25 Апреля, 2024 Четверг

"Там, дзе жыве чараўніцтва"

  • 30 ноября 2017 Культура Беларуская 0

    Пад такой назвай 22 лістапада ў Слуцкай галерэі мастацтваў ім. У.С. Садзіна адкрылася выстава мастака з аграгарадка Грэск Аляксандра Валер’евіча Салтаўца.

    Карціны напоўнены каларытнымі персанажамі: тут і клоўны, і скамарохі, і вандроўныя музыкі на фоне фантастычных пейзажаў. Пераступіўшы парог выставачнай залы, я сапраўды нібы перанеслася ў казачную краіну. Разглядваючы карціны, адчувала сябе то Алісай у краіне цудаў у кампаніі новых, невядомых, але ад таго яшчэ больш прывабных казачных персанажаў, то Гердай, то Снежнай каралевай (серыя карцін «Ледзяное каралеўства»). Каля твораў з музыкамі, здаецца, сапраўды чуеш ціхую чароўную мелодыю. На экспазіцыі прадстаўлена 43 карціны, 43 неверагодныя гісторыі. Свет мастака – свет чараўніцтва.

    Аляксандр Валер’евіч Салтавец нарадзіўся ў вёсцы Грэск Слуцкага раёна. Маляваць пачаў з ранняга дзяцінства, скончыў Мірскі каледж будаўніча-рэстаўрацыйных работ. Гэта 26-я персанальная выстава мастака, чацвёртая ў Слуцку.

    Таленавіты мастак працуе выкладчыкам у Грэскай дзіцячай школе мастацтваў, адкуль сам пачынаў свой творчы шлях. Яго выхаванцы неаднаразова перамагалі ў міжнародных конкурсах. Ды і сам жывапісец – уладальнік шматлікіх узнагарод і дыпломаў. У лютым 2012 года за сваю мастацка-педагагічную дзейнасць Аляксандр Валер’евіч атрымаў Падзяку Міністра культуры Рэспублікі Беларусь, у сакавіку таго ж года быў удастоены спецыяльнай прэміі «Чалавек года Міншчыны». Работы майстра знаходзяцца ў прыватных калекцыях у Беларусі і шэрагу замежных краін.

    – Я заўсёды ведаў, што буду мастаком. Пачынаў маляваць з пейзажаў, але гэта ўжо ўсё ёсць, гэта створана самой прыродай, я ў фарбах магу толькі паўтарыць, а хочацца ствараць нешта сваё, свой свет, – адзначыў у размове Аляксандр Валер’евіч. – Мяне натхняе ўсё: неба, зямля, вада, гукі, наваколле, людзі. Каб пачаць маляваць, натхнення я не чакаю, без пэндзля, фарбаў і мальберта мне проста немагчыма жыць, дыхаць. Я працую ў асноўным ноччу і падчас працэсу напісання не маю нейкай канкрэтнай задумкі. Малюнак проста сам кладзецца пад пэнздлем. Мае карціны – мой унутраны свет.

    Любімай карціны ў мастака няма, ёсць тыя, з якімі яму цяжэй расстацца. Аляксандр Валер’евіч лічыць, што калі мастак стварыў і карціна і праз пяць гадоў застаецца ў яго любімай, значыць, ён не расце, не развіваецца, а гэта недапушчальна.

    Слуцкую галерэю мастацтваў мастак вельмі любіць, і лічыць яе сваёй роднай.

    – У якіх бы галерэях я не выстаўляўся, толькі тут адчуваю сябе дома, а супрацоўнікі мне як сям’я, – гаворыць Аляксандр Салтавец.

    Прыходзьце ў галерэю на выстаўку, зазірніце ў чароўны свет.

    Автор: Ірына МАЛЯЎКАСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)