01 Июня, 2026 Понедельник

Беларусь – найлепшая крыніца натхнення!

  • 06 декабря 2017 Культура Беларуская 0

    Кожны з нас час ад часу ўздымае галаву і хоць на хвілінку захапляецца выглядам зорнага неба. Бадай, многія хацелі б пакінуць гэтую карціну на доўгія часы, але натуральна сфатаграфаваць зоркі не так проста, і сёння мы пазнаёмім вас з сапраўдным майстрам гэтай справы – астрафатографам, астраномам і выкладчыкам Віктарам Малышчыцам.

    Некалькі гадоў таму яго відэа “Беларусь у абдымках зорак” ускалыхнула інтэрнэт. Віктар паказаў на фота Беларусь такой, якой яе яшчэ не бачылі – архітэктурная спадчына нашай Радзімы літаральна купалася ў зорным небе, краявіды лашчыла мяккае святло прамянёў на світанку. Здавалася, што бачыш нешта вельмі знаёмае, але адначасова не верыліся, што гэта – Беларусь, што і ў нас хтосьці можа так якасна здымаць.

    Якасная праца дала свой плён і даволі хутка Віктар Малышчыц стаў, на мой погляд, самым медыйным фатографам Беларусі. Мноства інтэрв’ю самым папулярным інтэрнэт-рэсурсам, каналам тэлебачання, выступленні ў якасці навуковага кансультанта і свая калонка на onliner.by. Фатограф нават стаў героем кліпа аднаго з беларускіх гуртоў. Воляй лёсу пашчасціла пагутарыць з Віктарам.

    – Вітаю. Віктар, раскажыце крыху пра сябе? 

    – Я нарадзіўся ў Рызе, але мае бацькі былі беларусамі. У Латвіі нас нічога не трымала, таму праз некаторы час пераехалі ў Беларусь, у Глыбоцкі раён. Таму калі ў мяне пытаюцца, адкуль я, звычайна з гонарам адказваю: “З Глыбокага!”

    – Што пачалося раней: захапленне фатаграфіяй ці астраноміяй?

    – Цяжка сказаць, што было раней, абодва захапленні заўжды ішлі поруч. Яшчэ ў чатырохгадовым узросце я мучыў татаў “Зеніт”, робячы цацкай сваёй для фотасесій, і ў тым жа ўзросце ўпершыню ўбачыў здымкі месяцавай паверхні і даведаўся назвы планет. У дарослым жыцці астраномія стала маёй працай, а фатаграфія – хобі. Затым яны памяняліся месцамі, а цяпер дык і ўвогуле зноў спадарожнічаюць.

    – Што ўзбудзіла ў Вас любоў да астраноміі? Гэта было захапленне з дзяцінства ці ўплыў аказаў настаўнік?

    – Першымі, хто захапіў мяне, былі мае бацькі. Калі ў пятым класе атрымаў ад мамы на Новы год энцыклапедыю пра космас, захапленне зоркамі накаціла з такой сілай, што ні на што іншае пераключацца ўжо не было часу. А ў школе пашанцавала сустрэцца з вельмі таленавітым педагогам – Ігарам Яўгенавічам Сасімовічам, які гэтае захапленне толькі памножыў. Бо немагчыма заставацца абыякавым, калі ў твайго настаўніка ў самога вочы гараць.

    – У Вашых здымках выразна назіраецца адчуванне прыроды. Ваша правінцыяльнае паходжанне наклала адбітак на адчуванне гэтай гармоніі?

    – Хутчэй наадварот. Усё жыццё я жыву ў гарадах, таму і хочацца больш дакрануцца да таго, што ўвесь час упускаю. Да таго ж хочацца паказаць людзям, наколькі ўнікальная наша беларуская прырода. Часта даводзіцца чуць: “А што ў нас тут цікавага? Гор няма, мора няма. Адны балоты хіба?” Так, балоты! Пабывайце хоць раз на нашых балотах, пераначуйце там, сустрэньце туманны світанак – і хутка зразумееце, што гэта не менш цікава, чым лазіць па гарах. А яшчэ нашы азёрныя комплексы, некранутыя вялікія лясныя масівы, а рэкі… Адна Прыпяць чаго толькі вартая! Я ўжо шмат гадоў вандрую па Беларусі і, здавалася б, ведаю яе ўздоўж і ўпоперак, але вось толькі гэтай восенню зрабіў для сябе шмат адкрыццяў.

    – Некаторыя людзі лічаць пейзаж простым жанрам, маўляў, узяў апарат, пахадзіў з задавальненнем па беразе ракі, зрабіў пару кадраў і ўсё. Але мы ведаем, што далёка не ўсё так проста, асабліва з астрафатаграфіяй. Апішыце, калі ласка, Ваш сярэднестатыстычны працэсс здымак ад падрыхтоўкі да выніку.

    – Калі казаць пра начную фатаграфію, то працэс здымкі нічым не адрозніваецца ад звычайнага пейзажу. Прыйшоў, паставіў камеру на штатыў, зрабіў здымак – і ўсё. Адзінае, крыху адрозніваецца сама тэхналогія атрымання гатовага здымку. Уначы вельмі цёмна, таму нават самыя лепшыя камеры няздольныя рабіць яркія здымкі без шумоў і артэфактаў. Каб пераадолець гэтыя тэхнічныя недахопы, даводзіцца выкарыстоўваць розныя методыкі (некаторыя з іх, дарэчы, выкарыстоўваюцца ў прафесійнай астраноміі). Напрыклад, некалькі разоў здымаць адзін і той жа прадмет, а потым складаць атрыманыя кадры, ці здымаць пейзаж па частках, склейваючы іх у агульную мазаіку. Канечне, у выніку атрымаецца кадр, які вы ніколі не ўбачыце ўжывую: наша вока не можа накопліваць сігнал, не можа бачыць колеры ўначы, а камера можа. Ды мы і не ставім перад сабой задачу рэалістычнага адлюстравання – мы хочам паказаць тое, што ніколі не ўбачыць вокам. Але ўсё гэта існуе на самой справе, ніякага мантажу ў сваіх здымках я не прымяняю.

