25 Апреля, 2024 Четверг

Распавядаем пра Полацкі магістрат

  • 09 ноября 2017 Культура Беларуская 0

    У Полацку, самым старажытным горадзе краіны, сёлета год юбілеяў. Ужо адсвяткавалі 500-годдзе беларускага кнігадрукавання і ўласна 1155-годдзе. Яшчэ адна юбілейная дата — 1025-годдзе Полацкай епархіі… А налета споўніцца 520 гадоў надання гораду магдэбургскага права. У нашай пастаяннай рубрыцы, прысвечанай гісторыі мясцовага самакіравання, сёння распавядаем пра магістрат тых часоў.

    Скардзіліся «па вертыкалі»

    — У Полацку магістрат стварылі пасля надання гораду 7 кастрычніка 1498 года магдэбургскага права. На жаль, вельмі мала дакументаў, па якіх дакладна можна было б меркаваць пра першыя дзесяцігоддзі дзейнасці органа мясцовага самакіравання. Добра, што засталося значна больш крыніц пра яго функцыянаванне ў ХVІІ—ХVІІІ стагоддзях. Што да іерархіі, як у наш час сказалі б, «гарвыканкама» — магістрат падзяляўся на бурмістраўска-радзецкую і войтаўска-лаўнічую часткі. Лаўнікі падпарадкоўваліся бурмістрам і райцам. Бурмістры, райцы і лаўнікі засядалі ў ратушы. На «пасяджэннях» прысутнічалі лайнтвойт ці яго намеснік, — распавядае старшы навуковы супрацоўнік Навукова-тэхналагічнага парка БНТУ «Палітэхнік» Максім Макараў.

    Бурмістры праводзілі пасяджэнні, выносілі прысуды. Яны ж прымалі самыя важныя рашэнні, у тым ліку і фінансавыя. Райцы былі іх дарадцамі, спецыялістамі ў вобласці права, знаўцамі і абаронцамі правоў і прывілеяў. Яны мелі пячатку, ключы ад ратушы і скрынкі з гарадскімі прывілеямі.

    Лаўнікі («прысяжнікі») праводзілі следчыя дзеянні ў судовых справах. Яны вывучалі сітуацыі на месцах здарэнняў, аглядвалі целы забітых, раны. Яшчэ ацэньвалі маёмасць і г. д.

    Дзейнічала ў той час і «схема» абскарджвання.

    — У прыватнасці, калі вынікі ацэнкі маёмасці ці вызначэння меж зямлі, праведзеных лаўнікамі, не задавальнялі чалавека, ён мог запатрабаваць паўтарэння тых жа дзеянняў камісіяй райцаў. А мог і ў апошнюю інстанцыю звярнуцца — да бурмістраў, — працягвае гісторык.

    У подпісах пад дакументамі чыноўнікі нярэдка павышалі свой статус. Ды з такім размахам гэта адбывалася, што адзін з райцаў у 1682 годзе склаў пратэст супраць адпаведных дзеянняў лаўнікаў...

    Скарачалі штатны расклад

    У ХVІІ—ХVІІІ стагоддзях, як, верагодна, і ў ХVІ стагоддзі, магістрат складаўся з трох сесій бурмістраў, райцаў і лаўнікаў. Кожная з іх засядала ў ратушы па чарзе — праз два гады на трэці.

    Іх змена адбывалася ў дзень новага года па грыгарыянскім календары. Толькі ў 1654—1667 гадах, калі Полацк падпарадкоўваўся Маскоўскай дзяржаве, магістрат мяняўся 1 верасня — па сістэме летазлічэння ад стварэння свету.

    — Можна меркаваць, што колькасць бурмістраў і райцаў на працягу двух вякоў заставалася нязменнай — па двое. А штат гадавых лаўнікаў паступова змяншаўся: спачатку з шасці да чатырох, потым да двух. Верагодна, гэта было выклікана паступовым — прыблізна трохразовым, скарачэннем насельніцтва горада з сярэдзіны ХVІІ да сярэдзіны ХVІІІ стагоддзя. Яшчэ больш скарачаць было нельга, бо пры магдэбургскім праве гарантавлася аднолькавае прадстаўніцтва ў магістраце асоб «рымскай» і «грэчаскай» веры, — канстатуе Максім Макараў.

    Але часам ураднікаў (членаў магістрата) не хапала. І прыходзілася працаваць у «няпоўным складзе». У прыватнасці, 1 студзеня 1732 года бурмістр Тэадор Камковіч заняў месца ў ратушы, як адзначана ў гістарычнай крыніцы: «сам толькі, без калегі («рымскага» бурмістра) і без паноў райцаў...»

    Пры дзвюх уладах

    Даследчык паспрабаваў прасачыць ратацыю сесій полацкага магістрата ў згаданыя вышэй два стагоддзі.

    Дакладна вядома, што ў 1602 і 1608 гадах у ратушы засядала адна і тая ж сесія магістрата. Напэўна, яна выконвала свае абавязкі і ў 1605 годзе. А «адпачывала» ў 1603—1604 і ў 1606—1607 гадах.

    — Можна ўпэўнена сцвярджаць, што адбывалася рэгулярная ратацыя «кадраў» трох устойлівых па складзе сесій магістрата. У 1654 годзе Полацк занялі маскоўскія войскі. Персанальны склад магістрата моцна змяніўся. Але прынцыпы дзейнасці засталіся ранейшымі… У 1662 годзе маскоўскі гарнізон быў не ў стане надзейна забяспечыць абарону горада. Войска спаліла горад з умацаваннямі і схавалася ў замку. Большасць мяшчан перасялілася ў Дзісну або збегла. А мясцовы магістрат, відавочна, увогуле перастаў функцыянаваць, — працягвае суразмоўца.

    У 1667 годзе Полацк зноў увайшоў у склад Рэчы Паспалітай. І магістратам сталі кіраваць прадстаўнікі той сесіі, якая дзейнічала перад вайной (амаль усе тады збеглі на тэрыторыю ВКЛ). Гісторык мяркуе, што гэтыя ж людзі працавалі і ў наступным годзе...

    У першай чвэрці ХVІІІ стагоддзя рэгіён знаходзіўся ў катастрафічным стане. Падчас Паўночнай вайны (1700—1721 гады) колькасць жыхароў паменшылася ў разы. У спісе супрацоўнікаў магістрата за 1704—1709 гады зусім мала прозвішчаў.

    — Гэта наводзіць на думку пра недахоп ураднікаў і хранічны кадравы голад. Сітуацыя палепшылася толькі ў канцы другога дзесяцігоддзя ХVІІІ стагоддзя, — працягвае Максім Макараў.

    У прыватнасці, у 1750—1772 гадах колькасць бурмістраў павялічылася. Цікава, што гадавыя лаўнікі, якія занялі пасаду ў 1762 годзе — Ян Мірановіч і Рыгор Касабуцкі, — выконвалі свае абавязкі на працягу ажно сямі гадоў.

    Автор: Аляксандр ПукшанскіЗвязда
    Теги: 

Комментарии (0)