далёкага маленства, і пачынаюцца вытокі майго творчага захаплення. А на пытанне: «Адкуль цяга да мастацтва?» такі мой адказ: я і сам не ведаю. У нашым доме была вялікая, акуратна пабеленая печ. І вось адна яе плоскасць – роўная і бялюткая – надта мне спадабалася, што я не мог утрымацца ад спакусы, каб не намаляваць на ёй. Калі не было нікога дома, я дастаў з печы вугольчык і даў волю свайму натхненню: намаляваў поплаў, лес, бераг рэчкі… Спахапіўся толькі тады, калі ўвесь бок печы быў размаляваны. І тут мяне ахапіў страх: што ж я нарабіў? Але ўсё абышлося даволі спакойна. Зайшоў сусед і спытаў, хто гэта так намаляваў? А маці з гонарам адказала: гэта наш Ванька! І сусед нібы ў ваду глядзеў, сказаўшы: мо’ ён і стане мастаком.

    Але, як расказаў далей Іван Якімавіч, да гэтага яшчэ ляжала доўгая і складаная дарога. Пасля вайны хлопец паехаў паступаць у Мінскае мастацкае вучылішча, узяўшы з сабой рэчмяшок з сухарамі і коўдрай. Ды падчас начоўкі яго абрабавалі, і давялося ехаць назад дамоў. А вось на наступны год ён паступіў у мастацкае вучылішча, але пасля заканчэння першага курса студэнта прызвалі ў армію. Па словах Івана Якімавіча, перажываў нядоўга, таму што са службай яму пашанцавала. На першым пастраенні на пытанне камандзіра роты, хто ўмее маляваць, салдат зрабіў крок наперад і быў прызначаны мастаком у армейскі клуб. Да месца адзначыць, што за гэты час ён завочна закончыў вучылішча пры Усесаюзным доме мастацкай творчасці імя Н.К. Крупскай у Маскве. Пасля службы ў арміі зноў працягнуў вучобу ў Мінскім мастацкім вучылішчы. Праўда, лёс распарадзіўся так, што хаця і вучыўся на аддзяленні жывапісу, закончыў аддзяленне скульптуры. І зрабіў гэта пасля таго, калі ўбачыў, як працуе скульптар – яго захапіла магчымасць прадметы і аб’екты перадаваць аб’ёмна і шматмерна. Так яго сэрца назаўсёды прыкіпела да архітэктуры.

    – Але, бадай, галоўнай вяхой у маім жыцці стаў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, у які я паступіў у 1961 годзе і скончыў у 1966-м. Дарэчы, паступаў я туды ўжо калі быў членам Саюза мастакоў рэспублікі, — працягваў расказваць Іван Міско. – Ведаеце, мне заўсёды шанцавала на добрых людзей. Ну вось як, напрыклад, расцаніць такі факт. Не паспеў я скончыць у 1957 годзе мастацкае вучылішча, як у Мінску адкрываецца мастацкі музей. І дырэктар гэтага музея Алена Аладава запрашае мяне на працу. Мне тут жа выдзяляюць пад майстэрню невялічкі пакойчык і загружаюць цікавай работай. Амаль дваццаць гадоў свайго жыцця я аддаў музею. І ні кропелькі не шкадую. Наадварот, удзячны Богу і лёсу, бо гэта былі гады майго мастакоўскага росту, майго прафесійнага і чалавечага сталення.

    Творчасць беларускага скульптара Івана Міско добра вядома не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Яго часта называюць “касмічным” скульптарам, таму што Іван Якімавіч – адзіны зорны скульптар на постсавецкай прасторы. Ён па некалькі разоў у год бываў у Зорным гарадку і з натуры ляпіў усіх касманаўтаў. Сярод іх – амаль усе касманаўты былога Савецкага Саюза, у тым ліку беларусы – Уладзімір Кавалёнак, Пётр Клімук і Алег Навіцкі, а таксама прадстаўнікі розных краін, што пабывалі на арбіце. І скульптар доўга і ахвотна расказваў аб тым, як у яго нарадзілася захапленне касмічнай тэмай, як яна з новай сілай успыхнула пасля смерці Аляксея Гагарына, як яму працавалася з касманаўтамі, хто і чым яму больш за ўсё запомніўся.

    У Мінску на вуліцы Інтэрнацыянальная, 11а знаходзіцца майстэрня скульптара, дзе ён працуе ўжо больш за 40 гадоў і якую наведваюць знакамітыя людзі. Тут з’явіліся нават касмічныя традыцыі. Якія? Іван Міско паведаміў, што першым натуршчыкам у гэтай майстэрні стаў касманаўт Пётр Клімук і ён першы распісаўся на люстэрку, якое скульптар прынёс з дому. У майстэрні, як і на касмадроме Байканур, ёсць таксама дзверы з аўтографамі касманаўтаў.

    Падчас сустрэчы Івану Якімавічу задалі такое пытанне: “Што Вы ўкладваеце ў паняцце “сэнс жыцця”? На што ён адказаў: “Пра гэта многа можна гаварыць. А калі коратка, то галоўнае заключаецца ў тым, каб не змарнаваць адведзеныя табе лёсам гады, каб рэалізаваць дараваныя Богам здольнасці. І рэцэпт тут адзін – праца, праца і яшчэ раз праца”. Мяркуем, што гэтым сказана ўсё. Як зазначыў наш госць, ён і дзясятай долі не зрабіў бы таго, што зрабіў, каб аддаваўся ляноце і гультайству. “Я ж сабе не дазваляў такога ніколі. Працаваў з ранку і да позняга вечара. А ў маладыя гады прыхопліваў і выхадныя дні. Мой жыццёвы дэвіз: рукі павінны быць кожны дзень у гліне”.

    Напрыканцы сустрэчы наша мясцовая паэтэса Таццяна Каваленка прачытала свае вершы, прысвечаныя Крупкам, Івану Міско і рэзчыкам па камню, якія працавалі ў горадзе ў 2016 годзе. Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Мельнік выказала падзяку і шчырыя словы пажаданняў вядомаму беларускаму скульптару, а таксама аднаму з рэзчыкаў, аўтару скульптурнай кампазіцыі “Сэрца зямлі” Ігару Засімовічу і ўручыла ім сувеніры і кветкі.

    Пасля такой змястоўнай сустрэчы ніхто не хацеў разыходзіцца. Іван Міско зноў і зноў адказваў на шматлікія пытанні, фатаграфаўся з тымі, хто яго прасіў аб гэтым, запрашаў да сябе ў майстэрню, дзе для кожнага госця знойдзецца кубак свежазаваранай на духмяных зёлках гарбаты. Напрыканцы з усімі ўдзельнікамі творчай сустрэчы было зроблена фота на памяць.

    Автор: Татьяна ТолкачеваКрупскі веснік

Комментарии (0)