    – Колькі важыць Ваша абсталяванне?

    – Фотаапарат са штатывам важыць не так і шмат. Але ж у любога фатографа, канечне, можа быць некалькі камер, мяшок оптыкі і пару штатываў. Калі дадаць яшчэ спецыяльнае абсталяванне для відэа, то атрымаецца немалы груз. Праўда, яго амаль да самага месца прызначэння вязе машына.

    – А каштуе?

    – Так, кошт змесціва маёй машыны ўжо перавысіў кошт самога аўто. Але пра астранамічныя сумы гаворка, вядома, не ідзе, проста ў мяне машына далёка не новая.

    – Кім Вы працуеце?

    – Асноўная праца звязаная з фота. Я працую з так званымі фотабанкамі – арганізацыямі, якія прадаюць здымкі па ўсім свеце, а я з кожнага продажу атрымліваю пэўны працэнт. Але ёсць яшчэ і праца для душы: ужо больш за 10 гадоў я  выкладаю астраномію ў школе. Хоць грошай гэта амаль не прыносіць, але ж не ўсё ў жыцці павінна прыносіць грошы.

    – Ведаю, што Вы чалавек сямейны.

    – У мяне цудоўная сям’я з адных дзяўчынак – жонка і тры дачушкі. Канечне, галоўнае месца ў жыцці зараз займаюць яны, а не астраномія ці фатаграфія.

    – Праца, сям’я – здаецца, многіх не хапіла б на нешта яшчэ. Адкуль знаходзіце час і сілы на ўсё?

    – А часу і не хапае. Напрыклад, каб паздымаць гэтым летам, мы зрабілі з сям’ёй вялікую вандроўку па розных кутках нашай Беларусі, амаль паўтара месяца ездзілі. А я ў гэты час сумяшчаў адпачынак з працай:   удзень гуляюся з дзеткамі, а ўначы еду куды-небудзь са сваімі жалязякамі.

    – Як ставяцца родныя да Вашага захаплення, усё ж такі даволі доўгі час прысвячаеце здымкам і назіранню за зоркамі?

    – Калі таты дома няма – у гэтым не так і шмат радасці. Але калі потым паказваю гатовы вынік, то сям’я мяне падтрымлівае. Да таго ж наша краіна не такая і вялікая – надоўга з’ехаць я не змагу.

    – Вас калі-небудзь наведвала пачуццё творчай спустошанасці, ці, як модна зараз казаць, “прафесійнага выгарання”?

    – Напэўна, такое бывала і досыць часта. Але з-за недахопу часу заўсёды накопліваюцца вялікія архівы неразабранага і неапрацаванага матэрыялу. Не ведаеш, што б паздымаць? Бярэш старыя архівы і апрацоўваеш здымкі, пакуль натхненне не вернецца.

    – Так ці інакш, што з’яўляецца крыніцай натхнення?

    – Сама наша Беларусь – найлепшая крыніца натхнення. А таксама гісторыя. Няхай мы зараз шмат што страцілі, але, вывучаючы спадчыну, разумееш, што мы стаім  на падмурку вялікай і магутнай еўрапейскай дзяржавы з багатым мінулым і значнымі дасягненнямі.

    – Як Вы ставіцеся да астралогіі і месячных календароў для агароднікаў?

    – Абсалютна адмоўна. Мне вельмі непрыемна, што ў цяперашнім свеце развялося столькі псеўданавуковых шарлатанаў і што людзям чамусьці нашмат прасцей паверыць ім, чым вучоным, якія могуць прывесці рэальныя доказы сваіх тэзісаў. На сённяшні момант мы маем цвёрдыя аргументы, якія даказваюць, што нельга лічыць астралогію навукай. Калі хочаце верыць у яе – верце як у нейкае астральнае вучэнне, нічога ж вам запярэчыць я не змагу. Але, калі ласка, не лічыце астралогію і яе метады навукай.

    – У жыцці Вы карыстаецеся беларускай мовай і, як я зразумеў, вучыце ёй сваіх дзетак. Вы ўсведамляеце мову як рысу нацыянальнай ідэнтычнасці?

    – Так. Мова, гісторыя, культура – фактычна гэта адзінае, што адрознівае нас ад іншых нацый. Хацелася б, каб мы маглі ісці наперад, не азіраючыся на “старэйшых братоў”, а маючы сваю моцную нацыянальную краіну.

    – Уявім сабе фантастычную сітуацыю: Вы сучасны сустрэлі сябе ж, але юнацкага ўзросту. Якія парады прапанавалі б у такім выпадку сабе самому?

    – А які сэнс гэтаму маладому максімалісту даваць парады? Ён жа ўсё адно не стане слухаць! Я б не пазбаўляў самога сябе задавальнення шукаць свой шлях у гэтым свеце.

    – Вялікі дзякуй. Жадаю здароўя Вам і Вашым родным, натхнення і яснага неба!

    – І Вам вялікі дзякуй за размову!

    Автор: Арцём ГУСЕЎПетрыкаўскія навіны
    Теги: 

Комментарии (0)