04 Мая, 2024 Суббота

ХІІ абласны фестываль нацыянальных культур. Мова дружба зразумелая ўсім

  • 08 декабря 2017 Культура Беларуская 0

    Салам алейкум, гамарджоба, шалом, бунэ зіўа!.. Так віталіся ўдзельнікі ХІІ абласнога фестывалю нацыянальных культур, які прайшоў на гасціннай маладзечанскай зямлі.

    У згодзе і дружбе

    Галоўнае дзейства разгарнулася ў нашым Палацы культуры. На свята завіталі госці з Барысаўскага, Бярэзінскага, Валожынскага, Дзяржынскага, Клецкага, Мінскага, Нясвіжскага, Слуцкага, Смалявіцкага, Стадарожскага раёнаў. Такім чынам, былі прадстаўлены шматлікія дыяспары сталічнай вобласці. Да прысутных звярнуўся начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Сяргей Ладышаў:

    — Наша Беларусь – агульны дом, у якім у згодзе і дружбе жывуць прадстаўнікі многіх нацыянальнасцей, канфесій. Мы не разумеем тыя краіны, дзе ўзнікаюць міжнацыянальныя канфлікты. Але імкнёмся дапамагчы разабрацца з праблемай на ўласным прыкладзе. Гэта цэласнасць і адзінства народа, павага адзін да аднаго.

    Удзельнікі і госці свята пазнаёміліся з багаццем традыцый розных народаў, што адлюстраваліся ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, рамёствах, тэматычнай пазнавальнай літаратуры, танцах і вершах, спевах і музіцыраванні на нацыянальных інструментах…

    Другі дом

    Мнагалюдна было ля імправізаваных выставачных павільёнаў дыяспар нашага раёна. Дарэчы, на Маладзечаншчыне зарэгістравана пяць грамадскіх аб’яднанняў – гарадскі аддзел ГА «Саюз палякаў на Беларусі» імя Тамаша Зана, культурна-асветніцкае таварыства ўкраінцаў «Краяны», Беларускае грамадскае аб’яднанне грэкаў «Пелапанэс», гарадское аддзяленне Рэспубліканскага аб’яднання «Русское общество», Маладзечанскае яўрэйскае таварыства.

    — Як вам жывецца ўдалечыні ад радзімы, ці не сумуеце па ёй? – запыталіся карэспандэнты «МГ» у старшыні аб’яднання «Краяны» Леаніда Лысакабылкі.

    — Безумоўна, кожны чалавек сумуе па Бацькаўшчыне. На малой радзіме даводзіцца бываць не часта. Але Беларусь, і ў прыватнасці, Маладзечаншчына, даўно стала маім другім домам. Тут жыву з 1979 года, а з 2003-га ўзначальваю аб’яднанне ўкраінцаў. Мы пастаянна ўдзельнічаем у фестывалях нацыянальных культур. І лічым гэта мерапрыемства не проста цікавым, а неабходным. Яно найперш прапагандуе яднанне народаў.

    Пад эгідай «Русского общества» выстаўку лозапляцення падрыхтаваў народны аматарскі калектыў «Вербачка» Палаца культуры. «Гэты від мастацтва многія лічаць беларускім. На самай справе яно інтэрнацыянальнае», — трапна заўважыла кіраўнік названага аб’яднання Лана Сласцён.

    Малдаўскія яблыкі

    Вылучалася сярод іншых грамадскае аб’яднанне малдаван «Прымэвара» (у перакладзе назва азначае «вясна»), прадстаўнікі якога прыехалі з Дзяржынскага раёна. Вельмі каларытны яго каардынатар – малдаванін з цудоўным пачуццём гумару Васілій Семянюк. Ён даўно прыкіпеў сэрцам да Беларусі, дзе стварыў сям’ю, выгадаваў траіх сыноў з нашай суайчынніцай. Васілій выдатна асвоіў беларускую мову, складае вершы, байкі, любіць спяваць песні. Малдаванін лёгка зацягвае басістым голасам нашу «Як паехаў Сямёнка…». «Гэту кампазіцыю на маім вяселлі спявалі…», — тлумачыць Васілій. «Прымэварай» ён кіруе з 1992 года, наладзіў супрацоўніцтва з Пасольствам Рэспублікі Малдова ў Беларусі. На абласны фестываль нацыянальных культур прадстаўнікі дыяспары прывезлі з сабой сімвалічны пачастунак — малдаўскі сорт яблыкаў, вырашчаных на беларускай зямлі.

    Яркім атрымаўся «Парад караваяў», падрыхтаваны ўдзельнікамі народнага аматарскага аб’яднання нацыянальных культур «Шматгалоссе» Печынскага ГДК Барысаўскага раёна. Яно яднае прадстаўнікоў 12 нацыянальнасцей. Хутка «Шматгалоссе» адзначыць 15-годдзе дзейнасці.

    «Сама сабе дыяспара»

    Самыя авантурныя госці прыехалі з Валожыншчыны. У Дубінскім сельскім цэнтры культуры ёсць «сама сабе дыяспара» — народны гурт народнага гумару «Дубінскія фанабэры». Жыве ён па прынцыпе: салому еш – фасон трымай! Таксама ёсць свой «Дубінскі нацыянальны гімн» і нават валюта, якую на фестывалі выкарыстоўвалі як «хабар-падарунак». Скажам шчыра, прыплацілі «100 дубінак» і журналістам «МГ», каб мы пра гэтых «фанабэраў» напісалі на старонках нашага выдання. А захоўваць гэту «валюту» нібыта лепш за ўсё ў вазонах кактусаў. Ёсць у жартаўнікоў свае «амікдоты» (па-нашаму анекдоты) і парады на ўсе выпадкі жыцця (накшталт калі хочаце мець добрае надвор’е – разганяйце хмары «куфайкамі» альбо купляйце свіней толькі ў нас, бо нашы свінні – на 7 кумпякоў) і «рацэпт» ад усіх хвароб (калі баліць рука, нага, галава – дапаможа чарка гарэлкі з перцам, а калі нічога не баліць, то перац дадаваць не трэба). Салоніца, рэзанка з капустай, камы з шлібабонамі, сельгаснапітак, чамергес, антрэволя –нацыянальныя стравы «фанабэраў».

    Адзіная сям’я

    … Канцэрт «Міншчына – адзіная сям’я» стаў самым яркім момантам мерапрыемства. Аднайменную песню-гімн нашай зямлячкі кампазітара Алены Атрашкевіч на словы Васіля Жуковіча выканала вакальная эстрадная студыя Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Кожная дыяспара — па-свойму яркая, адметная і таленавітая — падрыхтавала святочную праграму ў нацыянальным стылі.

    Журы, у складзе якога былі прадстаўнікі Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Саюза майстроў народнай творчасці і інш., узначаліў народны артыст краіны мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г. Цітовіча, прафесар Міхаіл Дрынеўскі. Як вядома, абласны этап — гэта «пуцёўка» ў фінал: на рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, які па традыцыі ладзіцца ў Гродне. Хто прадставіць на ім Міншчыну, журы паведаміць пазней.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Ірына РАБУШКАМаладзечанская газета
    Теги: 

Комментарии (0)