25 Апреля, 2024 Четверг

Бульбяны фэст па-капыльску

  • 23 ноября 2017 Культура Беларуская 0

    У мінулую суботу апоўдні цэнтральная плошча горада Капыля ператварылася ў ажыўленую сцэну, напоўненую водарам разнастайных страў і вясёлай музыкай. Шмат людзей сабралася ля сельскагаспадарчых падворкаў, дзе сярод прысмакаў пачэснае месца было адведзена бульбе.

    Пры гэтым другі хлеб на падворках быў прадстаўлены не толькі ў выглядзе аформленых з густам і арыгінальных страў, але і стаў «будаўнічым матэрыялам» для разнастайных жывёл і птушак, якія былі галоўнымі элементамі створаных кампазіцый.  Дарэчы, кожны госць свята змог ацаніць кулінарныя  прысмакі, якія прапаноўвалі гандлёвыя кропкі райспажыўтаварыства і падворкі сельгаспрадпрыемстваў, дзе можна было паспытаць гарачыя дранікі са смятанай, смажаную бульбу, вараную ў мундзірах…

    На першае свята бульбы завіталі ганаровыя госці — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Ніжэвіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк, дэпутат Мінскага абласнога Савета дэпутатаў, кіраўнік ААТ «Старыца-Агра» Уладзімір Рудакоўскі і першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталь Ракевіч. Звяртаючыся да ўдзельнікаў свята,  яны адзначылі, што ў раёне гэты дзень стане пачаткам новай традыцыі. А паколькі ўрачыстасць адбывалася падчас Дня маці, словы віншавання прагучалі таксама і ў адрас паважаных жанчын.

    Да ўвагі прысутных каля будынка раённага Цэнтра культуры была арганізавана выстава фотаработ, вырабаў з бульбы. Героі казак, паданняў, прыдуманыя цацкі і арыгінальныя агароднінныя кампазіцыі — якіх толькі экспанатаў не прапаноўвалі аўтары работ! Тут жа ўдзельнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Капыльскага ТЦСАН уручалі паперкі з рэцэптамі бульбяных страў. Супрацоўнікі РЦК, устаноў культуры раёна заклікалі капылян і гасцей прыняць удзел у цікавых конкурсах, кожны ўдзельнік якіх абавязкова атрымоўваў прыз — ці дранікі з полымя, з жару, ці добры мяшок бульбы.

    Шмат бяспройгрышных латарэй прапаноўвалі і індывідуальныя прадпрымальнікі, якіх было багата ў гэты дзень на цэнтральнай плошчы горада. Разнастайныя камерцыйныя структуры і дзяржаўныя прадпрыемствы прадставілі ў шырокім асартыменце прыгожую сувенірную прадукцыю. Для самых маленькіх дзейнічалі атракцыёны, дзе можна было пакатацца на электрамабілях і прыгожых поні.

    Тым часам на сцэне разварочвалася тэатралізаванае прадстаўленне, прысвечанае, безумоўна, бульбе. У выкананні капыльскіх, быстрыцкіх, лоцвінскіх і ляшнянскіх самадзейных артыстаў прагучала шмат прыгожых і шчырых песень.

    На свяце дзейнічала кампетэнтнае журы, якое і ацэньвала творчыя намаганні аўтараў «бульбяных» работ. Напрыканцы ўрачыстасці былі падведзены вынікі і ўзнагароджаны лепшыя калектывы.  Так, за актыўны ўдзел у выставе сельгаспадворкаў з дэгустацыяй страў з бульбы адзначаны ААТ «Семежава», «Старыца-Агра», СГФ «Руднае», КСУП «Доктаравічы», якім уручаны памятныя прызы ад упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання. За крэатыўныя і цікавыя скульптуры з бульбы незвычайныя сувеніры атрымалі КУП «Капыльская ЖКГ» (вялікая драўляная лыжка) і ААТ «Піянер-Агра» (вялікая тарка). Сярод удзельнікаў выставы творчых работ увагі членаў журы ўдастоены экспанаты аддзела адукацыі, спорту і турызму, УАЗ «Капыльская ЦРБ» і ААТ «Скабін», якім дасталіся памятныя падарункі ад раённай арганізацыі РГА «Белая Русь».

    Автор: Сяргей ЛАЗОЎСКІСлава працы

Комментарии (0)