29 Марта, 2024 Пятница

Таямніцы старых дамоў, або Чаго баяліся нашы продкі

  • 17 ноября 2017 Культура Беларуская 0

    Каштоўнасць старых дамоў сёння відавочная, на жаль, нямногім. Мала хто ведае, што ўсе гэтыя “хібары і развалюхі”, у якіх жылі нашы продкі і якія мы спяшаемся памяняць на добраўпарадкаванае сучаснае жыллё, уяўляюць сабой целы сусвет ведаў.

    Пры нарыхтоўцы драўніны, калі пачыналі секчы першае дрэва, глядзелі, як упадзе кара на зямлю. Калі белым бокам наверх, то такое дрэва лічылася прыгодным для будаўніцтва, калі ж наадварот – то шукалі новае. Не бралі сухіх або абпаленых маланкай дрэў, бо яны прадвяшчалі беднасць ці пажар ад маланкі, не чапалі і дрэў з дупламі, каб не спалохаць яго насельнікаў, тых жа птушак ці вавёрак.

    Звычайна сцены рабілі з сасны, радзей з елкі. Толькі на падрубу – ніжняе бервяно ў зрубе – ішоў моцны, як камень, дуб, які надзейна трымаў на сабе ўвесь цяжар хаты.

    Пачыналі будаўніцтва толькі пасля Благавешчання (7 красавіка па новым стылі), калі Бог “адмыкаў” зямлю, якая за зіму павінна была «выспацца».

    Дзе будавалі?

    Месца для новай хаты выбіралі наступным чынам: за некалькі дзён да будаў-ніцтва кідалі на зямлю кару з нарыхтаванай драўніны і праз тры дні падымалі і глядзелі, хто там завёўся. Калі знаходзілі чарвякоў або чорных мурашоў, то месца лічылася найбольш прыгодным для будаўніцтва. Калі пад карой з‘яўляліся павукі, то шукалі новае. Але ў некаторых месцах наадварот, давяралі павукам: ставілі пусты гаршчочак на зямлю, і калі за ноч павук пачынаў у ім “ткаць кросны” (віць павуцінне), то месца пад хату лічылася добрым.

    Што цікава: не ўзводзілі хату там, дзе раней праходзіла дарога ці знаходзіліся лазня альбо млын, бо лічылі, што тут «водзіцца нячыстая сіла».

    З чаго пачыналі?

    Першы вянец пачыналі класці з месца, дзе будзе чырвоны кут. Паміж бярвеннямі тут закладвалі пахучую траву, якую сабралі на Купалле, манеты, воўну і зерне. Пасля першага вянца гаспадыня частавала цесляроў. У адказ удзячныя майстры казалі з павагай: “Дай нам, Божа, пачатую справу зрабіці, а гаспадару доўга жыці”. Як бачым, усе адносіны паміж гаспадаром і будаўнікамі трымаліся на даверы і павазе.

    Плот

    Плот, якім агароджвалася ўся сядзіба, меў сімвалічны сэнс і лічыўся першым ахоўным колам. Звычайна пад ім насыпаліся земляныя бугры, бо лічылася, што там паселіцца дух продкаў Чур (узгадайце, што мы крычалі, калі гулялі ў хованкі?), які будзе стаяць на варце выдзеленай зямлі.

    Сцены і дах

    Наступным ахоўным колам былі сцены і дах дома. Менавіта таму перад тым, як перабрацца ў новую хату, усе сцены і куткі апырсквалі вадой, асвечанай на Вадохрышча, і першай з рэчаў заносілі дзяжу (ёмістасць для замесу цеста), як увасабленне багацця і дабрабыту. Прычым прыходзілі ў новую хату толькі ноччу, каб падмануць злых духаў.

    Жылая прастора хаты сімвалічна абазначала зямны свет, а ўсё, што за столлю, на гарышчы, – завоблачны. І лічылася, што там жылі душы памерлых. Таму калі знахарка лячыла каго-небудзь у хаце, то стукала мятлой аб столь – звярталася да іх па дапамогу. Вось таму раней гарышча і не абсталёўвалася для жылля.

    Падлога

    Калі гарышча ўяўляла нябесную сферу, то падлога збліжала з урадлівай глебай. І лічылася грахом пляваць на яе, бо з кожнага такога пляўка «выводзіўся чорт».

    Быў распаўсюджаны звычай пасыпаць падлогу зернем у навагоднія і калядныя святы, калі дзеці віншавалі гаспадароў словамі: “Сею, сею, пасяваю – з новым годам паздраўляю”.

    Парог

    Рубяжом між знешнімі сіламі сусвету і ўнутранай прасторай жылля з’яўляўся парог. Лічылася, што пад парогам жыве душа дома – вужака з сям’ёй. Таму на парозе нельга было нічога секчы сякерай, бо незнарок можна было прамахнуцца і забіць вужаку, тым самым наклікаць бяду.

    Увогуле меркавалася, што вужакі пад парогам ці пад печкай прыносяць дому багацце. Таму нашы продкі пільна аберагалі іх і глядзелі на іх як на паўнапраўных членаў сям’і, а парог ніколі не абміналі ўвагай у самыя адказныя моманты жыцця (хрышчэнне, вяселле ці пахаванне).

    Напрыклад, калі дзіця везлі ў царкву хрысціць, то кума тройчы падымала яго над парогам. Калі маладая пакідала родны дом, то па традыцыі павінна была прысесці на парозе, як бы развітваючыся з бацькоўскай хатай. А падчас пахавання, выносячы з хаты дамавіну з нябожчыкам, тройчы стукалі труной аб парог. Так памерлы быццам развітваўся з роднай хатай і пераходзіў у іншы свет.

    Часта для таго, каб у хату не маглі пранікнуць злыя сілы, грамнічнай свечкай малявалі крыжы над дзвярыма, вешалі падкову, а ручкі-клямкі кавалі ў выглядзе розных страшных істот.

    Планіроўка хаты

    Хата часцей за ўсё дзялілася на дзве або тры часткі: жылая хата-сенцы ці хата-сенцы-клець. У сенцах размяшчалася ўсялякая дробязь, патрэбная ў гаспадарцы, тут стаялі і драбіны, якія вялі на гарышча. А клець служыла для захоўвання збожжа, прадуктаў і бытавых рэчаў.

    Тры рытуальныя цэнтры хаты

    Печка.

    Язычніцкі сімвал жыватворнага сонца і сямейнага дабрабыту, у якім па старажытнай традыцыі падтрымліваўся “нязгасны агонь”. Частка недагарэлага вуголля на прыпечку прыкрывалася попелам і захоўвалася на працягу сутак, каб з раніцы можна было зноў запаліць у печы, бо лічылася дрэннай прыкметай, калі вуголле гасла.

    Агнём даражылі, як сямейнай святыняй, таму пры пераездзе ў новую хату праводзілі рытуал “перасялення агню”, падчас якога гаспадар нагортваў у гаршчок гарачых вуголляў з печы ў старой хаце і нёс у новую. За ім з хлебам, соллю і святой вадой ішлі астатнія члены сям’і. А калі заходзілі ў хату, то гаспадар абносіў агонь уздоўж сцен і прасіў у яго, каб пазбавіў ад пажару.

    Чырвоны кут (покуць) – найбольш шануемае месца ў хаце, якое сімвалізавала Божы свет і супрацьпастаўлялася печы. Тут развешваліся іконы, убраныя вышытымі ручнікамі-набожнікамі, знаходзіліся малельныя кнігі, свечкі, зелле, асвечанае ў царкве. Тут, на скрыжаваных лавах, стаяла і хлебная дзяжа, якой кланяліся ў першую чаргу ўсе, хто заходзіў у хату. А падчас «зажынак» і «дажынак» у чырвоны кут ставілі першы і апошні снапы.

    “Бабін кут”. Ён знаходзіўся каля печы і лічыўся “царствам” гаспадыні, тут яна гатавала ежу, тут знаходзіўся ўвесь арсенал яе хатняга інструментарыя. Цікава, што калі нованароджанага хлопчыка перад хрышчэннем клалі ў чырвоны кут, то дзяўчынку – каля “бабінага”, каб падкрэсліць яе прызначэнне як ахоўніцы хатняга ачага...

    ***

    Сёння, на жаль, нашчадкі зусім не ведаюць, што такое хатні ачаг, як і не ведаюць, што ўся беларуская хата ўяўляе сабой яркую самабытную з’яву, дзе кожная яе частка і элемент ствараўся рукамі нашых таленавітых продкаў з любоўю да сусвету і імкненнем да прыгажосці і гармоніі. І яе знікненне з твару зямлі – вялікая страта і сум. 

    Алена Зялевіч.

    Автор: Алена ЗялевічРаённыя будні

Комментарии (0)